Пацалунак

Пацалунак. Малюнак 19 ст.

Пацалу́нак — дакрананне вуснамі да каго-небудзь ці чаго-небудзь як праяўленне любові, ласкі і пад. Пацалунак выступае як частка сексуальнага дзеяння, з’яўляецца тэмай шматлікіх твораў мастацтва. Пацалункі часта суправаджаюцца абдымкамі.

Пацалунак як антрапалагічная з’ява

[правіць | правіць зыходнік]

Навукоўцы выказваюць меркаванне, што асноваю для развіцця такой з’явы, як пацалунак, стала смактанне ў дзяцінстве матчыных грудзей.[1] Хутчэй за ўсё, якраз прыроджаны смактальны рэфлекс спарадзіў гэты сродак пачуццёвых дачыненняў. На першым годзе жыцця менавіта рот — галоўная крыніца задавальненняў чалавека. Таму шляхам працяглых пераўтварэнняў кармлення дзіцяці — ад смактання грудзей да перадачы ежы з роту ў рот — і ўзнікла гэтая дзея.

Пацалунак як выраз эмоцый

[правіць | правіць зыходнік]
Пацалунак, старажытнагрэчаскі роспіс

Пацалунак — адзін з спосабаў паказу чалавечых эмоцый. У залежнасці ад кантэксту і дэталяў выканання можа выяўляць шырокі спектр пачуццяў. Пацалунак у вусны, шчокі выражае пачуццё прыязнасці і сяброўскай еднасці. Іншы характар — пашаны і павагі — мае пацалунак рукі альбо пляча, а то й ног: ён дэманструе высокую ступень залежнасці і падпарадкавання. Калісці пацалункі рук і ног у Еўропе былі звыклай з'явай, цяпер жа цалуюць руку толькі святару, ці зрэдку мужчыны — жанчынам.

Увогуле пацалунак выяўляе станоўчыя пачуцці чалавека, найбольш часта пачуццё кахання. Пацалунак можа быць шчырым і няшчырым. Найбольш вядомы няшчыры пацалунак — гэта «пацалунак Юды», з тэксту Бібліі, які стаў ідыёмай, што выказвае вышэйшую ступень здрады чалавека. (Паводле евангельскай гісторыі, Іуда Іскарыёт, адзін з вучняў Ісуса Хрыста, здрадзіў яму і паказаў на яго вартаўнікам, пацалаваўшы.)

Эмацыйныя пацалункі могуць быць паміж двума людзьмі, таксама пацалунак можа быць звернуты на жывёлу і на неадушаўлёныя прадметы. Кожны з гэтых відаў пацалункаў адлюстроўвае адмысловае эмацыйнае адценне. Так, цалаванне зямлі можа выяўляць радасць з нагоды доўгачаканага прыбыцця ў новую мясцовасць або ў месцы, у якіх чалавек доўга адсутнічаў. Пацалунак роднай зямлі або сцяга дзяржавы можа выяўляць любоў да Радзімы і адданасць ёй. Па характары выражаных імі пачуццяў, можна вылучыць наступныя віды пацалункаў:

