Градуа́л (лац.: graduale) — у каталіцкай літургіі 1) кніга з грыгарыянскімі спевамі і тэкстамі для імшы; 2) responsorium graduale, рэспансорый, які выконваецца на прыступках амбоны — літургічны музычны жанр.
Градуал як рэспансорны жанр складаецца з харавога рэфрэна (А) і сольнай часткі (В), якая называецца «верш». Гэтыя часткі чаргуюцца па схеме АВА (паўторны спеў А звычайна скарочаны). Тэкст верша бярэцца з псалтыра. Найстаражытнейшыя мелодыі градуалаў напісаныя ў другім (гіпадарыйскім) і пятым (лідыйскім) ладах. Градуал зазвычай багата ўпрыгожаны працяглымі мелізмамі, што патрабуе высокага выканаўчага майстэрства спевакоў.
Старажытныя градуалы як кнігі ўтрымлівалі спевы толькі пропрыя імшы (інтроіт, градуал, аллелюя, аферторый, камуніо). Пазней у градуал таксама сталі дадаваць спевы ардынарыя, якія часам выдаваліся ў асобнай кнізе Kyriale (Kyrie, Gloria, Credo, Sanstus, Agnus Dei, Ite missa est альбо Benedicamus Domino). Найбольш раннія градуалы, якія ўтрымлівалі толькі тэкст без натацыі, датуюцца канцом VIII—IX стагоддзямі. Усе яны апублікаваныя салемскім манахам Р. Эсберам у яго знакамітай анталогіі Antiphonale missarum sextuplex[1]. Самыя раннія натаваныя рукапісы з назвай «градуал» адносяцца да XI стагоддзя. Апошняе аўтарытэтнае выданне рымскага градуала «Graduale triplex» (1979) разам з квадратнай натацыяй мае таксама факсіміле двух нэўмавых арыгіналаў (адсюль назва triplex, што значыць «трайны»).