Кампо́ст (ад лац.: composita «злучэнне») — арганічнае ўгнаенне, атрыманае ў працэсе біядэградацыі рэчываў расліннага або жывёльнага паходжання.
Кампост выкарыстоўваюць для паляпшэння структуры глебы і мульчавання. У нашы дні вытворчасць кампоста набывае асаблівую важнасць у сувязі з папулярызацыяй арганічнай сельскай гаспадаркі і праблемамі ўтылізацыі адыходаў чалавечай дзейнасці.
Ужо прадстаўнікі ранніх земляробчых культур ведалі, што землі, багатыя на дэградаваныя арганічныя рэчывы, маюць высокую ўрадлівасць. Так, неалітычныя земляробы Шатландыі стваралі палеткі на месцах старых сметнікаў, куды з часоў мезаліту выкідвалі пабытовыя адыходы[1]. Індзейцы Амазоніі штучна стваралі так званую «тэра прэта», дзе рэгулявалі баланс паміж кампанентамі, што ўтрымоўвалі азот і вуглярод. Ранейшы вядомы запіс аб вытворчасці кампоста быў пакінуты ў перыяд Акада каля 2300 г. да н. э. У эпоху Асветніцтва эксперыментамі з кампаставаннем займаўся Джордж Вашынгтон[2].
Навуковае вывучэнне кампаставання пачалося толькі ў XX ст. Адным з першых вучоных, які пачаў даследаванні ў гэтай сферы, быў брытанскі батанік, прыхільнік арганічнай сельскай гаспадаркі Альберт Ховард. Ён лічыў, што хваробы раслін і жывёл паходзяць ад нездаровых глеб. Падчас працы ў Індыі ў 1924—1931 гг. А. Ховард распрацаваў індаўрскі метад кампаставання ў капцах[3]. Адначасова ў Італіі і Нідэрландах пачаліся распрацоўкі механізаваных метадаў вытворчасці кампоста. У другой палове 1920-х гг. навуковыя публікацыі пра кампаставанне таксама з’явіліся ў БССР і Заходняй Беларусі. У пазнейшы час выкарыстанне кампоста стала важным элементам развіцця буйной і дробнай сельскай гаспадаркі.
Вытворчасць кампоста заснавана на працэсах, падобных тым, што адбываюцца ў глебе, калі мае месца біялагічная дэградацыя рэчываў расліннага або жывёльнага паходжання пад уздзеяннем мікраарганізмаў, грыбоў і некаторых жывёл накшталт земляных чарвякоў. Аднак пры штучным кампаставанні працэсы дэградацыі і ператварэння ў перагной ідуць больш імкліва, чым у прыродзе. Гэта эфектыўна забяспечваецца пры вільготнасці кампанентаў 60 — 80 %, пры аптымальных суадносінах вугляроду і азоту 20-30:1[4]. Багатыя азотам кампаненты (гной, трава, зялёнае лісце і г. д.) хутка раскладаюцца і вылучаюць цяпло. Багатыя вугляродам кампаненты (пілавінне, салома, папера, сухія галінкі і лісце, торф) раскладаюцца павольней, забяспечваюць рыхласць і ўтрымліваюць вільгаць[5]. Акрамя таго, у кампост кладуць нейтральныя карысныя кампанентыі і біялагічныя актыватары, як натуральнага паходжання (гной, глеба, дрожджы і г. д.), так і спецыяльныя прэпараты.