  • Любоўны пацалунак — выказвае пачуцці кахання і запал паміж закаханымі. Любоўныя пацалункі, не толькі выяўляюць эмоцыі, але і ўзбуджаюць партнёраў, іх можна ўмоўна падзяліць на далікатныя і гарачыя.
  • Далікатныя пацалункі — пацалункі ў вусны або іншыя часткі цела, якія характарызуюцца кароткім часам дакранання.
  • Гарачыя — наадварот, працягваюцца доўгі час. Ажыццяўляюцца, часцей за ўсё, у вусны. Пры гарачым пацалунку двух людзей вуснамі — рот можа прыадчыняцца, што дазваляе дадаваць да дакранання вуснаў дакрананне языком, прыкусвання зубамі. Лёгкае пакусванне ў якасці пацалунку можа адбывацца і ў іншыя часткі цела, звычайна ў шыю, мочку вуха, радзей у інтымныя часткі цела. Гарачыя пацалункі навідавоку ў людзей часта асуджаюцца грамадствам.
  • Сяброўскі пацалунак — які выказвае пачуцці сяброўства і прыхільнасці да іншага чалавека. Часцей за ўсё цалуецца шчака чалавека, радзей рука (звычайна асобе процілеглага полу). Дакрананні вуснаў, як такога, можа і не быць, важны малюнак руху, пазначэнне пацалунку. Часта выкарыстоўваюцца серыі з некалькіх, звычайна трох, пацалункаў.
Віцэ-прызідэнт Бразіліі Ж.Аленкар і архіепіскап Фалькау
  • Шаноўны пацалунак — які выказвае стаўленне павагі, пакланенне перад чалавекам або прадметам. Чалавеку ў гэтым выпадку цалуюцца рукі. Радзей ногі, што з’яўляецца выразам крайняй ступені пакланення. Цалуемыя прадметы часцей за ўсё з’яўляюцца прадметам шанавання не самі па сабе, а ў сувязі з іх становішчам да іншых людзей, падзей. Шаноўны пацалунак таксама можа адбывацца без дакранання вуснаў, а толькі іх блізкім паднясеннем да паверхні цалуемай часткі цела або паверхні прадмета.
  • Замілаваны пацалунак — выяўляе пачуцці замілавання, радасці. Часцей за ўсё звернуты на маленькіх дзяцей, жывёл. У гэтым відзе пацалунку вельмі рэдка цалуюцца вусны. Дзяцей цалуюць у шчокі, нос, лоб. Радзей у іншыя часткі цела. Жывёл цалуюць у пысу — у нос, лоб, шчокі. Амаль заўсёды ёсць непасрэднае дакрананне вуснаў. Часам у якасці такога пацалунку (асабліва з жывёламі) выкарыстоўваецца дакрананне не вуснамі, а шчакой.
  • Бацькаўскі/сыноўскі/братэрскі пацалунак — выяўляе пачуцця сямейнай прыхільнасці паміж членамі сям’і. Цалуецца лоб, шчокі; зрэдку — вусны (амаль заўсёды асоб процілеглага полу). Амаль заўсёды ёсць дакрананне. Часта выкарыстоўваюцца серыі з некалькіх, звычайна трох, пацалункаў.
  • Паветраны пацалунак — адна з разнавіднасцяў любоўнага або сяброўскага пацалунку, які азначае павагу да чалавека або лёгкі флірт. Выконваецца шляхам цалавання далоні ўласнай рукі з наступным рухам яе ў бок чалавека, якому пацалунак прызначаны. Пасля руху далоні, цалуючы дзьме на яе, як бы імкнучыся перадаць пацалунак па паветры, адкуль і назва. Часам цалуючы проста адлюстроўвае пацалунак вуснамі паветра ў бок цалуемага.
  • Юдзін пацалунак — выраз вонкавай, паказной прыхільнасці і павагі.

Пацалунак у сексе

[правіць | правіць зыходнік]

Акрамя вышэйпералічанага, пацалунак у сексе носіць і інфарматыўны характар. Сексолагамі заўважана, што рухі жанчыны языком кажуць аб пажаданых рухах палавога члена мужчыны. Падчас пацалунку пранікненне языка глыбей, чым звычайна, часцей за ўсё сігналізуе аб гатовасці жанчыны да непасрэднага палавога акту. Такі падсвядомы сігнал жанчыны можа дапамагчы мужчыну як не пачаць каітус занадта рана, так і не прапусціць пік узбуджанасці жанчыны.

Фізіялогія пацалунку

[правіць | правіць зыходнік]
Французскі пацалунак

Вусны і язык, якія ўдзельнічаюць у пацалунку, з’яўляюцца паверхнямі цела, пакрытымі эпітэліем і багата забяспечанымі рэцэптарамі, якія рэагуюць на дакрананне, тэмпературу, смак. Сігналы ад рэцэптараў паступаюць у ствалавыя аддзелы мозгу праз чэрапнамазгавыя нервы, а са ствалавых аддзелаў — у ядры таламуса і кару вялікіх паўшар’яў. Значная частка паверхні кары мозгу апрацоўвае інфармацыю, якая паступае ад языка і вуснаў. Гэта інфармацыя перадаецца ў аддзелы мозгу, адказныя за эмоцыю і палавыя рэакцыі. Аб частках цела, стымуляцыя якіх падобна вуснам і языку прыводзіць да палавой узрушанасці, гавораць як аб эрагенных зонах.

