Паўні

Паўні
Cahriksicahriks
Фота 1874 г.
Агульная колькасць 2800
Рэгіёны пражывання  ЗША
Мова паўні
Рэлігія політэізм, анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы арыкара, кадо, кічаі, вічыта

Па́ўні (англ.: Pawnee; саманазва: Cahriksicahriks, літаральна «шматлікія») — індзейскі народ у ЗША. У нашы дні жывуць пераважна ў Аклахоме. Агульная колькасць (2019 г.) — 2 800 чал.[1]

Продкі паўні належалі да паўночнай часткі прадстаўнікоў Кадаанскай культуры. У апошняй трэці XVII ст. пад ціскам апачы яны былі вымушаны мігрыраваць на раку Плат, дзе стварылі некалькі асноўных груп:

  • Chaui (літаральна «буйная»; сярэдняя)
  • Kitkahahki (заходняя)
  • Petahauirata (усходняя)
  • Skidi (літаральна «ваўкі»; паўночная)

Ужо ў XVIII ст. першыя тры групы складалі адзіную канфедэрацыю. Skidi далучыліся да яе ў XIX ст. Назва паўні была дадзена сіўанскімі плямёнамі, з якімі перасяленцы сутыкнуліся на рацэ Плат.

Некаторыя даследчыкі лічаць, што першы кантакт паміж продкамі паўні і іспанскімі канкістадорамі адбыўся ў 1541 г., калі экспедыцыя Франсіска Васкеса дэ Каранада дасягнула зямель «пана Харахей» і «Гуа» на тэрыторыі сучаснага Арканзаса. У апошняй трэці XVII ст. напады апачы, якія асвоілі да таго часу конегадоўлю, вымусілі продкаў паўні рухацца на поўнач. Да сярэдзіны XVIII ст. яны спыніліся на берагах ракі Плат. Аднак на новай радзіме ім прыйшлося сутыкнуцца з сіўанскімі плямёнамі і іншымі насельнікамі Вялікіх раўнін. Мяркуюць, што назва індзейскіх рабоў panis[2], шырока вядомая ў французскіх калоніях Паўночнай Амерыкі, паходзіць ад паўні, якія станавіліся ахвярамі з боку суседніх народаў.

Сітуацыя для паўні змянілася ў 1719 г., калі яны атрымалі ад французскіх гандляроў коней і агнястрэльную зброю, пасля чаго самі напалі на апачы. У 1720 г. іспанцы, што моцна пераацэньвалі ўплыў французаў, паслалі да паўні ваенную дэлегацыю для перагавораў. Яе суправаджалі раўнінныя індзейцы, у тым ліку апачы. Відавочна з-за гэтага група skidi адмовілася ад перагавораў і нечакана атакавала дэлегацыю. Амаль усе іспанцы загінулі, а суправаджальнікі разбегліся. У 1724 г. французская дэлегацыя здолела заключыць мір паміж паўні і сваімі сіўанскімі саюзнікамі. Тым не меней, кантакты з французамі не мелі сталага характару. Часцей яны вяліся групай skidi, якая ўяўлялася найбольш моцнай. Але падчас Сямігадовай вайны эпідэмія воспы моцна саслабіла «ваўкоў», і лідарства сярод паўні перайшло да chaui.

ЗША наладзілі сувязі з паўні ў гады прэзідэнцтва Томаса Джэферсана. У 1818 г. і 1825 г. былі заключаны мірныя і гандлёвыя дагаворы. Паўні лічыліся адным з наймацнейшых народаў Вялікіх раўнін і да пачатку 1830-х гадоў вялі адносна незалежную палітыку ў адносінах да амерыканскіх перасяленцаў. У 1830 г. яны перамаглі ў вайне моцную канфедэрацыю шаенаў. Аднак ціск з боку сіўанскіх і раўнінных плямён, а таксама шэраг эпідэмій прывялі да значных страт. Калі ў пачатку XIX ст. насельніцтва канфедэрацыі налічвала каля 20 000 чалавек, то ў 1859 г. — толькі 3400 чалавек. ЗША выкарысталі саслабленне паўні для заключэння шэрагу новых дагавораў аб перадачы іх зямель.

