Лесапільня[1], таксама лесапільны завод, тарта́к — прадпрыемства першаснай перапрацоўкі леса на піламатэрыялы ў сістэме лесанарыхтоўчай прамысловасці.
Найстарэйшая ў свеце лесапільня, датаваная 2-й паловай III стагоддзя, была знойдзена ў горадзе Іерапалі Рымскай імперыі. Яна мела прывад ад вадзянога кола, пры дапамозе якога праз корбы і шатуны прыводзіліся ў рух дзве піларамы[2].
У Еўропе лесапільні атрымалі шырокае распаўсюджанне з XVI стагоддзя, а ў 1593 годзе быў атрыманы патэнт на лесапільныя механізмы[3].
Спачатку пільні ўладкоўваліся ў лесе, непасрэдна на месцы здабычы драўніны. Атрыманыя матэрыялы перавозіліся да месца прызначэння на калёсах, запрэжаных канямі, а ўзімку — на санях, якія цягнулі валы. Па меры развіцця лесанарыхтоўчай прамысловасці, пільні станавіліся больш пастаяннымі прадпрыемствамі, размешчанымі на рэках, адкуль гатовыя вырабы перамяшчаліся на плытах[4].
Наступнае развіццё лесапільняў адбылося ў сувязі з індустрыяльнай рэвалюцыяй у XVII—XVIII стагоддзях. Дзякуючы вынаходніцтву дыскавай пілы павялічыліся прадукцыйнасць і якасць піламатэрыялаў, якія дагэтуль распілоўваліся ўручную[5].
Узнікненне парасілавай устаноўкі ў XIX стагоддзі дазволіла ствараць лесапільні паводдаль ад рэк, да таго ж адыходы драўніны забяспечылі крыніцу паліва для паравых катлоў[4].
У XX стагоддзі дзякуючы прымяненню электрычнасці і інфармацыйных тэхналогій, лесапільні пераўтварыліся ў буйныя заводы і фабрыкі, дзе большасць працэсаў працы аўтаматызавана. Нягледзячы на гэта, працягваюць дзейнічаць дробныя прыватнаўласніцкія пільні, якія спецыялізуюцца на канкрэтным тыпе прадукцыі.
Развіццё лесанарыхтоўчай прамысловасці ў Беларусі пачалося ў 2-й палове XIX стагоддзя, што адбылося дзякуючы змяненню эканамічных зносін і развіццю чыгункі, якая прыйшла на змену традыцыйнаму плытагонству.
На тэрыторыі Слуцкага павета напярэдадні Кастрычніцкай рэвалюцыі працавала 38 прадпрыемстваў, большую частку з якіх складалі лесанарыхтоўкі. Асноўнымі яе галінамі з’яўляліся выраб драўлянага вугалю і паташу, выганка дзёгцю і смалакурэнне. Размяшчэнне падобных прадпрыемстваў часта абумоўлівалася жаданнямі іх гаспадароў несці мінімальныя транспартныя выдаткі, таму лесапільні часта ўзнікалі ў лясах, на ўзлесках, ва ўрочышчах[6].
Некаторыя паселішчы ўзніклі на месцы колішніх месцаў лесанарыхтоўчай прамысловасці, што адлюстравана ў такіх тапонімах, як Паташня, Дзегцяры, Смалярня, Смалакурны Завод і іншых[7].
Назва | Месцазнаходжанне | Гады існавання | Апісанне |
---|---|---|---|
Бабруйскія лесапільныя заводы | Бабруйск, Бабруйскі павет, Мінская губерня | 1892—1914 | Дзейнічала ўсяго 10 заводаў. Выкарыстоўваліся лакамабілі, паравыя катлы і рухавікі. Выраблялі струганы лес, дошкі, гонты, драніцу, мэблю і іншае. Працавалі па 12-59 і больш рабочых (ад 194 у 1913). |
Бароўскі лесапільны завод | Бароўка, Клімавіцкі павет, Магілёўская губерня | 1902—1914 | У 1908 годзе працавала 140 чалавек, у 1910—150 чалавек. Выраблялі бочкі, дошкі, клёпкі, дранку (гонту)[8]. |
Крывенскі лесапільны завод | урочышча Крывое каля маёнтка Раманаўка, Рэчыцкі павет, Мінская губерня | 1908—1914 | Належала «Таварыству распрацоўкі лесу». Вырабляла дошкі, брусы, фрызы з дрэва цвёрдых лісцевых парод. Мела паравы рухавік (40 к.с.). У 1913 годзе працавала 50 чалавек. |
Бабруйскія лесапільныя заводы | Бабруйск, Бабруйскі павет, Мінская губерня | 1892—1914 | Дзейнічала ўсяго 10 заводаў. Выкарыстоўваліся лакамабілі, паравыя катлы і рухавікі. Выраблялі струганы лес, дошкі, гонты, драніцу, мэблю і іншае. Працавалі па 12-59 і больш рабочых (ад 194 у 1913). |
Лесапільня Лур’е і Памеранц | Глуша, Бабруйскі павет, Мінская губерня | 1908—1913 | Вырабляла дошкі, гонту, клёпкі. Мела паравы рухавік. У 1908 годзе на лесапільні працавала 50 чалавек, выраблена прадукцыі на 122000 рублёў. |
Лесапільня Патрыкеева | Глуша, Бабруйскі павет, Мінская губерня | пач. ХХ ст. | Вырабляла шпількі, верацяно, іншую прадукцыю. У 1908 годзе выраблена прадукцыі на 2000 рублёў, працаваў лакамабільны рухавік, 5 рабочых. |
Любянецкая лесапільня | маёнтак Любянец, Слуцкі павет, Мінская губерня | 1900—1913 | Працавала больш за 20 рабочых. Меўся паравы рухавік[6]. |
Слонімскі лесапільны завод | Слонім, Слонімскі павет, Гродзенская губерня/Навагрудскае ваяводства | 1896—1946 | Вырабляў дошкі, брусы. У 1913 годзе меў паравую машыну. На заводзе працавала каля 50 чалавек[9]. |
Старасельскі лесапільны завод | Старое Сяло, Мінскі павет, Мінская губерня | 1884—1914 | Вырабляў дошкі і іншыя піламатэрыялы. Меў паравую машыну. У 1884—1889 гадах працавала ад 16 да 135 чалавек. |
Старэўскі лесапільны завод | Старэва, Бабруйскі павет, Мінская губерня | 1897—? | Працавала ўсяго 35 рабочых, акрамя паравога рухавіка меўся лакамабіль. 9 сакавіка 1905 года адбылася забастоўка рабочых, якія патрабавалі паляпшэння ўмоў працы[6]. |
Ялізаўскі лесапільны завод | Ялізава, Бабруйскі павет, Мінская губерня | 1901—1916 | Вырабляў дошкі з хвойных і паркет з цвёрдых лісцевых парод. У 1910 г. меў 2 паравыя машыны, працавалі 52 чал. Частка дошак ішла на Ялізаўскі шклозавод |