Меер Майсеевіч Аксельрод | |
---|---|
руск.: Меер Аксельрод | |
Дата нараджэння | 5 (18) ліпеня 1902 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 10 студзеня 1970[1] (67 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Жонка | Рыва Рувімаўна Рубіна |
Дзеці | Алена Меераўна Аксельрод[d] |
Род дзейнасці | мастак, дзеяч выяўленчага мастацтва, графік |
Месца працы | |
Жанр | партрэт, пейзаж, графіка і сцэнаграфія |
Вучоба | |
Вядомыя працы | Партрэты дзяцей і старых з серыі «Стары Менск», партрэт дачкі Алены, серыі «У стэпе», «Гета» |
Уплыў | Уладзімір Андрэевіч Фаворскі |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Ме́ер Майсе́евіч Аксельро́д (5 (18) ліпеня 1902, Маладзечна — 10 студзеня 1970, Масква) — беларускі мастак яўрэйскага паходжання, жывапісец, графік, сцэнограф і педагог. Брат паэта Зэліка Аксельрода.
Нарадзіўся ў Маладзечне Віленскай губерні ў 1902 годзе. Вучыўся ў яўрэйскай пачатковай школе хедары. Паводле некаторых звестак, вучыўся ў школе-майстэрні Юдаля Пэна ў Віцебску да Першай сусветнай вайны, магчыма і пасля[2], але дачка мастака гэтыя звесткі не падтрымлівае[3]. У пачатку Першай сусветнай вайны, пасля выгнання яўрэяў уладамі Расійскай імперыі з прыфрантавой паласы, у якой апынулася Маладзечна, сям’я Аксельродаў трапіла ў Тамбоў.
З 1918 года жыў у Менску, зарабляў рэкламнымі плакатамі для кінатэатраў. У 1919—1920 гадах служыў у Чырвонай Арміі, быў чарцёжнікам ва Упраўленні сувязі Заходняга фронта.
У 1921 годзе браў удзел у 1-й Менскай мастацкай выстаўцы, дзе паказаў 25 сваіх работ, якія былі станоўча ацэненыя. Атрымаў ад Наркамасветы БССР накіраванне на вучобу ў Маскве. Вучыўся на графічным факультэце ВМАТЭМАЙС у Уладзіміра Фаворскага, Канстанціна Істоміна , Сяргея Герасімава , Аляксандра Радчанкі . Затым выкладаў у маскоўскім Вышэйшым мастацка-тэхнічным інстытуце і Тэкстыльным інстытуце (1928—1932). Быў членам таварыства «4 мастацтвы», уступіў у Маскоўскі Саюз мастакоў у 1932 годзе. Афармляў спектаклі яўрэйскіх тэатраў Менска, Масквы, Кіева. Часта наведваў Менск, у часе чаго рабіў замалёўкі горада. Таксама ў Менску вёў знаёмствы з тагачаснай беларускай інтэлігенцыяй, з якой часта перасякаўся ў часе паэтычных выступаў брата Зэліка. У часе выступаў брата пазнаёміўся з будучай жонкай, яўрэйскай пісьменніцай Рыўкай Рубінай[4].
У 1930—1931 гадах двойчы наведаў сельска-гаспадарчую камуну ў Крыме «Воё Нова» (названа на эсперанта), заснаваную яўрэямі, якія вярнуліся з Палесціны, — назіранні і замалёўкі ў камуне моцна паўплывалі на далейшую творчасць мастака. З 1931 года, разам са шматлікімі вядомымі мастакамі, трапіў пад кампанію барацьбы з фармалізмам. Ганіўся ў савецкай прэсе за песімізм, эскізнасць, дэфармацыі, няскончанасць, экспрэсіянізм і нават блізкасць да Мадзільяні. Вымушаны быў перайсці да ілюстрацыі кніг і працы ў тэатры.
У 1941 годзе сям’я Аксельрода эвакуіравана ў Тамбоў, дзе ўжо была і ў час Першай сусветнай вайны. Сам Меер Аксельрод застаўся ў Маскве, спрабуючы даведацца пра лёс арыштаванага брата, паэта Зэліка Аксельрода, і чакаючы прызыву ў армію. Неўзабаве пасля мабілізацыі быў адазваны Сяргеем Эйзенштэйнам для працы ў здымачнай групе фільма «Іван Грозны» у Алма-Аце, па дарозе туды забраў сям’ю з Тамбова. Быў у эвакуацыі ў Алма-Аце ў 1941—1943 годзе, дзе падтрымліваў яўрэйскіх бежанцаў з Польшчы. У 1944 годзе ў Алма-Аце адбылася персанальная выстаўка Аксельрода.
Пасля вайны ўдзельнічаў у групавой выстаўцы ў Маскве на Кавалёвым мосце ў 1966 годзе, там было экспанавана каля 250 карцін. Пасля выстаўкі адразу апынуўся ў бальніцы праз хваробу сэрца. У 1968 годзе адбылася персанальная выстаўка ў Растове-на-Доне. Аксельрод памёр ад нераспазнанага інфаркту ў 1970 годзе, так і не пабачыўшы, як выйшаў з друку каталог персанальнай выстаўкі. Пахаваны на яўрэйскай частцы Вастракоўскіх могілак у Маскве.
Шматлікія карціны Меера Аксельрода прысвечаны сюжэтам з жыцця яўрэяў, серыя «Гета» (1968—1969), серыя «У стэпе» — паводле ўражанняў ад паездкі ў сельскагаспадарчую яўрэйскую камуну ў Крыме ў 1930—1931 гадах. Аўтар серыі карцін «Успаміны пра стары Менск». Алена Аксельрод, дачка мастака, выдала ў Іерусаліме альбом-манаграфію мастака (1993) і ў Маскве кнігу ўспамінаў і лістоў «Двор на Барыкаднай» (2008).
Творы Меера Аксельрода захоўваюцца ў Трэццякоўскай галерэі, Рускім музеі, музеі выяўленчых мастацтваў імя А. С. Пушкіна.
Ілюстраваў кнігі Ізі Харыка, брата Зэліка Аксельрода, Самуіла Галкіна. Выканаў ілюстрацыі да казкі «Сярэбраная табакерка» Змітрака Бядулі, «На ростанях» Якуба Коласа. Выканаў вокладку і ілюстрацыі да кнігі «Арлянятам» Янкі Купалы, але вокладка была змененая, а імя мастака не пазначана ў выданні[4].
Персанальныя выстаўкі: 1972 (Масква, пасмяротна), 1973 (Ленінград, пасмяротна), 1982 (Масква, пасмяротна). Пасмяротныя выстаўкі ў 1990-я і 2000-я гады ў Маскве, Нью-Ёрку, Лондане, Германіі, Ізраілі.
Брат — паэт Зэлік Аксельрод, рэпрэсаваны і расстраляны ў 1941 годзе ва ўзросце 37 гадоў, Зэлік пазнаёміў Меера з прыхільніцай сваёй творчасці яўрэйскай пісьменніцай Рыўкай Рубінай, якая стала жонкай Меера. Іх дачка — паэтка Алена Аксельрод, унук — мастак Міхаіл Яхілевіч. Мастак часта выяўляў сваіх блізкіх на карцінах: жонку, дачку, брата, унука.
Меер Майсеевіч Аксельрод у Вікікрыніцах | |
Меер Майсеевіч Аксельрод на Вікісховішчы |