Кітайцы | |
---|---|
Саманазва | 漢族 або 汉族 |
Рассяленне | 1 229 065 тыс. у КНР,, 22 652 тыс. Кітайскай рэспубліцы |
Этнічныя мовы | кітайская |
Традыцыйныя рэлігіі (канфесіі) | культ продкаў, будызм, даасізм, канфуцыянства |
Геаграфічна-моўная група | Сіна-Тыбецкія народы[d] |
Блізкія этнасы | тыбетцы, бірманцы, качыны, бай |
Кіта́йцы (кіт. 漢族 або 汉族 «хань») — найбуйнейшы па колькасці народ на Зямлі (19 % агульнага насельніцтва), найбуйнейшая этнічная група Кітайскай Народнай Рэспублікі (1 229 065 тыс., 91,5 % ад усяго насельніцтва ў 2012 г.)[1] і Кітайскай рэспублікі (22 652 тыс. чал., 98 % ад ўсяго насельніцтва ў 2012 г.)[2]. Буйныя групы кітайцаў таксама жывуць у іншых краінах — Сінгапуры, Малайзіі, Таіландзе, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Інданезіі, Філіпінах і г. д.
Слова Хань бярэ пачатак ад дынастыі Хань, якая змяніла дынастыю Цынь, якой удалося аб’яднаць увесь Кітай. Назва дынастыі паходзіць ад назвы ракі Ханьшу ў цэнтральнай частцы Кітая, у якой жылі заснавальнікі дынастыі Хань. Таксама гэта слова ў Старажытным Кітаі, асабліва ў класічнай кітайскай літаратуры, можа азначаць Млечны шлях, бо самі ханьцы звалі сваю краіну Нябеснай ракой або Паднябеснай.
У часы праўлення дынастый Цынь і Хань плямёны, якія засялялі Кітай, пачалі адчуваць сябе часткай адзінага народу. Акрамя таго, час праўлення дынастыі Хань лічыцца вышэйшай кропкай росквіту старажытнакітайскай цывілізацыі. У гэты час яго ўплыў распаўсюдзіўся на Цэнтральную і Паўночна-Усходнюю Азію, а па тэрыторыі і насельніцтву Старажытны Кітай мог супернічаць з Рымскай імперыяй.
Назвы Кітай і кітайцы ў Еўропе распаўсюдзіліся ў познім сярэднявеччы, паходзілі ад наймення племені кіданяў.
На Беларусі кітайцы з’явіліся ў пач. XX ст. у выніку інтэрніравання ў гады Руска-Японскай вайны. У 1926 г. у БССР налічвалася 119 кітайцаў, прычым 58 з іх жылі ў Віцебскай акрузе. У 1928 г. у наваколлях Віцебска была створана кітайская сельскагаспадарчая арцель (пазней калгас). Кітайцы прымалі ўдзел у Віцебскім патрыятычным падполлі падчас II Сусветнай вайны.[3]
У сучаснай Беларусі кітайцы ўяўляюць малую этнічную групу, аднак іх колькасць стала расце. Калі ў 1999 г. іх налічвалася 75 чал., то ў 2009 г. — 1642 чал.[4]