Ральф Бакшы | |
---|---|
англ.: Ralph Bakshi | |
Дата нараджэння | 29 кастрычніка 1938 (86 гадоў) |
Месца нараджэння | Хайфа, Палесціна |
Грамадзянства | ЗША |
Адукацыя | |
Прафесія | |
Кар’ера | з 1959 |
Узнагароды |
Winsor McCay Award[d] (1988) Inkpot Award[d] (2008) |
IMDb | ID 0000835 |
ralphbakshi.com | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Ральф Бакшы (англ.: Ralph Bakshi, нар. 29 кастрычніка 1938, Хайфа) — амерыканскі рэжысёр мультыплікацыі і кіно, вядомы як дзеяч альтэрнатывы мэйнстрыму, адзін з першапраходцаў анімацыі для дарослых. Найбольш праславіўся мультфільмамі «Валадар пярсцёнкаў» (1978) і «Кот Фрыц» (1972), які зрабіўся найбольш касава паспяховым творам незалежнай мультыплікацыі. Наогул працы Бакшы рэдка мелі камерцыйны поспех, але набылі статус класікі жанру і «культавага кіно». Заснавальнік Школы анімацыі і карыкатуры Бакшы ў 2003 г. Жыве і працуе ў Нью-Йорку.
Крымскі яўрэй, Ральф Бакшы нарадзіўся ў Палесціне, у Хайфе, 29 кастрычніка 1938 года. Пасля пачатку Другой сусветнай вайны (1939) сям’я эмігравала ў ЗША, і Бакшы правёў дзяцінства ў Браўнсвіле. Сям’я наймала кватэру за невялічкія грошы. Скончыўшы школу мастацтваў, Бакшы ў 18-гадовым узросте ўладкаваўся на студыю Terrytoons, куды быў прыняты па рэкамендацыі сябра. Ажаніўся ва ўзросце 21 года, а першы сын Марк нарадзіўся, калі яму было 22. У 25 гадоў ён ужо ўзначальваў студыю, працаваў над экранізацыяй коміксаў («Чалавек-павук», «Майці-Маўс»).
Поўнаметражным дэбютам Р. Бакшы быў мультфільм «Кот Фрыц» (1972), які распавядаў пра прыгоды бестурботнага антрапаморфнага ката-хіпі. Стужка сабрала ў пракаце каля 100 мільёнаў долараў. У 1973 г. выйшаў мультфільм «Цяжкі шлях» («Heavy Traffic»), таксама разлічаны на дарослую аўдыторыю. Галоўны герой — малады мастак, трохі закамплексаваны дзівак, але ўнутрана вельмі свабодны і незалежны чалавек. У мультфільме былі змешчаны элементы анімацыі і ігравога кіно. У гэтых стужках прысутнічаюць шматлікія элементы эротыкі, што ў той час лічылася неверагодным для такога традыцыйна «дзіцячага» мастацтва, як мультыплікацыя.
У 1974 г. выходзіць прыквэл дэбютнага мультфільма — «Дзевяць жыццяў ката Фрыца», а ў 1977 г. — культавы мультфільм «Чараўнікі», зняты ў жанры фэнтэзі, са змяшчэннем анімацыі і кадраў з жывымі акцёрамі, у тым ліку маленькіх фрагментаў з фільма С. Эйзенштэйна «Аляксандр Неўскі».
Вядомасць Ральфу Бакшы прыносіць «Валадар пярсцёнкаў» (1978), зняты па матывах эпапеі Дж. Р. Р. Толкіна аб прыгодах чатырох хобітаў у фантастычным свеце Міжзем’я. Рэалістычная анімацыя была дасягнута метадам ратаскапіравання: на камеру быў зняты рух жывых акцёраў, чые выявы потым былі зафарбаваны і ператвораны ў мультыплікацыйных герояў. Наступныя мультфільмы — «Поп Амерыка» (1980) і «Полымя і лёд» (1981, разам з мастаком Фрэнкам Фразэтай) былі выкананыя ў той жа тэхніцы, і апошні з іх, нягледзячы на няўдалы пракат, трапіў у 100 лепшых мультфільмаў усіх часоў па версіі Rotten Tomatoes. Далей Бакшы вяртаецца да карыкатурнай тэхнікі і працуе над тэлевізійнымі серыяламі. А ў 1992 г. выходзіць фільм «Дзіўны свет» («Cool World», студыя Paramount Pictures) з Брэдам Пітам і Кім Бейсінгер ў галоўных ролях — адзін з першых фільмаў, дзе на адной сцэне дзейнічаюць мультыплікацыйныя персанажы і жывыя акцёры. У адрозненне ад стужкі «Хто падставіў труса Роджэра?» (1989) рэжысёра Роберта Земекіса і мультыплікатара Рычарда Уільямса, якія выкарысталі аналагічны мастацкі сродак, фільм Ральфа Бакшы не меў касавага поспеху.
У якасці аднаго з аніматараў над мультфільмам Бакшы «Валадар пярсцёнкаў» (1978) працаваў малады Цім Бёртан. У цітрах ён не пазначаны, бо прымаў удзел у якасці «пераходнага мастака». Гэта была яго першая праца над фільмам.
«Майці-Маўс» был адным з нямногіх амерыканскіх мультыплікацыйных серыялаў, якія трансліраваліся ў СССР у 1970-я гг.