Глаксінія (Gloxinia) — род кветкавых раслін сямейства геснерыевых. 6 відаў. Пашыраны ў Амерыцы ад Мексікі да Бразіліі. У кветкаводстве пад глаксініяй больш вядомая група гібрыдаў, атрыманых ад відаў блізкага роду сінінгія (Sinningia). На Беларусі іх часта вырошчваюць у пакоях і аранжарэях.
Шматгадовыя травяністыя расліны з пакарочаным сцяблом і клубнямі. Лісце эліпсападобнае, чаранковае, цёмна-зялёнае, сабранае ў разетку. Кветкі буйныя, яркія, званочкавыя, разнастайныя па колеры. Цвіце ў маі-верасні (за сезон на адной расліне ўтвараецца да 50-100 кветак). Плод — шматнасенная каробачка. Прыгожаквітучыя дэкаратыўныя расліны. Размнажаюцца насеннем, сцябловымі і лісцевымі чаранкамі, дзяленнем клубняў.
Зноскі