Дрэва да 20-25 м вышынёй і да 1 м у дыяметры, з шырокай яйцападобнай або круглявай кронай і шэрай патрэсканай карой. Маладыя парасткі аліўкава-зялёныя або бураватыя да фіялетавых, бліскучыя, голыя, з шэрым налётам. Бакавыя пупышкі прыціснутыя, яйцападобныя або круглявыя, 3-7 мм даўжынёй. Лісце складанае, непарнаперыстае, з 3-9 яйцападобнымі, авальнымі або прадаўгаватымі лісточкамі, 5-10 см даўжынёй, на верхавіне завостранае і да асновы звужанае, па краі зубчастае; верхні лісточак часта трохлопасцевы; зверху і знізу лісце светла-зялёнае.
Расліна двухдомная. Кветкі жаўтлява-зялёныя, звычайна без вянца, песцікавыя — у доўгіх павіслых гронках ля асновы парасткаў апошняга года; тычынкавыя — пучкамі ў пазухах лісця, тычынкі доўгія. Двухкрылаткі разыходзяцца пад вострым вуглом, насенныя гнёзды верацянопадобна ўздутыя, крыло ў насеннага гнязда звужанае, а затым пашыранае, з загнутым верхнім краем. Плады 2,5-5 см даўжынёй, выспяваюць увосень.
У Еўропу быў завезены разам з многімі іншымі амерыканскімі раслінамі ў XVII ст. і ўпершыню зарэгістраваны ў Англіі ў 1688 годзе. Сфарміраваў на тэрыторыі Еўразіі шырокі другасны арэал. На Беларусі сустракаецца па ўсёй тэрыторыі, месцамі ўтварае значныя зараснікі; у поймах рэк Заходні Буг, Мухавец, Прыпяць вядомы монадамінантныя згуртаванні. Праяўляе інвазійныя ўласцівасці, гэта значыць выйшаў з-пад кантролю чалавека і хутка распаўсюджваецца; здольны наносіць істотную шкоду, у тым ліку біяразнастайнасці[2].
Вельмі актыўны і рухомы, валодае высокай хуткасцю росту і ўстойлівы да забруджвання паветра. Пасяляецца ў наваколлях гарадоў і пасёлкаў спачатку на парушаных месцах, але неўзабаве ўкараняецца і ў прыродныя супольнасці. Працэс рассялення ідзе параўнальна хутка, бо ў стадыю плоданашэння ён уступае ўжо ва ўзросце 6-7 гадоў, і змена яго пакаленняў адбываецца хутчэй, чым у іншых відаў дрэў. Недаўгавечны.