Паселішча ў ваколіцах Саўт-Рывера, у сярэдняй частцы штата Нью-Джэрсі, было заснавана ў 1720, але толькі ў 1897 набыло выгляд, у якім існуе і па сёння. Тады ж, у канцы ХІХ ст., пачаўся імклівы рост насельніцтва, чаму спрыялі і эмігранты з Еўропы. У 1890 ў Саўт-Рыверы жылі 1796 чалавек, у 1900—2792, у 1910 — 4772, у 1915 — 6691. Такім чынам за 25 гадоў насельніцтва горада вырасла больш як у 3 разы. Прыток эмігрантаў працягнуўся ў 20-я гг. ХХ ст., а таксама пасля Другой сусветнай вайны. У 1950 г. у Саўт-Рыверы пражывалі 11308 чалавек, у 2000 — 15322.[2]
Саўт-Рывер з’яўляецца адным з цэнтраў беларускай эміграцыі. Беларусы сталі перасяляцца сюды ў канцы ХІХ ст. У пачатку ХХ ст. славянскія выхадцы з Беларусі складалі ў Саўт-Рыверы да траціны насельніцтва, засяліўшы пераважна паўднёвую частку горада. Менавіта эмігранты з ваколіц Маладзечна і Вілейкі пабудавалі царкву Святых Пятра і Паўла, тады ў юрысдыкцыі РПЦ. Збеларусізаваўся Саўт-Рывер у пачатку 1950-х з перасяленнем у яго некалькіх дзясяткаў беларускіх эмігрантаў з лагероў для перамешчаных асоб у Германіі. Беларусы заснавалі прыход Св. Ефрасінні Полацкай у юрысдыкцыі канстанцінопальскага патрыярхата, збудавалі царкву, Беларуска-амерыканскі культурны цэнтр. У Саўт-Рыверы дзейнічалі, і дзейнічаюць зараз, некалькі грамадскіх і сацыяльных арганізацый, выдаваліся газеты і часопісы, напр. «Беларус у Амерыцы», часопіс «Беларуская думка» выходзіць і па сёння. У рысе горада знаходзяцца асобныя беларускія могілкі.