У 1859 г. паўні былі сканцэнтраваны ў адносна невялікай рэзервацыі на тэрыторыі сучаснага штата Небраска. У 1873 г. група з 70 мужчын, што пакінулі рэзервацыю для палявання на бізонаў, была забіта воінамі лакота. У 1874 г. паўні звярнуліся да ЗША з прапановай перасяліць іх на індзейскія тэрыторыі ў сучасным штаце Аклахома. Перасяленне на землі, набытыя ў чэрокі, адбылося ўжо наступным годзе.

У 1936 г. быў створаны асобны ўрад паўні і прынята Канстытуцыя. У 1964 г. федэральныя ўлады прынялі рашэнне аб перадачы гэтаму народу 7 316 097 долараў як кампенсацыю за страту зямель ў штаце Небраска. У нашы дні галоўным культурным і палітычным цэнтрам паўні з’яўляецца горад Паўні ў Аклахоме.

Земляная хаціна

Пасля перасялення на Вялікія раўніны паўні працягвалі займацца ручным земляробствам. Вырошчвалі кукурузу, фасолю і гарбузовыя на палетках уздоўж рэк. Кукурузнае збожжа з’яўлялася асновым харчовым прадутам, таму да гэтай культуры адносіліся з пашанай. Пасадка і збор ураджаю суправаджаліся ўрачыстымі цырымоніямі. Усяго было вядома каля 10 сартоў кукурузы з розным колерам зярнятак. Земляробства лічылася жаночай справай. Мужчыны палявалі ў прэрыі. Ужо ў XVI ст. іспанцы паведамлялі, што продкі паўні здабывалі бізонаў. Да з’яўлення коняў гэта быў вельмі небяспечны занятак. У XVIIIXIX стст. наяўнасць коняў дазваляла паляўнічым вандраваць на некалькі сот кіламетраў ад родных паселішчаў. Паляванне мела сезонны характар і патрабавала ад удзельнікаў жорсткай дысцыпліны. Апрацоўкай мяса, костак і скур забітых жывёл займаліся жанчыны.

Паўні аддавалі перавагу жыццю на высокіх рачных берагах. Асноўны від паселішча — вёска. У кожнай жыло 300 — 500 чалавек. Самая вялікая з вядомых складалася з 2500 жыхароў. Жытламі з’яўляліся вялікія авальныя каркасныя хаціны, абкладзеныя кавалкамі дзёрану і засыпаныя зямлёй. З усходу ладзіліся дзверы. Доўгі нізкі калідор вёў да ўваходнага пакоя, аддзеленага бізонавай скурай. Знутры з заходняга боку вешалі чэрап бізона. Па перыметры галоўнага пакоя вешалі дываны, каб стварыць прастору для спальных і асабістых памяшканняў. У адной хаціне месцілася 30 — 50 человек, звычайна сваякоў. Яна падзялялася на паўночную і паўднёвую часткі на чале асобных кіраўнікоў. Паловы хацін падзяляліся на траціны. Жанчыны і дзяўчаты, што займалі траціну, мелі сваю адказнасць за паўседзённыя справы.

Вопратку выряблялі са скур аленяў, радзей — іншых жывёл, упрыгожвалі махрамі, іголкамі дзікабразаў, бісерам. Макасіны шылі з цэлага кавалка скуры, падэшвы застаўлялі мяккімі. Ваеннае і рытуальнае аблачэнне мужчын адрознівалася складанасцю. Яны выскубалі бараду і бровы, а таксама валасы па баках на чэрапе. Прычоска шчаплялася з дапамогай касцяных грабянёў. Да валасоў мацавалася доўгая скураная лента, да якой чаплялі пер'е драпежных птушак ці іголкі дзікабразаў. Галаву мог затуляць каптур з доўгай поўсцю жывёл, пафарбаваных рознымі колерамі. Твары фарбавалі і татуявалі. Мужчыны і жанчыны любілі пацеркі і завушніцы. Жанчыны ўпрыгожвалі сукенкі піктаграмамі, якія адлюстроўвалі іх родавую самабытнасць і сямейныя каштоўнасці. Яны запляталі доўгія валасы ў 2 касы, чаплялі да іх каляровыя ленты і бісер.

