Нацыянал-сацыялістычны блэк-метал | |
---|---|
Кірунак: | хэві-метал |
Вытокі: | блэк-метал |
Месца і час узнікнення: | Пачатак 1990-х гадоў, Нарвегія, Германія, Расія |
Разнавіднасці | |
Роднасныя: |
паган-метал вікінг-метал меладычны блэк-метал |
Нацыянал-сацыялістычны блэ́к-ме́тал (англ.: National Socialist Black Metal) ці НСБМ (англ.: NSBM) — умоўны кірунак блэк-металу, які арыентанаваны на нацысцкую тэматыку тэкстаў і гэткую ж атрыбутыку. Як піша Матыяс Гардэл, НСБМ — гэта «нацыянал-сацыялізм як лагічны працяг палітычнага і духоўнага іншадум’я, уласцівага блэк-металу».[1]
Перш за усё належнасць гуртаў да жанру агаворваецца тэкстамі, сканцэнтрованымі на белым нацыяналізме, антысемітызме, нацыянал-сацыялізме, гетэрасексізме, расізме і расавай сегрэгацыі, змешанымі з эстэтыкай сатанізму ці язычніцтва. Музыкі, якія прытрымліваюцца нацыянал-сацыялістычных пераконванняў, але не адлюстроўваюць іх у творчасці, да НСБМ не прылічваюцца, хоць іх могуць да яго адносіць у сродках масавай інфармацыі.[2] Некаторыя калектывы, якія выкарыстоўваюць нацысцкую сімволіку і іншыя спасылкі да Трэцяга рейха толькі ў мэтах эпатажу, да нацыянал-сацыялістычнага музыкі таксама не адносяцца.
Хоць некаторыя блэк-металісты байкатуюць выканаўцаў НСБМ, многія проста абыякавыя або шануюць музыку, не падтрымліваючы музыкаў.[3] Аднак, паводле словаў Крысціяна Дорнбуша і Ханса-Пітэра Кілгуса, аўтараў «Нячыстыя альянсы» (ням.: «Unheilige Allianzen»), язычніцкі метал і неанацызм з’яўляюцца сучаснымі тэндэнцыямі ў блэк-метале і, у сваю чаргу, уплываюць на больш шырокую металічную сцэну.[4]
У 1980-х гадах чорны метал адносіўся да хэві-металічных суполак з сатанінскімі тэкстамі і вобразамі. Чорны метал узнік разам з гуртам «Venom» з Ньюкасла. За іх дэбютным альбомам «Welcome To Hell», які быў выдадзены ў 1981 годзе, надыйшоў «Black metal» 1982 года. Імідж і музычны стыль «Venom» былі скапіяваныя і натхнёныя гэткімі гуртамі, як «Metallica», «Slayer», «Hellhammer», «Bathory», «Exodus» і «Possess». У пачатку 1990-х гадоў ранняя нарвежская блэк-метал-сцэна пераўтварыла стыль у асаблівы жанр. Удзельнікі сцэны былі лютымі антыхрысціянамі і, як правіла, паказваліся як чалавеканенавісніцкія паклоннікі д’ябла, якія жадалі распаўсюдзіць нянавісць, маркоту і зло. Аднак, некаторыя гурты (якія не называлі сябе блэк-металічнымі, бо яны не былі сатанінскімі) пісалі пра дахрысціянскую Скандынавію і яе фальклоры. У 1992 годзе ўдзельнікі сцэны спалілі некалькі цэркваў. У жніўні таго ж года Борд Эйтхун (мянушка «Faust») з гурту «Emperor» забіў гея, які зрабіў яму непрыстойную прапанову ў Лілехамеры. У жніўні 1993 года Варг Вікернес з «Burzum» забіў калегу-музыку Эйстэйна Ошата (мянушка «Euronymous») — слыннага на сцэне чалавека — і ў хуткім часе пасля гэтага быў арыштаваны. Еўронімус, як гаворылі, быў камуністам, але Вікернес адмаўляе, што забіў яго з-за ідэалагічных адрозненнняў. Хоць музыка Вікернеса заўсёды была апалітычнай, ён пачаў выказваць неанацысцкія погляды ў працах і інтэрв’ю пасля свайго арышту.
