Граната

Граната М67

Граната (італ.: granata, лац.: granatus — зярністы[1]) — боепрыпас для паражэння жывой сілы і тэхнікі праціўніка ў блізкім баі. Адрозніваюць гранаты: ручныя і для стральбы з гранатамётаў (гранатамётныя стрэлы і вінтовачныя гранаты); процітанкавыя, проціпяхотныя (РГ-42, РГО, РГД-5, РГН, Ф-1), запальныя і спецыяльныя (дымавыя, сігнальныя, асвятляльныя і іншыя).

Гранатамётныя стрэлы маюць калібр 30-112 мм, масу 0,2-5 кг, броніпрабівальнасць да 400 мм і болей. Бываюць з парахавым стартавым зарадам, рэактыўным рухавіком і стабілізатарам.

Проціпяхотныя гранаты падзяляюцца на асколачныя ручныя, асколачныя, асколачна-фугасныя і асколачна-кумулятыўныя гранатамётныя стрэлы. Маса сучасных гранат 0,3-1,2 кг, радыус паражэння фугасных да 20 м, асколасных да 200 м. Гранаты з'явіліся ў 16 стагоддзі, з 17 стагоддзя імі ўзбройвалі спецыяльныя падраздзяленні пяхоты — грэнадзёраў.

Процітанкавыя гранаты — кумулятыўныя ручныя гранаты і гранатамётныя стрэлы. Прабіваюць браніраваныя цэлі накіраваным струменем разрыўнога зарада. Маса 1,1-1,2 кг.

Выкарыстанне ў якасці мін

[правіць | правіць зыходнік]

Ручныя гранаты нярэдка выкарыстоўваюцца ў якасці мін. Для гэтага амаль выдзіраюць чэку, застаецца зусім лёгкі высілак. Потым граната фіксуецца з аднаго боку меркаванага шляху ворага. Да чакі прывязваецца вяроўка ці дрот, яе канец фіксуецца на іншым боку шляху. Вораг, праходзячы па шляху, кранае дрот — чака выдзіраецца, адбываецца выбух. Падобная прылада завецца «расцяжка».

Абарона ад выбуху гранаты

[правіць | правіць зыходнік]

Ручныя гранаты часта выкарыстоўваюцца пры тэрарыстычных актах. Хоць гэта немагчыма прадбачыць, але можна пазбегнуць пашкоджання выбухам ці мінімізаваць яго наступствы.

Выбух гранаты мае форму перавернутага конуса, зона пашкоджання ўдарнай хваляй — шэсць метраў. Пры адсутнасці прыдатнай хованкі ў радыусе трох крокаў, трэба адскочыць як мага далей у бок ад гранаты і зваліцца на зямлю: ступні да выбуху, ногі скрыжаваць, каб абараніць сцегнавыя артэрыі, заціснуць рукамі вушы, локці прыціснуць да цела, адкрыць рот (каб зраўнаваць ціск). Трэба помніць, што ва ўмовах горада дадатковую небяспеку можа ўяўляць навакольнае становішча: адломкі сцен, аскепкі вокнаў ці вітрын могуць быць дадатковымі фактарамі пашкоджанняў.

Зноскі

  1. Слоўнік іншамоўных слоў : у 2 т. / А. М. Булыка. — Мінск : БелЭн, 1999.  — Т. 1 : А—Л. — 1999. — С. . — 736 с. — ISBN 985-11-0152-4, С.399