Мыс Лопес[1] (фр.: Cap Lopez) — мыс і паўвостраў даўжынёй 55 км на заходнім узбярэжжы Цэнтральнай Афрыкі ў Габоне. Аддзяляе Гвінейскі заліў ад Атлантычнага акіяна. Мыс знаходзіцца ў дэльце ракі Агавэ, недалёка ад яго размешчаны горад Порт-Жантыль. З 1897 года на мысе размешчаны маяк, сучасны будынак быў пабудаваны ў 1911 годзе.
Назву мыс атрымаў ад імя партугальскага даследчыка Лопеса Гансалеса, які дасягнуў яго ў 1474 годзе. У XVIII—XIX стагоддзях мыс быў адным з цэнтраў гандлю рабамі. У 1862 годзе, паводле дамовы Францыі з прадстаўнікамі мясцовых плямёнаў, мыс перайшоў пад суверэнітэт Францыі. У цяперашні час мыс знаходзіцца ў складзе габонскай правінцыі Агавэ-Марыцім. Тут размешчаны нафтаналіўны тэрмінал, які забяспечвае экспарт значнай часткі габонскай нафты.