Станіслаў Арыхоўскі-Раксалан | |
---|---|
польск.: Stanisław Orzechowski | |
![]() | |
Дата нараджэння | 11 лістапада 1513[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1566[2][3][…] |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | каталіцкі святар, эсэіст, debater |
Альма-матар | |
Кірунак | Адраджэнне, ідэолаг "шляхецкай дэмакратыі" ў Рэчы Паспалітай |
Значныя ідэі | канцэпцыя «натуральных правоў»; «шляхецкая дэмакратыя», «залатыя шляхецкія вольнасці» ў Польскай Кароне; канцэпцыя агульнага «еўрапейскага дома» |
![]() |
Станіслаў Арыхоўскі (Ажахоўскі) (укр.: Станіслав Оріховський, польск.: Stanisław Orzechowski, лац.: Stanislaus Orzehovius) — украінскі грамадскі дзеяч эпохі Рэнесансу, пісьменнік, філосаф і ідэолаг шляхецкага руху ў Польскай Кароне.
На жыцці Арыхоўскага адбілася ўсё тое спляценне палітычных і культурных фактараў, што ўплывалі на украінскую гісторыю ХV ст. Нарадзіўся ён пад Перамышлем, паходзіў з польска-украінскага роду герба «Окша». Сам быў ксяндзом, яго дзед (па матчынай лініі) — праваслаўным святаром. У маладосці Арыхоўскі навучаўся ва ўніверсітэтах Польшчы і Заходняй Еўропы, яго настаўнікамі былі М. Лютэр і Ф. Меланхтан, знаёмымі — А. Дюзрэр, У. фон Гутэн, Л. Кранах Старэйшы і інш.[4] Прадстаўнік рэнесанснай грамадскай думкі, С. Арыхоўскі рашуча адстойваў ідэі шляхецкага парламентарызму, развіцця шляхецкага руху за свае правы і вольнасці, быў прыхільнікам тэорыі грамадска-дагаворнага паходжання дзяржавы і ідэі натуральнага права [5]. Станіслаў Арыхоўскі пакінуў багатую літаратурную спадчыну. Да яе перадусім трэба аднесці такія творы, як «Устаноўкі польскаму каралю Жыгімонту Аўгусту» (1543 і 1548) — праект пераўтварэнняў у дзяржаве ў духу «шляхецкай дэмакратыі» і супрацьстаяння асманскай агрэсіі; «Прамова на пахаванне Жыгімонта І» (1548); дзве прамовы «Пра турэцкую пагрозу» (1543—1544) — яскравы прыклад плыні так зв. «Польскай антытурэцкай літаратуры», што заклікала ўмацоўваць абарону дзяржавы перад тварам пагрозы з боку Асманскай імперыі; «Натуральнае права» — твор, што, на жаль, не захаваўся да нашых дзён; а таксама, шэраг лістоў — да Пятра Гамрата (1544), Паўла Рамузіо (1549) і інш.
С. Арыхоўскі падмацоўваў сваю грамадскую канцэпцыю заклікам да уніі каталіцкай і праваслаўнай цэркваў, што таксама павінна было паспрыяць злітаванню ўсёй шляхты Кароны ў адзін палітычны народ. Добра разумеў ён і геапалітычнае становішча сваёй радзімы: С. Арыхоўскі з’яўляецца адным з прадстаўнікоў канцэпцыі агульнага «еўрапейскага дома», неабходнасць умацавання якога ён тлумачыў у першую чаргу патрэбай абароны ад асманаў [6].
Амаль што ва ўсіх творах Станіслава Арыхоўскага добра прасочваецца яго палітычная і этнічна-культурная самаідэнтыфікацыя. Пачнём з таго, што, падпісваючы свае творы, каля свайго прозвішча ён ставіў словы «Раксалан» ці «Рутэнец» («русін»), таму і вядомы ў гісторыі як Арыхоўскі-Раксалан (Orzehovius Roxolanus). Адкрыта ідэнтыфікаваў ён сябе як «русіна» ў большасці сваіх твораў. Так, у адным з іх — палітычным трактаце «Узорны падданы» — Арыхоўскі заяўляе: «Я русін, ганаруся гэтым, ахвотна пра гэта паўсюдна кажу» [7]. Свой родны Перамышль Арыхоўскі неаднаразова называе «рускім». У лісце да П. Рамузіо ён піша: «Перамышль, даволі паказное месца ў Русі». Русь ён называе «сваёй бацькаўшчынай», наогул для твораў Арыхоўскага характэрна апазіцыя «мы — яны». Да першых ён адносіць уласна Русь і Польшчу (хоць апошнюю і не заўсёды), да другіх — Масковію, Венгрыю і інш. замежныя краіны.
Аднак з «русінскай» ідэнтыфікацыяй у творах С. Арыхоўскага арганічна пераплятаецца і тоеснасць з Польскай дзяржавай, яе рэлігіяй і культурай. У лісце да П. Гамрата Арыхоўскі піша: «Я чалавек рутэнскага роду, што нарадзіўся і выхаваны быў у рымскім абрадзе». Ідэнтыфікацыя з Польскай дзяржавай добра прасочваецца ў лісце да італьянскага гуманіста П. Рамузіо, дзе С. Арыхоўскі зазначае, што студэнтаў з земляў Русі у заходнееўрапейскіх універсітэтах называюць палякамі, бо яна «з’яўляецца правінцыяй, што ўваходзіць у склад Польшчы». Не чужой для Арыхоўскага з’яўляецца і польская ідэя сарматызму, сарматам ён лічыць і сябе: «я таксама сармат, таму што Украіна, якая з’яўляецца маёй радзімай, ляжыць у еўрапейскай частцы Сарматыі» [8].
І ўсё ж сапраўднай дэкларацыяй поглядаў Станіслава Арыхоўскага-Раксалана стала яго вызначэнне украінскага шляхціца ў Польшчы: «рускага племя польскай нацыі» («gente Ruthenus natione Polonus») [9], што як нельга лепш сведчыць пра падвоенасць палітычнай свядомасці [6]. Чаму палітычнай? С. Арыхоўскі, безумоўна, добра бачыў уплывы этнічнага, рэлігійнага і інш. аспектаў на жыццё грамадства. Аднак нацый у сучасным разуменні гэтага паняцця яшчэ не склалася, таму пад «народам» у той час хутчэй трэба разумець «шляхецкі народ» / «шляхецкую нацыю». Шляхта не аб’ядноўвала сябе яшчэ з прадстаўнікамі іншых сацыяльных станаў у адну нацыянальную супольнасць. Так, пад назваю ўтворанай у ХVІ стст. дзяржавы Рэч Паспалітая Абодвух Народаў трэба разумець саюз «шляхецкіх народаў» Польшчы і ВКЛ, з’яднаных «агульнай справай» (res publika — Rzeczpospolita). У гэтым святле «gente Rutenus natione Polonus» можна разумець таксама і як «рускае племя польскай дзяржавы». Украінская шляхта, разумеючы свае «рускае» паходжанне, усведамляла і сваю прыналежнасць да польскай палітычнай нацыі.