Лаўрэ́нцьеўскі ле́тапіс — летапісны звод, помнік старажытнарускага летапісання. Захаваўся ў адзіным спісе, перапісаным на пергаменце ў 1377 манахам Лаўрэнціем, ад яго імя летапіс і атрымаў назву, ва ўладзімірскім Раждзественскім манастыры для суздальскага князя Дзмітрыя Канстанцінавіча.
У складзе ЛЛ — Аповесць мінулых гадоў (найбольш поўны тэкст[1]) (даведзена да 1116) і летапісныя артыкулы, даведзеныя да 1305. Летапіс змяшчае спісы твораў Уладзіміра Манамаха, уключаныя ў артыкул 1096. Першапачаткова летапісам апісваліся падзеі Русі, затым, на працягу XII ст., асноўнай тэмай летапісных артыкулаў становіцца жыццё Уладзіміра на Клязьме. Некаторыя перыяды (898 - 922, 1263 - 1283, 1288 - 1294) не асветленыя летапісам. З пачатку XIII ст. вялікая ўвага нададзена Растоўскаму княству.
ЛЛ з'яўляецца адной з найкаштоўнейшых крыніц па гісторыі паўночна-ўсходняй Русі XII ст. ЛЛ паўплываў і на пазнейшыя летапісы — Троіцкі, Наўгародска-Сафійскі збор і інш. Да пачатку XVIII ст. захоўвалася ў Раждзественскім манастыры ва Уладзіміры на Клязьме. У 1792 куплены графам Мусіным-Пушкіным, які пазней падарыў яго Аляксандру I. Імператар перадаў летапіс у Публічную бібліятэку, якая зараз завецца Расійскай нацыянальнай бібліятэкай, дзе рукапіс захоўваецца па сённяшні дзень. Упершыню поўнасцю апублікаваны ў 1846 у Поўным зборы рускіх летапісаў (том 1).