У паўні дамінаваў адлік сваяцтва па жаночай лініі. Пасля вяселля зноў створаная сям'я пераязджала ў хаціну сваякоў нявесты. Жыццё сям'і ў адзіным з іншымі доме патрабавала абавязковага супрацоўніцтва. Жанчыны падзяляліся па ўзросту. Дарослыя замужнія выконвалі асноўную працу, маладыя незамужнія аказвалі ім дапамогу, старыя выхоўвалі дзяцей. Мужчыны часцяком практыкавалі серыйныя манагамныя адносіны, і на працягу жыцця маглі змяняць месца жыхарства. Яны падзяляліся на 2 сацыяльныя групы паляўнічых і воінаў. Меўся невялікі пласт прафесійных лекараў. Яны клапаціліся пра некаторыя абрады, але няма адзінай думкі, ці можна іх лічыць святарамі-шаманамі. Прадстаўнікі абодвух полаў удзельнічалі ў палітычным жыцці, хаця адказнасць за рашэнні клалася на мужчын. Найбольш паспяховыя з іх станавіліся правадырамі.

Жыццё паўні суправаджалася шэрагам рэлігійных рытуалаў і святочных дзён, падчас якіх арганізоўваліся ахвярапрынашэнні, песні і танцы. Захаваныя песні прысвечаны вайне, каханню, асобным гульням і рытуалам. Акампанавалі пераважна ўдарнымі інструментамі. Музыканты ведалі 3 асноўныя рытмы. У вуснай творчасці вылучаюцца цыклы казак і паданняў, прысвечаных героям-блізнятам, каёту-трыкстэру Скідыкі, фантастычнымі апавяданнямі пра пачвар і мёртвых, якія вярнуліся для помсты ворагам.

Хаця да знаёмства з еўрапейскай культурай, паўні не ведалі пісьмовасці, яны шырока карысталіся піктаграмамі. Былі распаўсюджаны астралагічныя ўяўленні, у аснову якіх клаліся легенды пра божую сутнасць зорак. Асабліва шанаваліся Сонца, Месяц, Марс і Венера. Вядома, што skidi малявалі карты зорнага неба.

Мова паўні адносіцца да паўночнай галіны кадаанскай групы моў. Вылучаюць паўночны і паўднёвы дыялекты. Да канца XX ст. у выніку асіміляцыі колькасць тых, хто размаўляў на мове паўні скарацілася да прыкладна 100 чалавек. У 1997 г. з дапамогай навуковых устаноў быў распрацаваны праект адраджэння мовы, выкладання яе ў школах і на курсах для дарослых.

Традыцыйныя рэлігійныя вераванні абапіраліся на політэістычныя і анімістычныя ўяўленні. Паўні атаяснялі ўсход з мужчынскімі касмічнымі сіламі, а захад — з усходнімі. Яны сутыкаюцца ў зеніце, дзе фарміруецца Тырава, бажаство сонца і першастваральнік сусвету. Яго жонкай звычайна называлі багіню Атыра, што звязвалася з зямлёю і кукурузай. Іх дзецьмі з’яўляліся багі зорак і планет. Ім прыпісвалася стварэнне людзей і жывёл. Жывёлы лічыліся пасрэднікамі паміж людзьмі і багамі.

Гадавы цыкл святаў падпарадкоўваўся шанаванню тых або іншых багоў і жывёл. Практыкаваліся ахвярапрынашэнні кукурузы, жывёл і людзей. Еўрапейскіх вандроўнікаў асабліва ўражваў рытуал ахвярапрынашэння дзяўчынак мужчынскаму богу ранішняй зоркі. У 1816 г. ён быў забаронены старэйшынамі. Аднак некаторыя назіральнікі меркавалі, што свята практыкавалася да 1838 г., пакуль традыцыйнае рэлігійнае жыццё не было парушана эпідэміяй. Старэйшыны з’яўляліся арганізатарамі святаў. Месцы правядзення ахвярапрынашэнняў лічыліся святымі.

Смерць і хваробы прызнаваліся вынікам дзейнасці магіі. У паўні меліся лекары, што спецыялізаваліся на выратаванні ад хвароб і ачышчэнні ад грахоў. Правадыроў і святароў хавалі, зашытымі ў скуры бізонаў. Паўні верылі, што пасля смерці выдатныя людзі ператвараліся ў зоркі, а баязліўцы і грэшнікі траплялі ў свет духаў недзе на поўдні.

У канцы XIX ст. частка паўні была залучана ў рух пеётыстаў. У нашы дні вернікі спавядаюць хрысціянства.

Зноскі