Гваздзі́к, Гваздзіка[1] (Dianthus) — род адна- ці двухлетніх травяністых раслін сямейства гваздзіковыя. Існуе каля 300 відаў.
У асноўным распаўсюджаны ў Еўропе і Азіі, некалькі відаў сустракаюцца ў Паўночнай Афрыцы і адзін (Dianthus repens) — у прыпалярных частках Паўночнай Амерыкі. Від Dianthus caryophyllus часта вырошчваецца ў якасці дэкаратыўных кветак.
На тэрыторыі Беларусі 10 дзікарослых відаў[2].
Растуць у сухіх барах і шыракалістых лясах, на пясчаных мясцінах, лугах і ў поймах рэк. Гваздзік армерыяпадобны і гваздзік картузіянскі занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Гваздзік Борбаша (лац.: Dianthus borbasii), вузкачашачны (лац.: Dianthus stenocalyx) і пышны (лац.: Dianthus superbus) патрабуюць прафілактычнай аховы.
Шматгадовыя, рэдка аднагадовыя травяністыя расліны і паўкусты з прамастойным, прыўзнятым, простым або галінастым вузлаватым сцяблом. Лісце суцэльнае, супраціўнае, сядзячае, звычайна ланцэтнае, падоўжана-ланцэтнае, лінейнае, шылападобнае, ніжняе часта ў разетцы. Чашачка зрослалістая, пры аснове з лускападобнымі, прыціснутымі прыкветнікамі (характэрная прыкмета роду). Кветкі звычайна буйныя, духмяныя, белыя, зеленаватыя, ружовыя, пурпуровыя і інш., пяцічленныя, адзіночныя, сабраныя ў верхавінкавыя раскідзістыя або шчыльныя суквецці. Плод — каробачка.
Лекавыя, меданосныя, кармавыя і дэкаратыўныя расліны.[6]
Зноскі