Міхал Фрыдэрык Чартарыйскі (26 красавіка 1696, Варшава — 13 жніўня 1775, Варшава) — дзяржаўны дзеяч ВКЛ і Рэчы Паспалітай.
Паходзіў з роду Чартарыйскіх, сын Казіміра, палітычны кіраўнік «фаміліі» ў 1740—70-х г.
У 1720-х г. блізкі да Я. Г. Флемінга, першага міністра Аўгуста II, вялікі падстолі літоўскі у 1720—22, кашталян віленскі ў 1722—24, падканцлер літоўскі у 1724—52, вялікі канцлер літоўскі з 1752; староста гродзенскі, гомельскі (1730), купішскі. Пасля смерці Аўгуста II (1733) прыхільнік Станіслава Ляшчынскага, у 1736 пагадзіўся з Аўгустам III. У 1744—50 спрабаваў правесці рэформы дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай, абапіраючыся на падтрымку Расіі і Аўстрыі. Пасля смерці Аўгуста III (1763) як галава «фаміліі» падтрымліваў кандыдатуру свайго пляменніка Адама Казіміра на трон Рэчы Паспалітай. У 1764 пад аховай расійкіх войск арганізаваў у Вільні Генеральную канфедэрацыю ВКЛ, скіраваную супраць К. С.Радзівіла (Пане Каханку), і дамогся яго выгнання з краіны. Аднак Кацярына II, каб не ўзмацняць «фаміліі», арганізавала ў 1767 Радамскую канфедэрацыю на чале з К. С.Радзівілам. Да антырасийскай Барскай канфедэрацыі Міхал Фрыдэрык не далучыўся, але выступаў супраць выкарыстання расійскіх войск для яе падаўлення. 23 кастрычніка 1767 увайшоў у склад дэлегацыі Сойма, абранага пад ціскам рускага пасла Мікалая Рапніна, створанай у мэтах вызначэння сістэмы рэспублікі. Удзельнічаў у дэлегацыі, якая падпісала трактат аб прызнанні Першага падзелу Рэчы Паспалітай.
Ад шлюбу з Элеанорай Вальдштэйн меў 3 дачкі і сына: Антаніну, Канстанцыю, Аляксандру і Антонія.