Караве́ла[1] (ад італ.: Caravella) — марское ветразевае судна з 3—4 мачтамі, адной палубай, высокімі бартамі і надбудовамі на карме і носе. Было распаўсюджана ў XIII—XVII стагоддзях у краінах Міжземнамор’я[1][2].
У XII стагоддзі каравеламі называлі невялікія партугальскія рыбалоўныя судны, а пазней гэта назва была перанесена на гандлёвыя судны сярэдняй велічыні — двухмачтавыя з лацінскімі ветразямі. З часам лацінскі ветразь на фок-мачце замянілі прамым. Відавочна, пры стромкім бейдэвіндзе больш падыходзілі лацінскія ветразі, а пры поўных курсах — прамыя. Каравеламі карысталіся таксама партугальскія канкістадоры. З XV стагоддзя каравела стала больш мараходной, яе водазмяшчэнне павялічлася да 200—400 тон, даўжыня 15—35 м, шырыня 4,3—9 м, асадка 2—4 м[3].
Мараходныя якасці каравелы, у параўнанні з суднамі, што былі ў той час, былі значна вышэйшымі. Хуткасць ходу дасягала 14—15 вузлоў. Па сведчанні аднаго марака XV стагоддзя[крыніца?] «каравелы выдатна лавіравалі, паварочваючыся да ветру то адным, то іншым бортам, быццам у іх былі вёслы». Асаблівае значэнне мелі лёгкасць і манеўранасць каравелы ва ўмовах акіянскіх плаванняў ля невядомых і слаба абследаваных берагоў. Першапачаткова каравелы былі лёгкімі аднапалубнымі караблямі водазмяшчэннем у 50—70 тон, даўжынёй 15—25 метраў, з трыма або чатырма мачтамі і лацінскімі ветразямі. Адносна высокія мачты і наяўнасць бушпрыта дазволілі павялічыць плошчу ветразяў ўдвая, што, натуральна, адбілася на павелічэнні хуткасці ходу. Лацінскія ветразі на касых рэях грот-мачтах і бізань-мачтах дазвалялі суднам хадзіць крута да ветру. Толькі фок-мачта несла чатырохвугольны прамы ветразь. Удала была вырашана і канструкцыя корпуса каравелы.