Свідзі́на (Swida) — падрод раслін роду Кізіл (Cornus) у сямействе Кізілавыя (Cornaceae).
Лістападныя кусты або дрэвы вышынёй 1,5—6 м. Лісце супраціўнае, суцэльнае, чаранковае. Кветкі белыя, у шчытка- ці парасонападобных суквеццях. Плод — сакаўная, чорная або белая касцянка.
Уключаны як падрод у род Кізіл (Cornus), часам вылучаюць у асобны род.
Каля 20—30 відаў.
Пашыраны ва Усходняй Азіі і Паўночнай Амерыцы. У Беларусі 1 від — Свідзіна крывава-чырвоная (Cornus sanguinea). Трапляецца на схілах у лісцевых і мяшаных лясах. Больш за 10 відаў прайшлі інтрадукцыйную праверку ЦБС НАН РБ. Выведзена шмат садовых форм.
Дэкаратыўныя, тэхнічныя і меданосныя расліны. З насення атрымліваюць тэхнічны алей. З галін вырабляюць кошыкі і маты. Драўніна выкарыстоўваецца ў дэкаратыўным мастацтве. Расліны высаджваюць з мэтай замацавання пяскоў і схілаў.
Зноскі
- Свидина — род Swida: інфармацыя пра таксон у праекце «Плантариум» (вызначальнік раслін і ілюстраваны атлас відаў). (руск.)