Аднагадовая, часам двухгадовая травяністая расліна вышынёй 30—100[1] см. Корань расліны тонкі, верацёнападобнай формы. Сцябло прамастойнае, рабрыстае, пустое ў сярэдзіне, са слабым шызым налётам. Лісце чаргаванае, буйное, двойчы- і тройчыперыстае. Зверху лісце бліскучае, цёмна-зялёнае, знізу — святлейшае. Ніжняе лісце на чаранках, верхняе — сядзячае, з расшыранымі похвамі. Кветкі белага колеру, часам чырванаватыя, у складаных парасоніках на доўгіх кветаносах. Пялёсткаў — 5. Плод — віслаплоднік, які пры выспяванні распадаецца на 2 палавінкі (мерыкарпіі).