Герань бураватая[1], Герань цёмна-бурая, цёмная, сумная (Geranium phaeum) — кветкавая расліна сямейства гераніевых.
Шматгадовая травяністая расліна з вузлаватым, коса ўзыходным або гарызантальным карэнішчам і апушаным кароткімі валаскамі сцяблом вышынёй 40-70 см. Лісце глыбока 5-7-пальчата-раздзеленае на клінападобна-рамбічныя, надрэзана-зубчастыя па краю долі; ніжняе — доўгачаранковае, сярэдняе — кароткачаранковае, верхняе — сядзячае. Кветкі цёмна-бура-фіялетавыя, з 5 крыху адагнутымі адваротнаяйкападобнымі, па краю хвалістымі пялёсткамі і 5 залозкамі-нектарнікамі паміж імі; размешчаны папарна на валасістых кветканожках. Плод — стэрыгма, якая распадаецца на 5 плодзікаў.
Сярэднееўрапейскі рэліктавы горны від. Пашырана ў Сярэдняй, Паўднёвай Еўропе, заходніх раёнах Усходняй Еўропы, на Балканах. На Беларусі Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях. Месцы росту: дубова-грабавыя, грабавыя і вытворныя ад іх бярозавыя лясы кіслічнага і сніткавага тыпаў, прыбярэжныя алешнікі. Расце адзіночнымі экзэмплярамі і невялікімі, зрэдку значнымі групамі.
Цвіце ў траўні-чэрвені, пладаносіць у чэрвені-ліпені. Зацвітае на другі год. Размнажэнне насеннае.
Від Герань бураватая ўваходзіць у род Герань (Geranium) сямейства Гераніевыя (Geraniaceae) парадку Геранекветныя (Geraniales).
Дэкаратыўная расліна.
Зноскі
- Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. Мн.: БелЭн, 1993. ISBN 5-85700-095-5