Для вытворчасці кампоста выкарыстоўваюць яміны, капцы, скрыні, кантэйнеры, непразрыстыя пластыкавыя пакеты[6][7][8] і інш. Існуюць розныя спосабы кладкі кампанентаў: зборныя, папластовыя, раздробненыя. Яны павінны забяспечыць вытворчасць найбольш адпаведнай колькасцю вільгаці, кісларода, цяпла, аптымальнымі суадносінамі шчолачаў і кіслот. Для атрымання кампоста шырока практыкуюцца такія метады, як[9]:
Кампаставанне ўключае 3 асноўныя стадыі без выразнага моманту пераходу адной стадыі ў іншую[10]:
На першай стадыі тэмпература раскладаемых кампанентаў дасягае 60 °C — 70 °C. Пры гэтым адбываецца дэградацыя большасці пакладзеных у кампост кампанентаў дзякуючы аэробным бактэрыям. Яны патрабуюць вялікай колькасці кіслароду. Яго недахоп адмоўна ўплывае на хуткасць дэградацыі і назапашванне карысных рэчываў. З падвышэннем тэмпературы падвышаецца ўзровень pH. На другой стадыі тэмпература трымаецца каля 25 °C — 45 °C. З паніжэннем тэмпературы паніжаецца ўзровень pH, актывізуюцца грыбы. На стадыі паспявання адбываецца мінералізацыя пажыўных рэчываў, назапашванне перагнойных кіслот і антыбіётыкаў, кампост засяляюць чарвякі, аб’ём кампоста складае толькі палову ад першапачатковага.
Кампост — надзвычай эфектыўнае арганічнае ўгнаенне, паколькі ў працэсе вытворчасці дазваляе ўкладаць кампаненты для стварэння элементаў, якіх не хапае для ўрадлівасці мясцовым глебам. У адрозненні ад большасці іншых угнаенняў кампост не раствараецца і не распадаецца пасля ўнясення, паступова ўзбагачае глебу, робіць яе друзлай, пранікальнай для паветра, утрымлівае вільгаць. Кампост можа ўносіцца пад усе віды раслін у любой колькасці[11], ён не выклікае эфекта «перакормлівання».
Кампост у якасці мульчы дае ўсе перавагі, характэрныя для мульчавання, разам з гэтым у працэсе паліву стала ўзбагачае глебу азотам і вугляродам[12].
У 1962 г. у Германіі быў вынайдзены метад вырошчвання раслін на «гарачых градах» (ням.: Hügelkultur)[13], калі кампост, што ўтрымоўвае вялікую колькасць драўніны і іншых вугляродзістых кампанентаў, на стадыі падвышэння тэмпературы памяшчаецца пад слой глебы.
Кампост выкарыстоўваецца для сілкавання лічынак мухі Hermetia illucens[14], якую вырошчваюць на корм рыбам, паўзунам, птушкам, свінням і іншым жывёлам.
Тэхналогіі кампаставання ўжываюцца ў санітарна-гігіенічных мэтах. Кампостным завецца сухі туалет з аддзяленнем асобна для ўрыны і фекаліяў[15]. Малая вільгаць фекалій забяспечвае адсутнасць непрыемных пахаў і развіцця небяспечных мікраарганізмаў. Замест вады для смыву фекаліі перасыпаюцца пілавіннем, драўняным попелам ці грунтам для далейшага пераўтварэння ў кампост. Асобна сабраная ўрына вытрымліваецца на працягу паўгода, а потым выкарыстоўваецца як каштоўнае ўгнаенне.
Арганічныя рэчывы, пераважна рэшткі харчу і фекаліі, складаюць вялікую долю адыходаў чалавечай жыццядзейнасці. Згодна даследчыкам з Мічыганскага ўніверсітэта, у ЗША толькі харчовыя адыходы складаюць 15,1 % цвёрдых побытавых адыходаў[16]. У масавых сметніках ствараюцца ўмовы для развіцця анаэробных арганізмаў, якія падаўжаюць хуткасць раскладання і вылучаюць метан.
Для вырашэння праблемы забруджвання навакольнага асяроддзя смеццем прапануюцца скарачэнне адыходаў, іх паўторнае выкарыстанне і перапрацоўка. Кампаставанне арганічнага смецця можа вырашыць усе гэтыя задачы і забяспечыць каштоўным угнаеннем[17]. Пры складаным кампаставанні магчыма перапрацоўка смецця разам з фекальным глеем і асадкамі сцёкавых вод[18]. У розных краінах праблема вырашаецца або на індывідуальным узроўні, калі прапануецца хатняе кампаставанне арганічнага смецця, або ў прамысловых маштабах. Так, у Італіі ў 2018 г. кампаставалася каля 20 % адыходаў[19]. У краінах ЕС атрыманы такім чынам кампост сертыфікуецца, зыходная сыравіна вызначае магчымасць яго далейшага ўжывання[20].
Кампост на Вікісховішчы |