Павал Орсаг Гвездаслаў | |
---|---|
славацк.: Pavol Országh Hviezdoslav | |
Асабістыя звесткі | |
Імя пры нараджэнні | Павал Орсаг |
Псеўданімы | Jozef Zbranský і Hviezdoslav[1] |
Дата нараджэння | 2 лютага 1849[2][3][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 8 лістапада 1921[2][3][…] (72 гады) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Бацька | Мікулаш Орсаг (1816—1888) |
Маці | Тэрэзія Медзіградская (1819—1887) |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | мовазнавец, паэт, пісьменнік, перакладчык, драматург, адвакат, палітык, юрыст |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Па́вал Орсаг Гве́здаслаў (славацк.: Pavol Országh Hviezdoslav), сапраўднае імя Павал Орсаг (псеўданімы: Hviezdoslav, Jozef Zbranský, Syn ľudu[4][5]; 2 лютага 1849, Вышні Кубін — 8 лістапада 1921, Долны Кубін) — славацкі паэт, драматург, пісьменнік, перакладчык, юрыст, член Рэвалюцыйнага народнага сходу ЧСР (1918) і ганаровы старшыня Маціцы славацкай (1919)[6].
Гвездаслаў — адна з найвыдатнейшых з'яў у культуры канца XIX — пачатку XX стагоддзя і славацкай літаратуры ў цэлым[7], рэфарматар славацкай мовы і стылістыкі.
Быў трэцім дзіцем у збяднелай сялянскай сям'і, меў брата і сястру. Першапачатковую адукацыю атрымаў у роднай Ораве (1854—1859) і ў суседніх вёсках Ясенава і Лешціны (1860). Вялікі ўплыў на яго светапогляд аказаў у гэты час лешцінскі настаўнік Адольф Медзіградскі, які вучыў іх славацкай мове. Ён жа пераканаў бацькоў накіраваць сына ў венгерскую гімназію ў Мішкальцы, зважаючы на яркі талент хлапца. Адзін год Павал дапамагаў на ферме свайму стрыю Яну[8], аднак урэшце сям'я вырашыла адаслаць яго ў Мішкальц да іншага стрыя, адносна заможнага і бяздзетнага краўца Паўла[5]. Так у 1862 годзе Павал Орсаг пачаў навучанне ў тамтэйшай гімназіі, дзе займеў веды венгерскай мовы, а ў дзядзькі прачытаў усю бібліятэку, захапіўшыся паэзіяй і творамі венгерскіх паэтаў. Па смерці стрыя ў 1865 годзе вярнуўся дадому ў Славакію і паступіў у евангельскі ліцэй у Кежмарку, які скончыў у 1870. Пасля пераехаў у Прэшаў, дзе навучаўся ў Юрыдычнай акадэміі (1870—1872).
Адвакацкую практыку праходзіў у Долным Кубіне, Марціне, Сеніцы. Іспыты на адваката здаў у 1875 годзе ў Будапешце[4], адкрыў у Наместаве ўласную адвакацкую кантору. Усё сваё творчае жыццё правёў на Ораве, дзе быў таксама членам суда і загадчыкам філіяла «Татрабанка».
У 1876 годзе пераехаў у Долны Кубін, дзе стаў суддзёй, у маі ажаніўся з Ілонай Новакавай, дачкою мясцовага евангельскага сеньёра . Іх шлюб быў бяздзетны, аднак па смерці яго маці ў 1887 і бацькі ў 1888, а праз год і брата Мікулаша яны з жонкай вырашылі ўсынавіць Мікулашавых дзяцей Яраслава і Сідоню.
У маі 1918 ўзначальваў славацкую дэлегацыю на святкаванні 50-годдзя заснавання Нацыянальнага тэатра ў Празе. У сваім выступленні выказаўся за магчымасць славацкага-чэшскага адзінства. І ўжо ў канцы таго ж года з энтузіязмам вітаў стварэнне Чэхаславакіі, а з ім і з'яўленне рэальных перспектыў для свабоднага развіцця славацкай нацыі.
У 1919 атрымаў званне ганаровага доктара філасофіі Карлавага ўніверсітэта ў Празе[9].
У 1921 стан здароўя рэзка пагоршыўся, прайшоў курс лячэння ў Празе і Лугачавіцах, сканаў у Долным Кубіне, дзе й пахаваны.
Пісаць вершы пачаў у час навучання па-венгерску і нямецку. Публікавацца пачаў у 60-х гадах XIX стагоддзя пад псеўданімам Jozef Zbranský. Дэбютаваў нізкай вершаў «Паэтычныя першынцы» (1868). У 1871 разам з Коламанам Баншэлам рэдагаваў альманах «Napred», але гэты зборнік выклікаў у старэйшага пакалення (Ёзаф Міласлаў Гурбан, Андрэй Сытнянскі і інш.) такі моцны адпор, што малады паэт не меў магчымасці друкавацца ў адзіным славацкім літаратурным месячніку «Orol». Сітуацыя змянілася толькі пасля сыходу Сытнянскага з рэдакцыі «Арла». Публікаваўся, акрамя гэтага, і ў часопісе «Slovenské pohľady».
Псеўданімам Hviezdoslav упершыню скарыстаўся ў 1877 у вершаваным некралогу па Вільяме Паўліні-Тоце, пасля чаго выкарыстоўваў яго да канца жыцця.
Аўтар цыклаў «Сны маладосці» (1877), «Санеты» (1882—1886), «Псалмы і гімны» (1882—1892), «Парасткі» (1885—1893), «Праходкі вясною» і «Праходкі летам» (абодва 1898), «Скрухі» (1900—1915), «Водгулле» (1909—1919), «Крывавыя санеты» (1914); эпічных паэм «Леснікова жонка» (1886), «Эжа Влкалінскі» (1890), «Табар Влкалінскі» (1897—1899); філасофска-этычных твораў на біблейскія сюжэты (паэмы «Рахіль», 1892; «Каін» і «Сон Саламона», абедзве 1900; трагедыя «Ірад і Ірадыяда», 1909, і інш.).
Перакладаў творы рускіх (Аляксандр Пушкін — «Цыганы», «Барыс Гадуноў», «Каўкаскі палонны» і іншыя, Міхаіл Лермантаў — «Дэман»), нямецкіх паэтаў (Ёган Вольфганг Гётэ — «Фаўст», Фрыдрых Шылер — «Песня пра звон»), польскія творы (Адам Міцкевіч, Юльюш Славацкі). Перакладаў і п'есы з англійскай (Уільям Шэкспір — «Гамлет», «Макбет», «Сон у летнюю ноч»), з венгерскай пераклаў вершы Шандара Пецёфі і п'есу Імрэ Мадач «Трагедыя чалавека».
Імем Паўла Орсага названая вёска Гвездаславаў, некалькі плошчаў і вуліц, а таксама вадаспад і малая планета.