Невіл Чэмберлен (англ.: Arthur Neville Chamberlain; 18 сакавіка 1869, Эджбастан, Бірмінгем — 9 лістапада 1940, Хекфілд пад Рыдынгам) — 60-ы прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі. Належаў да Кансерватыўнай партыі
Сын Джозефа Чэмберлена, брат Осціна Чэмберлена. Навучаўся ў элітнай школе ў Рагбі і Бірмінгемскім універсітэце.
Даволі працяглы час прысвяціў прадпрымальніцкай дзейнасці. У 1915—1916 гг. займаў пасаду лорда-мэра горада Бірмінгем.
З 1918 года дэпутат парламента ад Кансерватыўнай партыі. У 1922—1929 і 1931 на розных міністэрскіх пасадах, у 1931—1937 міністр фінансаў. У 1930—1931 старшыня Кансерватыўнай партыі, у 1937—1940 яе лідар і Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі.
Невіл Чэмберлен — 60-ы Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі, прыхільнік палітыкі ўступак гітлераўскай Германіі. У 1938 годзе падпісаў Мюнхенскае пагадненне з Гітлерам, Мусаліні і Даладзье. Вярнуўшыся ў Лондан, Чэмберлен прад’явіў публіцы на аэрадроме падпісанае пагадненне са словамі: «Я прывёз вам мір», але палітыка заспакаення не прынесла Еўропе міру: пачалася Другая сусветная вайна. Няўдалы для Вялікабршаніі пачатак вайны прымусіў яго ў маі 1940 пайсці ў адстаўку.