Перанізм — палітычная плынь, якая сфарміравалася ў Аргенціне ў сярэдзіне 1940-х гадоў вакол фігуры Хуана Дамінга Перона, працоўнай і пенсійнай палітыкі, якую ён праводзіў з Міністэрствам працы і сацыяльнага забеспячэння падчас рэвалюцыі 1943 года. Гэты рух аказаў істотны ўплыў на палітыку Аргенціны.
У хуткім часе пасля таго, як яго выбралі прэзідэнтам, Хуан Дамінга Перон заснаваў Хустысіялісцкую партыю. Традыцыйна яе дзейнасць ажыццяўлялася на базе трох «аддзяленняў» (палітычнага, прафсаюзнага і жаночага)[1][2], да якіх у 1970-х гадах было далучана моладзевае (тады ж была створана моладзевая перанісцкая партыя). У 1949 годзе, праз два гады пасля прыняцця закона аб выбарчым праве жанчын, была створана Жаночая перанісцкая партыя, заснаваная Эвай Перон. Арганізацыя складалася толькі з жанчын, а праіснавала яна нядоўга: была распушчана падчас грамадзянска-ваеннай дыктатуры, усталяванай у 1955 годзе.
Альтэрнатыўная назва руху «хустысіялізм» паходзіць ад таго, якое значэнне гэты рух надаваў сацыяльнай справядлівасці (ісп.: justicia social). З 1952 года, паводле арт. 3 Закона 14, нацыянальнай дактрынай, абранай аргенцінскім народам, прызнаецца перанізм[3]. Апазіцыя перанізму спарадзіла неаднародны рух вялікага палітычнага ўплыву, вядомы як антыперанізм[4].
Перанізм мае шэраг разнастайных плыняў, якія не размяжоўваюцца дакладна і не захоўваюць свайго пастаянства на працягу гісторыі, часам канфліктуючы нават на выбарах. Сярод асноўных перанісцкіх плыняў можна вылучыць гістарычны перанізм, артадаксальны перанізм, неаперанізм, рэвалюцыйны перанізм, уніяцкі перанізм, федэральны перанізм і г.д.
Паміж 1946 і 2019 гадамі прадстаўнікі хустысіялісцкай партыі перамаглі на дзесяці прэзідэнцкіх выбарах.