Вікернес, як правіла, лічыцца адказным за пашырэнне гэткіх поглядаў на блэк-метал-сцэне. Паводле інтэрв’ю журналу «Blood & Honor», ён звязаўся з неанацысцкай арганізацыяй «Zorn 88» (пазней яна атрымала назву Нацыянал-сацыялістычны рух Нарвегіі) у 1992 годзе[5] і далучыўся да Белага арыйскага супраціўлення, перш чым ён забіў Еўронімуса.[6] Знаходзячыся ў турме, «Вікернес пачаў фармуляваць сваю нацыяналістычную паганскую ідэалогію»[6] і напісаў маніфест пад назвай «Прамовы Варга» (нарв.: Vargsmål). У 1996 годзе ён стаў даступны ў Сеціве[7], а ў 1997 годзе ён быў надрукаваны нарвежскім выдавецтвам.
Некаторыя іншыя ўдзельнікі ранняй нарвежскай сцэны даследавалі нацысцкія тэмы і вобразы, але гэтае было часткова спробаю справакаваць слухачоў.[8] Пазней Вікернес сцвярджаў, што сцэна пачалася «як нацыяналістычнае (нарвежска-цэнтрысцкае), расісцкае і антыхрысціянскве паўстанне», але была «захопленая» «дамінавальнай габрэямі музычнай індустрыяй». Ён сцвярджае, што прамысловасць ператварыла сцэну ў іншы інструмент, які знішчыць Еўропу, шляхам заахвочвання гуртаў, якія прынялі «ўсё балючае і антыеўрапейскае на гэтай планеце, ад порна і распушчанасці да наркотыкаў і гамасексуалізму».[9] Хендрык Мёбус з «Absurd» назваў НСБМ «лагічным завяршэннем» нарвежскага руху блэк-металу і вытлумачыў падпал царквы як «культурны атавізм».[10]
Вікернес напісаў некалькі тэкстаў да альбома «Transilvanian Hunger» ад «Darkthrone», яшчэ аднаго ключавога гурту на нарвежскай сцэне. Ён быў выпушчаны ў 1994 годзе з надрукаваным на задняй вокладцы надпісам «Norsk Arisk Black Metal» (бел.: «Нарвежскі Арыйскі Чорны Метал»). Гэта выклікала шмат спрэчак, але «Darkthrone» зрабіў тлумачэнне і заявіў, што яны «не нацысцкі або палітычны гурт».[11] Прыкладна ў гэты ж час некаторыя іншыя нарвежскія блэк-металісты зрабілі, здавалася б, расісцкія заявы. У 1994 годзе бубнач «Mayhem» Ян Аксель Бломберг (мянушка «Hellhammer») паведаміў пра сувязі жанру з расізмам: «Я скажу гэтак: нам тут не падабаюцца чорныя. Блэк-метал — для белых».[12] Калі «Mayhem» ізноў сфармавался пасля скону Еўронімуса, яны пачалі выпускаць тавары з нацысцкімі сімваламі часоў Другой сусветнай вайны.[13] Тым не менш, у болей познім інтэрв’ю Хелхамер сказаў: «Я не адчайваюся, калі фанаты белыя, чорныя, зялёныя, жоўтыя або сінія. Для мяне музыка і палітыка не ідуць поплеч».[14]
У 1995 годзе знакаміты нарвежскі блэк-метал-спявак Крысціян Эйвінд Эспедаль (мянушка «Gaahl») назваў «неграў» і «мулатаў» «нечалавечнымі» і выказаў сваё захапленне Вікернесам і Адольфам Гітлерам. Аднак, з таго часу ён гэтаксама дыстантаваўся ад гэтых заяваў.[15] Гаал быў прызнаны геем года ў 2010 годзе ў Бергене.[16] Паводле словаў аўтараў «Lords of Chaos», у 1995 годзе тры шведскія блэк-металісты (у тым ліку і Міка «Belfagor» Хакола (Mika Hakola) з гурту «Nefandus») адправіліся на паляванне на неграў у Лінчэпінг. Валодаючы сякерай і двума мачэтамі, яны «тэрарызавалі» негра.[17] Пазней «Nefandus» «лічыліся прыхільнікамі нацызму», хаця Белфагор тлумачыў: «Гэтае не можа быць далейшым ад ісціны, але я думаю, што гэтае звязана з некаторымі супярэчлівымі каментарамі, якія я зрабіў ва ўсялякіх часопісах у маім юнацтве, калі я яшчэ мкнуўся граць ў самым ненавісным гурце ў сусвеце. Тады я скарыстаў шмат правакацыйных выразаў. Але каб разабрацца: я маю зносіны з людзьмі ўсіх веравызнанняў і колераў... Таму тое, што мяне называюць нацыстам або расістам, надта крыўдна для меня».[18]
Адным з першых рэлізаў НСБМ была дэмаверсія «Thuringian Pagan Madness» 1995 года нямецкага гурту «Absurd». Гэта было запісанае, калі ўдзельнікі гурту былі зняволеныя ў турме за забойства хлопца з іхняе школы. На вокладцы дэманструюцца здымак яго надмагільнага помніка і пранацысцкія выказванні.[19] Пасля гэтага «Absurd» стаў адным з піянераў НСБМ. Іншыя гурты, якія лічацца часткаю ранняй НСБМ-сцэны, уключаюць у сябе «Graveland», «Infernum» і «Veles» (з Польшчы), «Branikald» (з Расеі) і «Spear of Longinus» ды «Waffenbrüder» (з Аўстраліі). У 1990-х гадах некоторыя з найранейшых амерыканскіх блэк-металічных гуртаў, гэткія як «Judas Iscariot», далучыліся да міжнароднай арганізацыі НСБМ пад назвай Паганскі Фронт (англ.: «Pagan Front»), хаця адзін сябра «Judas Iscariot», Эндру Харыс (мянушка «Akhenaten»), пакінуў гурт. Тэлемнар, бубнач нямецкага гурту «Secrets of the Moon», сказаў, што ён зведаў яго «толькі як адукаванага чалавека, а не як нацыста».[20]
Скандалы, звязаныя з нібыта мелым месца расізмам, дагэтуль пераследуюць блэк-метал сцэну, у выніку чаго некаторыя канцэрты скасуюцца. У 2019 годзе два канцэрты «Mgła» у Нямеччыне былі скасованыя пасля таго, як гурт «Antifa» заявіў, што гурт мае сувязі з НСБМ.[21]
Раздзел артыкула яшчэ не напісаны. |
НСБМ у асноўным складаецца з нацыянал-сацыялістычных пераконванняў з аднаго боку і асаблівасцей менталітэту прыхільнікаў чорнага металу з іншай, у выключнасці з нянавісці да хрысціянства і язычніцтва і сатанізму ў нацысцкай інтэрпрэтацыі. Музыканты часта звяртаюцца да эзатэрыкі і паганства, якія практыкавалі некаторыя дзеячы Трэцяга Рэйха, напрыклад, Альфрэд Розенберг і Таварыства Туле. Хендрык Мёбус з «Absurd» апісвааў нацыянал-сацыялізм як «найболей здзейснены сінтэз сатанінскай / люцыфернай волі да улады, элітарны сацыяльны дарвінізм, які звязаны з арыйскім германскім язычніцтвам».[22]
