Селы — усходнябалцкае племя, якое ў пачатку XIII стагоддзя займала левабярэжжа Дзвіны (паўднёвы ўсход цяперашняй Латвіі і сумежны раён на паўночным усходзе цяперашняй Літвы).
Палітычны і ваенны цэнтр селаў — умацаванае гарадзішча (існуе з VI стагоддзя) і паселішча Селпілс на беразе Заходняй Дзвіны. Селы вялі барацьбу супраць нямецкай агрэсіі, але ў 1208 годзе трапілі ў залежнасць ад Лівонскага ордэна. Селы ўвайшлі ў склад латышоў і часткова літоўцаў.
У 2021 годзе ў Латвіі прыняты закон, згодна з якім вылучаецца пяты гістарычны рэгіён у складзе Латвіі — Сэлія (апроч Латгалэ, Зэмгалэ, Курзэмэ і Відзэмэ).
Назва селаў найімаверней гідранімічнага паходжання, ад назвы краю *Sėlia (Се́ля, Се́лія), якая ад не захаванай да сёння рачной назвы тыпу балцк. *Sēla.
Ад кораня *sel- / sal-, ад якога таксама латвійскія гідронімы тыпу Sēlīte, Salaca, Salate, Saliene, Sal-upe, літоўскія Sėliupis, Sal-upis, Sala, Salantas, таксама балцкія гідронімы на Павоччы тыпу Села, Селна, Сельна, Селена, Салона[1].
Звязана з літоўскім salti «памалу цячы, разлівацца», прускім salus «дажджавы ручай». Назва ракі Села значыла «Плыткая (рака)».
Адзіны тапонім, звязаны з селамі, на тэрыторыі сучаснай Беларусі — Селігоры (< Сълигора < Sēligalā «Селіголь; край селаў»[2]).
Назвы многіх рэгіёнаў, утвораныя ад назваў балцкіх плямёнаў, звязаныя менавіта з гідронімамі, якія найчасцей таксама не захаваліся і не ідэнтыфікуюцца. Назвы Галінда, Натангія (прускія землі), Яцвязь, Судовія (зямля роднасных яцвягам судоваў)[3], Нальша, Латыголь[4], імаверна і Літва, а таксама назва дагістарычных неўраў, звязваюцца з гідронімамі з асновамі Gal-ind-, Nat-ang-, Jat-(а)v-, Sūd-(а)v-, Nal-š-, Lat-, Liet-(u)v-[5], Nau-r-[6]. Мяркуецца, што на адпаведных рэчках маглі знаходзіцца сакральна-рэлігійныя цэнтры пэўнага рэгіёна (племені).
У падзвінскім рэгіёне, які прымыкае адначасова да Латвіі і Літвы, назоўная спадчына селаў — назвы азёраў Вісяты, Золва, Опса.
Гэтыя назвы аднаўляюцца як *Veisintas, *Zalva[7], *Apsa. Іх літоўскія адпаведнікі — водныя назвы Viešintas, Žalvė, Apša ("Цякучае", "Зеленаватае", "Асінавае"), без уласцівага мове селаў пераходу ž > z і š > s.
Недалёка ад іх, на тэрыторыі Літвы, уздоўж літоўска-латвійскай мяжы — азёры, назвы якіх таксама вызначаюцца як сялонскія: Zarasas, Vazajis, Zalvas, Zalvė[8].
Далей на ўсходзе вядомыя некалькі балцкіх гідронімаў "сялонскага" тыпу: