Правадыр

Правадыр або водца[1] — лідар племя або правадырства (водцаўства) ў абшчынных грамадствах, а таксама лідар у некаторых жорстка цэнтралізаваных недэмакратычных (таталітарных ці аўтарытарных) дзяржавах і партыях.

Племянныя грамадствы з сацыяльнай стратыфікацыяй пад адным або некалькімі правадырамі ўзніклі ў эпоху неаліту з ранейшых родавых структур з невялікай стратыфікацыяй, і заставаліся распаўсюджанымі на працягу жалезнага веку.

У выпадку, калі карэнныя племянныя супольнасці існуюць у межах вялікіх каланіяльных і посткаланіяльных дзяржаў, правадыры плямён могуць прадстаўляць сваё племя або этнас праз самакіраванне.

Самыя распаўсюджаныя тыпы — старшыня савета (звычайна «старэйшына») або больш шырокага народнага сходу, ваенны начальнік (мог быць альтэрнатыўным або дадатковым на ваенны час), спадчынны начальнік і палітычна дамінуючы жрэц (у тэакратычных культурах).

Паняцце звычайна вылучаюць ад начальнікаў ніжэйшых узроўняў, напрыклад, стараст вёскі або галавы роду. У пэўных сітуацыях, і асабліва ў каланіяльным кантэксце, наймацнейшы член канфедэрацыі або федэрацыі такіх племянных, радавых або вясковых начальнікаў будзе называцца галоўным правадыром. Паняцце ў значнай ступені выпала з ужытку, і такіх людзей сталі часцей называць каралямі.

Ужыванне паняцця ў таталітарных рэжымах

[правіць | правіць зыходнік]

Асабліва развіўся дзяржаўны і партыйны правадырызм пасля Першай сусветнай вайны ў таталітарных і аўтарытарных краінах з рознай ідэалогіяй і палітычнай арганізацыяй — найперш, у сацыялістычных і фашысцкіх (словы фюрар, дучэ, каўдылья значаць «правадыр»).

У палітычнай і мастацкай літаратуры распаўсюдзіліся выразы ўзору «правадыр марксізму», «правадыр нацызм», «правадыры сацыял-дэмакратыі», «правадыры дэмакратыі» і падобныя. Але навуковымі паняццямі такія выразы не сталі.

У СССР у 1920—1930-я гады паняцце «правадыр» акрэслівала любых савецкіх начальнікаў высокага ўзроўню (рэспубліканскія кіраўнікі, члены ЦК ВКП(б)), а пасля хвалі рэпрэсій 1937—1938 гадоў паняцце ўжывалася практычна толькі да Леніна і Сталіна, а ў 1940—1950-я гады часам таксама да кіраўнікоў «брацкіх кампартый». Аналагічнае паняцце (conducatorul) ужывалася да 1989 года ў Румыніі да Нікалае Чаўшэску. У КНДР у кожнага лідара ёсць свая складаная тытулатура, якую трэба ўжываць, у тым ліку і пасля іх смерці, у строга абумоўленых выпадках.

  1. Водца // Гістарычны слоўнік беларускай мовы. — Т. 4. — С. 83.