Ненадзейны электар

Законы аб ненадзейных электарах па асобных штатах[1]      Голас адмяняецца, накладаецца штраф      Голас адмяняецца      Голас залічваецца, накладаецца штраф      Голас залічваецца      Не рэгулюецца законам

Ненадзейны электар, або ненадзейны выбаршчык[кам. 1] (таксама магчыма «верало́мны», «няве́рны», «здра́длівы»; англ.: faithless elector) — прадстаўнік Электаральнай калегіі на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША, які галасуе насуперак выніку народнага галасавання ў сваім штаце.

Юрыдычны статус

[правіць | правіць зыходнік]

Юрыдычна прадстаўнікі Электаральнай калегіі маюць права галасаваць як захочуць і за каго захочуць, ігнаруючы вынікі народнага галасавання ў сваіх штатах. Улады штата, са свайго боку, маюць права накладаць грашовыя штрафы і, у некаторых штатах, анулёўваць падобныя галасы. Агульная сітуацыя была растлумачана Вярхоўным судом ЗША ў 1954 годзе ў рашэнні па справе «Рэй супраць Блэра  (англ.)». Ён удакладніў, што штаты і партыі, да якіх належаць электары, маюць права патрабаваць ад іх папярэдняй «клятвы вернасці голасу» (англ.: pledge to vote) і прадугледжваць дзеянні ў выпадку парушэння такой клятвы, аднак не могуць пераследваць электараў у рамках крымінальна-працэсуальнага кодэкса за парушэнне такой клятвы. Рэзалютыўная частка рашэння гаворыць:

Тым не менш, нават калі такія абяцанні кандыдатам ад членаў Электаральнай калегіі не маюць юрыдычнай сілы, паколькі парушаюць меркаваную канстытуцыйную свабоду голасу кожнага паводле 2-га артыкула Канстытуцыі (§ 1), і члены Калегіі маюць права голасу па сваім выбары, само патрабаванне папярэдняй клятвы вернасці таксама не з’яўляецца неканстытуцыйным.

Чатырох ненадзейных электараў ад штата Вашынгтон у 2016 годзе (яны галасавалі насуперак волі выбаршчыкаў па выніках прэзідэнцкіх выбараў 2016 года) аштрафавалі на 1 тысячу долараў кожнага[2]. 6 ліпеня 2020 года Вярхоўны суд ЗША аднагалосна вырашыў, што ўлады штатаў могуць караць ненадзейных электараў[2].

Асноўныя падзеі

[правіць | правіць зыходнік]
  • Прэзідэнцкія выбары ў ЗША 1796 года сталі першымі з ненадзейным электарам: Самуэль Майлс (Samuel Miles) ад Пенсільваніі замест Джона Адамса, які выйграў у яго штаце, па ўласным выбары прагаласаваў за Томаса Джэферсана.
  • Найбольшая колькасць галасоў была зменена на выбарах 1872 года. Аднак тут да электараў складана прымяняць крытэрыі нявернасці ці ненадзейнасці, бо сітуацыя была абумоўлена аб’ектыўнымі акалічнасцямі. Кандыдат у прэзідэнты Хорас Грылі памёр праз месяц пасля заканчэння выбараў, як раз да сходу электараў. Таму Электаральнай калегіяй атрыманыя ім народныя галасы былі роўнымі часткамі размеркаваны паміж іншымі кандыдатамі і прапарцыйна гэтаму павялічана колькасць электараў у кожнага.
  • Па колькасці менавіта ненадзейных электараў, якія ўсвядомлена і індывідуальна зрабілі альтэрнатыўны выбар на галасаванні, лідзіруюць прэзідэнцкія выбары ў ЗША 2016 года.

Прэзідэнцкія выбары ў ЗША 2016 года

[правіць | правіць зыходнік]

На прэзідэнцкіх выбарах у ЗША 2016 года перамогу атрымаў рэспубліканец Дональд Трамп, хоць кандыдатка ад дэмакратычнай партыі Хілары Клінтан атрымала большую колькасць галасоў выбаршчыкаў. Раззлаваныя прыхільнікі дэмакратаў правялі шэраг акцый пратэсту, а са штаба дэмакратаў былі высунуты абвінавачванні ва ўмяшанні ў выбары «рускіх хакераў». На Электаральную калегію быў аказана моцны ціск пад абвешчаным самой Клінтан лозунгам «Галасуй сэрцам» (англ.: Vote Your Heart)[3].

Беспрэцэндэнтны ціск на Калегію, уключаючы асабістыя звароты і нават лісты з пагрозамі смерці[4], прывёў да небывалай з выбараў 1872 года колькасці ненадзейных электараў. Пры гэтым ні Трамп, ні Хілары дадатковых галасоў не атрымалі, аднак сем электараў аддалі галасы за іншых палітыкаў. У тым ліку электар ад Вашынгтона Роберт Сат'якум Малодшы[en] замест Хілары Клінтан, за якую павінен быў галасаваць, прагаласаваў за актывістку з народа сіу па імі Фейт Плямісты Арол. Сам Роберт Сат’якум Малодшы належыць да племя пуялапаў[en] (рэзервацыя ў акрузе Пірс), а яго бацька, Роберт Сат'якум[en], быў правадыром племя. У штаце Вашынгтон анулявання галасоў ненадзейных электараў не прадугледжана, толькі накладанне штрафу ў 1000 долараў[5]. Такім чынам гэты голас быў афіцыйна залічаны і ўвайшоў у гісторыю прэзідэнцкіх выбараў ЗША як першы, аддадзены электарам за прадстаўніка карэнных народаў ЗША.

  1. Faithless Elector State Laws(недаступная спасылка). Fair Vote (7 ліпеня 2020). Архівавана з першакрыніцы 19 снежня 2016. Праверана 21 лістапада 2020.
  2. а б 158. Supreme Court Allows States to Punish ‘Faithless’ Electoral College Voters | Brennan Center for Justice (англ.). www.brennancenter.org. Праверана 6 лістапада 2024.
  3. Electors remain faithful to Trump and select him as official winner. CNN (20 снежня 2016). Архівавана з першакрыніцы 22 снежня 2016. Праверана 27 снежня 2016.
  4. Thousands send letters, death threats, to pressure Electoral College to avert outcome of presidential election. The Telegraph (19 снежня 2016). Архівавана з першакрыніцы 23 снежня 2016. Праверана 27 снежня 2016.
  5. 4 Washington state electors to be fined $1,000 for vote (англ.). AP News (23 снежня 2016). Праверана 6 лістапада 2024.
Каментарыі
  1. Англійскія тэрміны voter і elector перакладаюцца на беларускую мову аднолькава як «выбаршчык», праз што ўтвараецца полісемія і блытаніна паміж блізкароднаснымі тэрмінамі. Слова «электар» з’яўляецца дакладнай перадачай тэрміна elector і гістарычна выкарыстоўвалася на Беларусі.