Пацалунак у міфалогіі і фальклоры

[правіць | правіць зыходнік]

Пацалунак у міфалогіі выступае як рытуальны жэст, сімвалічны знак сацыяльных адносін, праявы міфаў і рэлігійных адносін. Там пацалунак разумеецца як сродак разбурэння злых чараў. У сусветным фальклоры шырока вядомы сюжэт пра зачараваную прынцэсу, якую царэвіч абуджае да жыцця якраз пацалункам.

У беларускай народнай казцы зачараванага ведзьмаю каралевіча ратуе простая дзяўчына: І пачаў пачвара з свіным лычом пець песні, пачаў пець так гожа, што голас лезе аж у самую душу й разам хочацца плакаць і смяяцца. Пяе ён з такімі любошчамі, што затапіў у дзеўчыны й голаў, і сэрца. Сама няведама зачым, схапіла яна страшэннага чалавека за голаў да й пацалавала. У той момант абярнуўся ён у гожага каралевіча, схапіў яе на бярэмя да й панёс да гасподы. І сталі яны жыць да пажываць да бедных людзей не забываць.

У слове «пацалунак» вылучаецца корань -цал-, які выяўляе выразную сувязь са словам «цэлы». Корань -цэл- нясе значэнне жадання быць цэлым, цэльным, здаровым. Пацалунак у традыцыйным этыкеце суправаджаецца пажаданнем здароўя. Прыкладам, беларускія жанчыны пры сустрэчы, нахіліўшы галаву й сказаўшы «Здаровінька!», цалаваліся ў вусны. Ці напрыклад, маці цалуе дзіця, супакойваючы яго, цалуе пабітае месца, каб хутчэй загаілася.

У вясковай традыцыі пацалунак разумеўся як прывітанне, доказ прыязнасці, сардэчны паклон. Пацалункамі суправаджаліся шматлікія зборышчы нежанатай моладзі, гэтак званыя вячоркі. Пацалунак — складнік асобных моладзевых гульняў; бывала, усе ўдзельнікі карагоду неаднаразова перацалоўваліся адзін з адным падчас калядных ігрышчаў.

На Віцебшчыне падчас абраду «Жаніцьба Цярэшкі» жанчыны прыпявалі:

Паіла коніка ў вядрэ,
Відзіла я рыбку на дне.
Смачная рыбка карась,
Пацалуй, дзядулька, хоць раз.
Смачная рыбка язёк,
Цалуй і йшчэ разок.

У сучасную вясельную традыцыю ўвайшоў звычай скандавання «Горка!», калі малады з маладою мусяць цалавацца. Міфалягічныя падставы судачынення воклічу «Горка!» й пацалунку выразныя, а паралелі паміж інтымнымі пацалункамі і прыняццем ежы прасочваюцца вельмі паслядоўна. Гэтым словам абавязкова папярэднічае заўвага кагосці з гасцей, што страва салёная, нясмачная, горкая, і яе трэба абавязкова падсаладзіць. Часта ж гавораць: салодкі пацалунак, салодкія вусны, паглынаць адзін аднаго ў пацалунках. Цалаваліся, дарэчы, калі садзілі цыбулю, каб горкаю не была. Абавязковай стравай на вяселлі быў мёд. Таму сувязь смакавых пачуццяў і пацалунку яўная.

На колішніх беларускіх вяселля, аднак, пацалункі маладых асабліва не акцэнтаваліся. Абавязковымі і рытуальна значнымі былі пацалункі іншага характару. Да прыкладу, маладая кланялася свякроўцы, цалавала ёй руку, твар, і з прапановы дружкі абедзве яны пілі адна да адной па чарцы гарэлкі — каб замацаваць назаўсёды згоду.

Увайшлі ў гісторыю шэраг гістарычных і міфалагічных ідыём: «Пацалунак Юды», «Пацалунак генсекаў», «Пацалунак смерці», «Пацалунак Сталіна». У адрозненні ад простага пацалунку, які меў эмацыйную, часта сексуальную афарбоўку, гэтая форма праявы адносін людзей, нясе сацыяльныя карані.

Зноскі

  1. Жыццё з пацалункам…
  • Жыцьцё з пацалункам: Размова з Тацянай Валодзінай // В. Ракiцкi. Беларуская Атлянтыда.(Бiблiятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе). — Радыё СвабоднаяЭўропа/Радыё Свабода, 2006. — 504 с.
  • Розанов А.С. Поцелуй как мифология любви. — М.: 2004, 365 с.