Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||||||
Кан (фр.: Caen) — горад і камуна на паўночным захадзе Францыі, сталіца рэгіёна Ніжняя Нармандыя і прэфектура (адміністрацыйны цэнтр) дэпартамента Кальвадос. Дэвіз горада — «адзін Бог, адзін Кароль, адна Вера, адзін Закон» (Un Dieu, un Roy, une Foy, une Loi). Насельніцтва — 114 тыс. чалавек (1999).
Кан размешчаны на берагах ракі Орн, прыкладна за 10 км ад таго адрэзка ўзбярэжжа праліва Ла-Манш, які мае сярод турыстаў мянушку «Нармандскай Швейцарыі». З портам Уістрэам на беразе Ла-Манша яго злучае пракладзены на загад Напалеона III марскі канал. Па тэрыторыі горада таксама працякае мноства дробных рэк, галоўным чынам забраных у калектары.
Першыя весткі пра Кан належаць да часу кіравання герцагаў нармандскіх, адзін з якіх, Вільгельм Заваёўнік, зрабіў Кан сваёй сталіцай. На працягу ўсёй сваёй гісторыі Кан падзяляў лёс Нармандыі; у 1204 годзе разам з ёю перададзены Іаанам Беззямельным французскай кароне. У 1346 годзе англічане ўзялі яго прыступам; канчаткова вярнуўся да Францыі горад толькі ў 1450 годзе. У 1432 годзе Джон Ланкастэрскі, герцаг Бедфард заснаваў Канскі ўніверсітэт, які за сваю гісторыю не раз закрываўся і аднаўляў працу (у сучасным выглядзе — з 1957 года).
Да адмены Нанцкага эдыкта ў 1685 годзе большасць насельніцтва Кана складалі гугеноты. У гады Вялікай Французскай рэвалюцыі горад далучыўся да жырандыстаў. Бітва за Кан улетку 1944 года зруйнавала старажытны горад. Старадаўняя забудова на дзве трэці загінула. У 1948—1962 гадах паводле плана Маршала будуецца сучасны горад з прамысловымі і зялёнымі зонамі.