Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Рослаўль (руск.: Рославль) — горад (з 1755 года) у Расіі, адміністрацыйны цэнтр Рослаўльскага раёна Смаленскай вобласці. Насельніцтва 55,3 тыс. чалавек (2007). Заснаваны ў 1137 годзе.
Горад размешчаны на левым беразе ракі Асцёр (басейн Дняпра), за 123 км ад Смаленска, за 135 км ад Бранска. Лёгкая і харчовая прамысловасць, вытворчасць будматэрыялаў.
Рослаўль атрымаў назву ў гонар свайго заснавальніка — князя Расціслава Мсціславіча[2].
У 1130-х гг. Расціслаў забраў у чарнігаўскіх князёў тэрыторыі паміж Дзясной і Сажом, заснаваў гарады Рослаў і Мсціслаў, якім даў імёны, адпаведна,сваё і свайго бацькі.
У рэгіёне абапал сучаснай мяжы Беларусі і Расіі больш за два дзясяткі такіх назваў, што паходзяць ад стараславянскіх двухасноўных імёнаў (тыпу Хатовіж, Хіславічы (< Хаціславічы), Хацясловічы, Дабрахотаўка, Самахотаўка). Іх узнікненне імаверна адбылося ў той жа час і было звязанае з пасяленнямі Расціслававых дружыннікаў.
Паводле расійскага гісторыка Карамзіна, горад заснаваў муж полацкай князёўны Рагнеды — Уладзімір Святаславіч. Некаторыя гісторыкі прыпісваюць заснаванне Рослаўля Уладзіміру Манамаху.
Варыянты напісання назвы горада ў гістарычных крыніцах: Ростиславль, Rostislawl[3].
Каля 1137 года князь Расціслаў Мсціславіч заснаваў Рослаўль як адзін з гарадоў на заваяваных у радзімічаў землях. Першы пісьмовы ўспамін пра Рослаўль датуецца 1150 годам, калі ён уваходзіў у склад Смаленскага княства.
У XIV стагоддзі Рослаўль далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. 15 ліпеня 1410 года рослаўльская харугва брала ўдзел у Грунвальдскай бітве. У 1493 годзе горада захапілі маскоўскія войскі.
У 1503 годзе Рослаўль вярнуўся ў склад Вялікага Княства Літоўскага. У 1508 годзе ён увайшоў у склад Смаленскага ваяводства. У 1515[удакладніць] годзе маскоўскі гаспадар Іван IV зноў захапіў горад. Пасля яго смерці, у «смутныя часы» рослаўцы падтрымалі войскі Ілжэдзмітрыя I, прагнучы вяртання ў Вялікае Княства Літоўскае.
У 1618 годзе Рослаўль стаў цэнтрам староства ў складзе Смаленскага павета Смаленскага ваяводства. 24 сакавіка 1623 года кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза надаў гораду магдэбургскае права[4] і герб «у блакітным полі выява збройнага Святога Жыгімонта, у руках якога скіпетар і яблык»[5]. З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1654 годзе Рослаўль захапілі маскоўскія войскі.
Згодна з Андрусаўскім перамір’ем 1667 года Рослаўль апынуўся ў складзе Маскоўскай дзяржавы. У 1708 годзе ён увайшоў у склад Смаленскай губерні, дзе ў 1776 годзе стаў цэнтрам павета. У 1738 годзе ў Рослаўлі адкрылася школа з навучаннем на расійскай і польскай мовах.
Паводле афіцыйных звестак за 1866 год, беларусы складалі 94,7 % насельніцтва Рослаўльскага павета[6]. У канцы XIX стагоддзя ў Рослаўлі дзейнічалі 7 цэркваў, сярод іх саборная славілася абразам Маці Боскай (прывезены ў 1793 годзе з вострава Мальты), працавалі 2 прагімназіі, 5 вучылішчаў, сярод якіх духоўнае і чыгуначна-тэхнічнае, 2 багадзельні, 4 лякарні і 3 аптэкі. Агулам існавала 22 прамысловыя прадпрыемствы, з якіх вылучаліся 2 алейні і столькі ж гарбарняў. Гандлявалі канапланым і льняным алеем, пянькой, зернем, скурамі, тытунем, лыкам. Пункты адпраўкі — Рыга і Цэнтральная Расія. У гэты час беларусы складалі 94 % насельніцтва Рослаўльскага павета[5].
1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі Рослаўль увайшоў у склад Беларускай ССР, дзе меў стаць цэнтрам павета («падраёна»)[7]. Аднак 16 студзеня горад разам з іншымі тэрыторыямі Смаленскай губерні быў перададзены ў склад РСФСР.
У Вялікую Айчынную вайну з 3 жніўня 1941 да 25 верасня 1943 года Рослаўль знаходзіўся пад нацысцкай акупацыяй.
Клімат Рослаўля | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказчык | Сту | Лют | Сак | Кра | Май | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сне | |
Абсалютны максімум, °C | 8,5 | 9,4 | 18,3 | 28,7 | 31,0 | 31,4 | 36,4 | 37,3 | 29,4 | 25,9 | 15,2 | 10,1 | |
Сярэдні максімум, °C | −4 | −3,3 | 2,7 | 11,7 | 18,5 | 21,5 | 23,7 | 22,3 | 16,5 | 9,5 | 1,7 | −2,3 | |
Сярэдняя тэмпература, °C | −6,9 | −6,6 | −1,2 | 7,0 | 13,2 | 16,4 | 18,5 | 17,1 | 11,7 | 5,7 | −0,5 | −4,8 | |
Сярэдні мінімум, °C | −9,7 | −10 | −5,1 | 2,2 | 7,8 | 11,3 | 13,3 | 11,9 | 6,9 | 1,9 | −2,7 | −7,2 | |
Абсалютны мінімум, °C | −36,6 | −32,3 | −26,9 | −7,4 | −4,9 | −0,1 | 5,0 | 1,8 | −4 | −12,6 | −23,3 | −27,9 | |
Крыніца: meteolabs.ru: Рославль |
|
У Рослаўлі працуюць 10 сярэдніх школ.
Дзейнічаюць 2 бібліятэкі, палац і дом культуры.
Праз Рослаўль праходзяць аўтамабільныя дарогі А141 Рудня — Арол (ад Віцебска праз Смаленск і Бранск), А101 (Масква — Шэры Камень і далей на Бабруйск), і P137.
Горад стаіць на гістарычнай чыгуначнай Рыжска-Арлоўскай лініі. Тут знаходзіцца станцыя Рослаўль-I, вузлавая, аднесеная да другога класа.
Рослаўль злучаецца прыгыраднай чыгункай з Смаленскам, Жукаўкай і Фаянсавай (г. Кіраў Калужскай вобласці). Гарадскі транспарт прадстаўляюць дзясятак аўтобусных маршрутаў, таксі і маршрутныя таксі. Гарадская аўтастанцыя суседнічае з чыгуначным вакзалам і забяспечвае працу значнай колькасці маршрутаў прыгарадных і міжгародніх аўтобусаў.
У горадзе захавалася дастаткова вялікая колькасць архітэктурных пабудоў XIX стагоддзя. Сярод іх асабнякі, сядзібы, гасцініцы, жылыя дамы і гаспадарчыя пабудовы. Але і культавых збудаванняў старажытнай пабудовы ў Рослаўлі нямала. Гэта каменныя цэрквы, саборы, манастыры, большасць з якіх былі пабудаваны ў канцы XVIII стагоддзя.