Самсон

Самсон — старажытнаяўрэйскі герой, біблейскі суддзя, які праславіўся сваімі подзвігамі ў барацьбе з філістымлянамі і вылучаўся звышнатуральнай адвагаю і сілай.

Паводле падання, паходзіў з ізраільскага Данава пакалення, якое найбольш падвяргалася прыгнёту з боку філістымлян. Крыніцай казачнай магутнасці Самсона цудадзейна служылі яго валасы, якія ён ніколі не павінен быў стрыгчы. Калі Самсон стаў дарослым, ён закахаўся ў філістымлянку Далілу і, насуперак волі бацькоў, пажадаў яе мець за жонку. Гэта стала прычынай розных няшчасцяў і прыгод. Аднойчы ў дарозе да сваёй нявесты Самсон сустрэўся з львом, які напаў на яго і якога ён разарваў уласнымі рукамі. Неўзабаве пасля вяселля Самсон на пэўны час пакінуў сваю жонку і накіраваўся ў дом сваіх бацькоў, а калі вярнуўся, аказалася, што яе выдалі замуж за другога чалавека, які быў яго шлюбным сябрам. Скупляючы сваю віну перад зяцем, цесць прапанаваў Самсону ў жонкі меншую дачку, але Самсон, не зважаючы на яе выключную прыгажосць, адмовіўся ад яе і пачаў помсціць філістымлянам за такую здраду. Для гэтага ён злавіў 300 лісіц, звязаў іх папарна хвастамі, паміж хвастамі прывязаў па факелу і выпусціў на тэрыторыю філістымлян. Пачаўся знішчальны пажар. Тады, спаганяючы зло на віноўніку прычыненых ім бедстваў, філістымляне схапілі цесця Самсона і спалілі яго. Але гэта яшчэ больш абурыла магутнага волата, і ён, як апісваецца ў біблейскай кнізе «Суддзі», узброены толькі адною сківіцай асліцы, знішчыў 1000 філістымлян. Аднойчы філістымляне імкнуліся знішчыць Самсона, які заначаваў у зачыненым імі горадзе Газе, але ён, прачнуўшыся апаўночы, разбурыў гарадскую браму і вынес яе разам з касякамі на вяршыню суседняй гары.[1]

Давер Самсона да каханай ім філістымлянкі Далілы ўрэшце абярнуўся для яго трагедыяй. Прагная да абяцанага суайчыннікамі каштоўнага падарунка крывадушная Даліла паабяцала выведаць у Самсона, у чым сакрэт яго неверагоднай сілы, і гэта ёй удалося. Выкарыстаўшы зручны момант, філістымляне абстрыглі соннага Самсона, потым асляпілі і закавалі ў ланцугі. Калі аднойчы сляпога Самсона прывялі ў храм, каб прынесці яго на пацеху прысутных у ахвяру богу Дагону, ён папрасіў правадніка падвесці яго да апорнага слупа храма, каб можна было да яго прытуліцца. Праваднік выканаў просьбу. Тады Самсон, абмацаўшы апору, адчуў сваю былую сілу і з усёй моцы так штурхнуў гэты слуп, што храм рухнуў і пад сваімі абломкамі пахаваў Самсона, а разам з ім і мноства прысутных у храме філістымлян. У гэтым міфічным паданні пра Самсона знайшлі сваё адлюстраванне гістарычныя падзеі 12—11 ст. да н. э., звязаныя з барацьбой старажытнаяўрэйскіх плямён з філістымлянамі. Відаць, на гэтым біблейскім паданні ляжыць яўны адбітак уплыву вавілонскай, а магчыма, і грэчаскай міфалогіі, у прыватнасці міфаў пра Гільгамеша і Геракла.[1]

Зноскі

  1. а б Скарына Ф. Творы:… С. 159—160.