Шмат якія музыкі НСБМ разглядаюць хрысціянства як прадукт нейкай жыдоўскай змовы для знішчэння гэтак званай «арыйскай», «белай» культуры.[23] Яны звычайна адмаўляюць факт існавання антысемітызму ў хрысціянстве, а таксама тое, што хоць Каталіцкая царква рэзка крытыкавала НСДАП, а ў разосланым СС мемарандуме Бормана рэзюмавалася, што «Нацыянал-сацыалістычныя і хрысціянскія ідэі несумяшчальныя», некаторыя епіскапы былі ярымі нацыстамі ў часы Трэцяга Рэйха, а шмат якія прыкметныя дзеячы Нацысцкай Нямеччыны называлі сябе хрысціянамі.[24] Хьярулв Хенкер з гурту «Der Stürmer» сказаў:
Я не думаю, што гэткая догма, як хрысціянства, мае месца ў Арыяндоме. Немагчыма прывесці хрысціянства ў адпаведнасць са светапоглядам арыйскага звышчалавека. Хрысціянства вучыць сціпласці, страце нацыянальнай і расавай ідэнтычнасці, а гэтаксама роўнасці — рэчам, якія непрыхільныя да нашай косматэорыі. Вы не можаце згуртаваць Ісуса з персанажамі, якія прадстаўляюць арыйскую этыку... Хрысціянства — гэта хрысціянства, і яно само па сабе з’яўляецца жыдоўскім па сваім паходжанні і канцэпцыі, правадніком у панаванні габрэйскага свету і распрацаваным як гэткае.[25]
Хоць шмат якія «белыя нацыяналісты» станоўча адзначалі НСБМ з-за яго ідэалаў і лірычнага зместу, некаторыя спаткалі жанр негатыўна. Гэтае было вызклікана перш за ўсё асацыяцыямі металічнай музыкі са споклічам «Секс, наркотыкі і рок-н-рол». Таксама калі-нікалі жанр крытыковалі з-за доўгіх валасоў і металічнага іміджу у цэлым, праводзячы аналогіі з хіпі і стылістыкаю левых рухаў.[26]
У асобнасці Уільям Лютэр Пірс, заснавальнік Нацыянальнага Альянсу, мкнуўся садзейнічаць папулярызацыі НСБМ і іншай музыкі больш адпаведнай гэтым палітычным ідэалам. Ім быў заснаваны лейбл «Resistance Records[en]» з тлумачэннем, што лейбл будзе «спансаваць Нацыянальны Альянс і распаўсюджваць нашае паведамленне найболей эфектыўна».[27] Дзеля гэтага ён нават дапамог размясціць франтмэна гурту «Absurd» Хендрыка Мобуса, у той час, калі той таіўся ў ЗША ад нямецкіх улад. Хоць Пірс высока ацаніў ідэалагічныя каштоўнасці НСБМ і камерцыйную выгаду ад «Resistance Records», сам музыкальны жанр ён не любіў і крытыкаваў яго за «Секс, наркотыкі і рок-н-рол» і «негроідныя» ўплывы.[28]
НСБМ-гурты звычайна лічаць белых еўрапейцаў перавышаючымі іншыя расы. Яны дбаюць пра «расавую гігіену», захаванне «чысціні» белай расы і традыцыйных культур белых еўрапейскіх народаў. Яны сцвярджаюць, што гэтыя культуры «вырадзіліся» працягам стагоддзяў з-за «змяшэння рас».[29] Гэтыя погляды супастаўныя з поглядамі главы «Народ і Раса» (ням.: Volk und Rasse) у «Мая барацьба» Гітлера.
