Расіца англійская[3], Расіца даўгалістая (Drosera anglica) — насякомаедная расліна, расце на тарфяных балотах, від роду расіца (Drosera) сямейства расіцавыя (Droseraceae). Расце ў Еўропе, Паўночнай Амерыцы (Канада, ЗША), Манголіі.
Шматгадовая травяністая расліна вышынёй 10-25 см. Каранёвая сістэма слабая і служыць у асноўным для ўтрымання расліны на месцы і забору вады з глебы.
Лісце сабрана ў прыкаранёвую разетку, коса накіраваную ўверх. Ліставая пласцінка простая, лінейна-даўгаватай формы, даўжынёй 1,5-3 см, шырынёй да 5 мм. Вярхушка ліста закругленая, аснова клінаватая, паступова пераходзіць у хвасток. Хвасток доўгі, агульная даўжыня ліста разам з хвастко складае 5-10 см. Паверхня лісцінкі пакрыта буйнымі чырвонымі залозістымі валасінкамі, на канцах якіх выступаюць кропелькі бліскучай вязкай вадкасці, якая служыць для лоўлі насякомых.
Квітнее ў ліпені — жніўні. Суквецці — завіткі, якія складаюцца з дробных белых кветак, размешчаны на тонкіх чырванаватых кветканосах даўжынёй да 25 см.
Плод — аднагнездавая падоўжана-авальная гладкая пяцістворкавая каробачка даўжынёй да 7 мм. Насенне дробнае, чорнае ці чорна-бурае.
Зноскі
- ↑ Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
- ↑ Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
- ↑ Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 46. — 160 с. — 2 350 экз.