Лятучы ўніверсітэт (польск.: Uniwersytet Latający) — польскія падпольныя адукацыйныя[1] ініцыятывы[2], якія дзейнічалі: за часам Расійскай імперыі ў 1885—1905 гадах — у Варшаве, а потым адноўленым чынам у перыяд 1977—1981 гадоў — у Польскай Народнай Рэспубліцы.
Мэтай стварэння гэтай і падобных інстытуцый было прадстаўленне польскай моладзі магчымасці атрымоўваць адукацыю ў рамках нацыянальнай навуковай традыцыі, непадкантрольную ідэалагічным устаноўкам дзеючых уладаў. У XIX стагоддзі такога кшталту ініцыятывы адыгралі важную ролю ў нацыянальным памкненні супрацьстаяць палітыцы германізацыі і русіфікацыі пазбаўленай сваёй дзяржаўнасці Польшчы, якую здзяйснялі германскія і расійскія ўлады[3]. За часам камуністычнай Польскай Народнай Рэспубліцы Лятучы ўніверсітэт даваў магчымасць атрымоўваць адукацыю па-за дзяржаўнай цэнзурай і кантролем[4].
Пасля Напалеонаўскіх войн польскія землі яшчэ цягам стагоддя былі падзелены паміж і знаходзіліся пад уладай трох суседніх дзяржаў: Расійскай імперыі, Каралеўства Прусія (з 1871 года — Германскай імперыі) і Аўстрыйскай імперыі (з 1867 года — Аўстра-Венгерскай імперыі). Становішча палякаў на тэрыторыях, падкантрольных Расіі і Прусіі, паступова пагаршалася — у прыватнасці, у расійскай частцы першапачаткова ўмераная нацыянальная палітыка была перагледжана пасля адбыўшыхся паўстанняў, накіраваных на звяржэнне расійскага панавання: Лістападаўскага паўстання (1830—1831) і Студзеньскага паўстання (1863—1864). У выніку паразаў гэтых паўстанняў нацыянальная аўтаномія, існаваўшая ў выглядзе Царства Польскага ў складзе Расійскай імперыі, спачатку была абмежавана (1831), а пасля канчаткова скасавана (1865)[3].
У становішчы ўзмацнення палітыкі германізацыі і русіфікацыі для палякаў стала больш складаным атрымоўваць польскую адукацыю ўніверсітэцкага ўзроўню[3]. Акрамя таго, як і амаль паўсюль у тагачаснай Еўропе, у Расійскай імперыі існавалі вялікія абмежаванні ў атрыманні вышэйшай адукацыі для жанчын[5], а магчымасць выкладання або даследавання ў пэўных сферах (такіх, напрыклад, як польская мова, каталіцызм і гісторыя Польшчы) вагалася ад цяжкага да падзабароннага[3][6][7].
У адказ на такую палітыку[3][8] і натхнёныя рухам Варшаўскага пазітывізму[9], пачынаючы з 1882 года, у прыватных дамах Варшавы пачалі праводзіцца тайныя адукацыйныя курсы. Спачатку гэта была серыя заканспіраваных курсаў для жанчын, дзе сярод першых выкладчыкаў былі: Юзаф Сямашка, Станіслаў Норблін, Пётр Хмялёўскі і Уладзіслаў Смаленскі .
У 1885 годзе, дзякуючы намаганням адной з слухачак курсаў Ядвігі Шчавінскай[10] (таксама вядомая як Зоф'я Шчавінская[11]), разрозненныя адукацыйныя групы былі аб'яднаныя ў адзіны, нефармальны, нелегальны і тайны ўніверсітэт, даступны для абодвух палоў[10], які атрымаў назву «Лятучы ўніверсітэт» — праз тое, што курсы былі раскіданы па ўсім горадзе і часта мянялі сваё месцазнаходжанне, каб прадухіліць выкрыццё расійскімі ўладамі месцаў правядзення заняткаў і арышт выкладчыкаў і студэнтаў[10][11]. Плата, якая збіралася са слухачоў (у памеры 2—4 рублёў), выкарыстоўвалася дзеля ўзнагароджання выкладчыкаў, а таксама стварэння тайнай бібліятэкі. Навучальная праграма Лятучага ўніверсітэта была разлічана на 5—6 гадоў па 8—11 гадзін заняткаў цягам тыдня і была падзелена на чатыры асноўныя дысцыплінарныя блокі: грамадскія навукі, педагогіка, філалогія і гісторыя, натуральныя навукі.