У той час як нацысцкія лідары прытрымліваліся пангерманскіх і антыславянскіх поглядаў (нацысты лічылі, што славянскі народ некультурны і саступае германскаму народу), на НСБМ -сцэне нямецкія і польскія актывісты працавалі разам з самага пачатку, хаця Нямеччына і Польшча гістарычна мелі канфлікты. Гэтая супярэчнасць або маскуецца, рэлятывізуецца, або апраўдваецца як гістарычная памылка. Тэорыя змовы гаворыць, што жыды прадухілі б хаўрус між Нацысцкаю Нямеччынай і іншымі краінамі Усходняй Еўропы.[30] Яўген Гапон (мянушка «Князь Варгот»), сцявак і гітарыст украінскага гурту «Nokturnal Mortum», дае наступнае тлумачэнне супярэчнасці: «Горут з расейскага гурту «Temnozor» разглядае славянаў і немцаў як частку гіпербарэйскай арыйскай расы і ў сённяшні час адрозніваецца з-за яе выраджэння».[31]
Прыкладна з 2013 года некаторыя НСБМ-выканаўцы, напрыклад «М8Л8ТХ», пачалі выкарыстоўваць словазлучэнне «militant black metal», не адыходзячы ад нацысцкага змесціва. З нядаўняга часу гэты рух уключае у сябе і іншых выканаўцаў, у тым ліку французскі гурт «Peste Noire», і падтрымліваецца ультраправымі гуртамі, у выключнасці, «WotanJugend».
Як частку іх антыхрысціянства, антысемітызму і ідэі, што белыя еўрапейцы павінныя вярнуцца да сваіх «родных» шляхоў, большасць НСБМ-гуртоў прапагандуюць этнічнае еўрапейскае язычніцтва. Хендрык Мёбус мнтэрпрэтаваў падпалы цэркваў у Нарвегіі як:
Культурны атавізм, раптоўнае і нетлумачальнае апусканне ў дахрысціянскія, сярэднявечныя ўмовы ва ўсім, апрача вонкавай рэчаіснасці. Як сказаў бы швейцарскі псіхолаг Карл Густаў Юнг: «Старажытныя архетыпы ўсплылі з нашага калектыўнага бяссвядомага і вернутага ўспрымальнага розуму, які, як правіла, усё яшчэ развіваўся і, значыць, асабліва ўражаў. Пацярпелыя гэткім чынам падлеткі апынуліся ў архаічным стане розуму і, падобна масавай істэрыі, навязвалі свой стан для іншых. Само сабою разумеецца, што, скажам, 18-гадовы падлетак, які раптоўна адчуў сябе не ў гуморы свайго атачэння, не ўладае здольнасцю да самааналізу.[32]
Ён сцвярджае, што ў далейшым яны зразумелі б сэнс гэтых эмоцый, пачалі б атаясамляць сябе з язычніцтвам і праявілі б «актыўную цікавасць да нацыяналістычнай палітыкі, якая накіраваная на захаванне і культававанне гэтай самой спадчыны».[10]
У буклеце альбома «Asgardsrei» гурту «Absurd» намаляваныя тампліеры, Тэўтонскія крыжакі і войскі СС як воіны «Asgardsrei», якіх гурт вызначае як выражэнне набожнай і германскай суполкі ваяроў.
Апрача язычніцкіх вераванняў, частка НСБМ-сцэны абхапляе інтэрпрэтацыю тэістычнага сатанізму, паказваючы Сатану як старажытнага арыйскага аналага Яхвы, бога юдэяў і хрысціянаў. Гэты пункт гледжання часта называюць «расісцкім (völkisch) сатанізмам» або «арыйскім сатанізмам».[33] Крэсвелгаран з «True Frost» разглядае нацызм як палітычнае праяўленне сатанізму і калектыўнае абагаўленне чалавека як сацыяльнай жывёлы, як набожнасць, а не чалавенасць.[34][35] Яго калега па гурце Садорас называе тую ж ідэалогію развіццём крыві і глебы (шлях «völkisch»), разнастайных акультных вучэнняў і ідэй Фрыдрыха Ніцшэ ў сувязі з тэорыямі эвалюцыі Дарвіна.[36] Грэчаскі блэк-металічны музыка Магус Вампыр Даалот (Magus Wampyr Daoloth, з «Necromantia» і «Thou Art Lord») сказаў у інтэрв’ю для «Lords of Chaos»: «Калі вы лічыце, што фашызм і сатанізм маюць шмат агульнага, яны абодва адстойваюць дужасць, духоўнае і фізічную перавагу, адказнасць, выжыванне мацнейшых, элітарнасць і г. д., лагічна, што некаторыя гурты выступаюць за абодвух».[37]
Тым не менш, шмат якія язычніцкія і ультраправыя гурты разглядаюць сатанізм як частку хрыстціянства або юдаізму.[38] Акром таго, некаторыя непалітычныя сатанінскія музыкі блэк-металу пагарджаюць язычніцкімі гуртамі і не прызнаюць іх часткаю блэк-металу, бо іх лірыка і ідэалогія не ўключае сатанізм.
