Дэмакратыя |
---|
Каштоўнасці |
Тэорыя |
Разнавіднасці |
Ліберальная дэмакратыя з'яўляецца прававой дзяржавай, пабудаванай на аснове прадстаўнічай дэмакратыі, у якой воля большасці і здольнасць выбраных прадстаўнікоў ажыццяўляць уладу абмежаваны ў імя абароны правоў меншасці і свабод асобных грамадзян.
Ліберальная дэмакратыя ставіць сваёй мэтай роўнае забеспячэнне кожнаму грамадзяніну правоў на выкананне належных прававых працэдур, прыватную ўласнасць, недатыкальнасць асабістага жыцця, свабоду слова, свабоду сходааў і свабоду веравызнання. Гэтыя правы ліберальнай дэмакратыяй замацаваны ў вышэйшых законах (такіх, як канстытуцыя ці статут, або ж у прэцэдэнтных рашэннях, вынесеных вярхоўнымі судовымі інстанцыямі), якія, у сваю чаргу, надзяляюць розныя дзяржаўныя і грамадскія органы паўнамоцтвамі з мэтай забеспячэння гэтых правоў[1].
Характэрным элементам ліберальнай дэмакратыі з'яўляецца «адкрытае грамадства», якое характарызуецца памяркоўнасцю, плюралізмам, суіснаваннем і канкурэнцыяй самага шырокага спектра грамадска-палітычных поглядаў. Дзякуючы перыядычнаму правядзенню выбараў, кожная з груп, што прытрымліваюцца розных поглядаў, мае шанец набыць уладу. На практыцы экстрэмісцкія ці маргінальныя пункты гледжання вельмі рэдка адыгрываюць значную ролю ў ліберальна-дэмакратычным працэсе.
У ліберальнай дэмакратыі палітычная група, якая знаходзіцца ва ўладзе, — кіруючая партыя — не абавязана падзяляць усе аспекты ідэалогіі лібералізму (напрыклад, яна можа выступаць за дэмакратычны сацыялізм). Аднак яна абавязана падпарадкоўвацца згаданаму вышэй прынцыпу панавання права. Тэрмін ліберальны ў гэтым выпадку разумеецца гэтак жа, як у эпоху буржуазных рэвалюцый канца XVIII стагоддзя: які забяспечвае кожнаму чалавеку абарону ад дэспатызму з боку ўлады і органаў правапарадку.