Вёска
| ||||||||||||||||||||||||
Пуньск[2] (польск.: Puńsk) — вёска ў Сэйнэнскім павеце Падляскага ваяводства Польшчы. Сядзіба вясковай гміны Пуньск. Размешчана на беразе возера Пуня, за 5 км на захад ад граніцы з Літвой.
Першы пісьмовы ўспамін пра Пуньск датуецца 1597 годам, калі Станіслаў Заліўскі заснаваў тут мястэчка і збудаваў касцёл. У гэты час Пуньск уваходзіў у склад Троцкага павета Троцкага ваяводства.
У 1647 годзе кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Пуньску Магдэбургскае права і герб[3]. У 1700 годзе тут працавалі школа і шпіталь[4].
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Пуньск апынуўся ў складзе Прусіі, у 1807 годзе згодна з Тыльзіцкім мірным дагаворам — у складзе Расійскай імперыі, у Сейненскім павеце Аўгустоўскай губерні.
На 1827 год у Пуньску было 82 будынкі.
У 1919—1920 гадах каля Пуньска адбываліся баі паміж польскімі і літоўскімі войскамі. 19 ліпеня 1920 года мястэчка занялі літоўскія войскі разам з бальшавікамі, у 1921 годзе — польскія войскі. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 года Пуньск апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі.
У часы Другой сусветнай вайны з верасня 1939 да 1945 года Пуньск знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Рэйха.
Пуньск з’яўляецца цэнтрам літоўскай культуры. Тут размяшчаецца рэдакцыя часопіса «Aušra», а таксама Дом літоўскай культуры і агульнаадукацыйны ліцэй з літоўскай мовай навучання.