Па версіі нямецкага журналіста Маціяса Гардэла, прыхільнікі НСБМ знаходзяцца ў меншасці па адносінах да астатняй сцэны чорнага металу.[1] Яны таксама былі раскрытыкаваныя некаторымі выдатнымі блэк-метал-музыкамі: Ёнам Нёдцвейдтам, «Tormentor», «King ov Hell »[39], Інфернусам[40], «Lord Ahriman»[41], «Emperor Magus Caligula»[41][42] «Protector», удзельнікамі «Watain»[43][44] і ўдзельнікамі «Arkhon Infaustus».[41] Шмат якія блэк-металісты адмаўляюць нацыянал-сацыялізм, паколькі бачаць у ім таталітарызм, аўтарытарызм і стаднае пачуцце, што канфліктуе з традыцыйнай для блек-металу накіраванасцю на індывідуальнасць[45][46]. Лірыка гурту Darkthrone заўсёды была апалітычнай, але ўдзельнік гурту Fenriz гэтаксама згадваў, што ў маладасці сядзеў у ізалятары з-за ўдзелу ў мітынгу пратэсту супраць апартэіду[41]. Спявак шведскай блэк-метал-гурту Craft казаў:
Я не думаю, што нацыянал-сацылізм змешваецца з рэчаіснай ідэалогіяй чорнага металу, і гэта не ідзе далей за элементы эстэтыкі. Я толькі думаю, што НСБМ з’яўляецца недарэчным ярлыком для музыкі[47]
Большасць выданняў, якія прысвечаныя металічнай музыцы, як правіла, ігнаруюць НСБМ-гурты. Кніга «Unheilige Allianzen» выклікала сціслае абмеркаванне ў журнале «Legacy», каб спыніць рэкламу НСБМ. Іншая дыскусія мінула між чытачоў журнала «Rock Hard», кіруючыся «Der rechte Rand im Black Metal» («Black Metal’s Far-right Border»).[48]
Некаторыя гурты адмаўляюць, што іх называюць НСБМ, і сцвярджаюць, што яны з’яўляюцца або паганскім, або нацыяналістычным блэк-металам. Афіцыйныя заявы супраць гэткага ярлыка былі зроблены гэткімі гуртамі, як «Graveland». «Akitsa», гурт, які па чутках часам вызначаецца як НСБМ, выступіў з рэзкай заявай проці нацысцкай ідэалогіі і ўсяго жанру НСБМ.[49][50]
Французскі блэк-металічны гурт «Peste Noire» называе сябе «правымі анархістамі», запісваючыся на украінскім лэйбле белай перавагі «Militant Zone», што яны нічога не маюць супраць нацызму, а таксама падтрымліваюць правы «Азоў» і фестываль Асгардсрэй (Asgardsrei).[51][52]
У той час як некаторыя з гэтых гуртоў выступілі з заявамі, якія сцэна і крытыкі ўспрынялі як сур’ёзныя заявы супраць нацызму, заявы іншых гуртоў шмат якія крытыкі разглядалі проста як тактыку; каб мець магчымасць выступаць на сцэне, не быць забароненым і г. д., напрыклад, «Nokturnal Mortum» і «Graveland», сярод іншых, працягвалі шчыра падтрымоўваць арганізатараў-прыхільнікаў белай перавагі пасля заяў пра тое, што яны «непалітычныя».[53]