Сярод выкладчыкаў універсітэта былі найлепшыя на той час польскія навукоўцы[11]: гісторыкі — Уладзіслаў Смаленскі і Тадэвуш Корзан, літаратуразнаўцы — Браніслаў Хлябоўскі , Ігнаці Хшаноўскі , Зоф'я Дашынская-Галінская[12] і Пётр Хмялёўскі , філосафы — Ян Уладзіслаў Давід і Адам Марбург , сацыёлаг — Людвік Кшывіцкі , біёлаг — Юзаф Нусбаўм-Гіляровіч[13].
За двадцать гадоў існавання ўніверсітэта ў яго курсах узялі ўдзел каля 5000 жанчын і тысячы мужчын. У ліку найбольш вядомых слухачоў універсітэта — будучая лаўрэат Нобелеўскай прэміі Марыя Складоўская-Кюры[3][13]; сярод іншых знакамітых студэнтаў — Зоф’я Налкоўская і Януш Корчак[10].
Каля 1905—1906 года Лятучы ўніверсітэт атрымаў магчымасць распачаць легальную дзейнасць і быў пераўтвораны ў Таварыства навуковых курсаў (польск.: Towarzystwo Kursów Naukowych)[13]. Так сталася шмат у чым дзякуючы таму, што ўлады краін, якія ў свой час падзялілі паміж сабой Польшчу, у чаканні непазбежнай вайны паміж сабой пачалі дамагацца лаяльнасці палякаў[3].
Каля 1918—1919 года, калі Польшча аднавіла сваю незалежнасць як Другая Рэч Паспалітая, Таварыства навуковых курсаў было пераўтворана ў прыватны ўніверсітэт — Польскі вольны ўніверсітэт (польск.: Wolna Wszechnica Polska)[13]. У 1927 годзе ў Лодзі быў адкрыты філіял гэтага ўніверсітэта.
Падчас Другой сусветнай вайны, калі Польшча апынулася пад акупацыяй нацысцкай Германіі і палякам было забаранена наведваць курсы ўніверсітэцкага ўзроўню, многія выкладчыкі выкарыстоўвалі досвед колішняга Лятучага ўніверсітэта пры арганізацыі сістэмы падпольнага выкладання для польскай моладзі.
Пасля Другой сусветнай вайны Польскі вольны ўніверсітэт так і не ўзнавіў сваю дзейнасць у Варшаве і фармальна спыніў сваё існаванне ў 1952 годзе, пры гэтым яго філіял у Лодзі паслужыў асновай для ўтварэння ў 1945 годзе Лодзінскага ўніверсітэта.
У часы камуністычнага панавання ў Польскай Народнай Рэспубліцы, калі вучэбная праграма стала выкарыстоўвацца ў якасці палітычнага інструмента і шмат што з польскай гісторыі было падвергнута цэнзураванню ў спробе «сцерці» ўзгадванні пра польска-расійскія канфлікты (у прыватнасці, пра такія падзеі, як Польска-савецкая вайна, Катынскі растрэл, Бітва пад Прагай і г. д.)[14], традыцыя падпольнага Лятучага ўніверсітэта была адроджана ізноў: спачатку — у выглядзе Таварыства Польскага вольнага ўніверсітэта (польск.: Towarzystwo Wolnej Wszechnicy Polskiej), якое пачало дзейнасць у Варшаве ў 1957 годзе, а двума дзесяцігоддзямі пазней — у выглядзе адукацыйных ініцыятыў, атрымаўшых гістарычныя назвы: Лятучы ўніверсітэт (1977) і Таварыства навуковых курсаў (1978), дзейнасць якіх была падтрымана польскімі дысідэнтамі: Стэфанам Амстэрдамскім , Анджэем Цэлінскім , Богданам Цывінскім , Альдонай Яўлоўскай , Янам Келяноўскім , Анджэем Кіёўскім , Тадэвушам Мазавецкім, Войцахам Астроўскім .
Шмат хто з удзельнікаў гэтых падпольных інстытуцый пацярпелі ў выніку пераследу з боку польскай міліцыі, мелі месца інцыдэнтамі, такія як калі бачнага дысідэнта Яцэка Куроня скінулі ўніз з лесвіцы або калі з падачы міліцыі злачынцамі была абрабавана яго кватэра. Нягледзячы на ціск, падпольныя адукацыйныя курсы працягвалі сваю дзейнасць ажно да ўвядзення ваеннага становішча ў Польшчы ў 1981 годзе, мэтай чаго хоць і было задушэнне руху «Салідарнасць», але гэта таксама спыніла і дзейнасць падпольнай адукацыі.
Пасля мірнай перамогі «Салідарнасці» па выніках парламенцкіх выбараў 1989 года, мэты, якія ставіліся ў дзейнасці ў тым ліку і другога Лятучага ўніверсітэта (вызваленне польскай адукацыі ад кантролю і цэнзуры камуністычнай партыі), былі ўрэшце дасягнуты.