Сумба

Сумба
індан. Pulau Sumba
Вёска на Сумбе
Вёска на Сумбе
Характарыстыкі
Плошча
  • 10 711 км²
Найвышэйшы пункт1 225 м
Насельніцтва
  • 611 422 чал.
Размяшчэнне
9°40′00″ пд. ш. 120°00′00″ у. д.HGЯO
АрхіпелагМалыя Зондскія астравы
АкваторыяІндыйскі акіян
Краіна
РаёнУсходнія Малыя Зондскія астравы
Сумба (Інданезія)
Сумба
Сумба
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Су́мба[1] (індан.: Pulau Sumba) — востраў у складзе Малых Зондскіх астравоў. Тэрыторыя Інданезіі. Размешчаны ў Індыйскім акіяне паміж астравамі Ява (на захадзе) і востравам Ламбок і астатнімі Малымі астравамі Сундэ (Сумбава, Флорэс і Тымор, аддзелены ад іх пралівам Сумба[2]). Плошча — 11 200 км². Насельніцтва (2010 г.) — 685 186 чал.

Востраў Сумба знаходзіцца на поўдні Інданезіі за 1383 км на паўднёвы ўсход ад Джакарты. Абрысамі нагадвае паўмесяц, звернуты на паўднёвы захад. Даўжыня з паўднёвага ўсходу на паўночны захад — 220 км. Найбольшая шырыня — 78 км. Праз цэнтральную частку вострава цягнецца горны хрыбет з шырокімі разломамі і суседнімі плато. Найвышэйшы пункт над узроўнем акіяна — 1225[1] м.

Востраў Сумба сфарміраваўся ў позні мелавы перыяд як частка буйной вулканічнай дугі. Актыўнасць мясцовых вулканаў скончылася каля 31 млн гадоў таму. Каля 16 млн гадоў таму Сумба аддзялілася ад адзінай дугі і паступова стала перамяшчацца на паўднёвы захад з хуткасцю 50 мм у год. Гэты рух скончыўся каля 7 млн гадоў таму.

Паверхня складаецца пераважна з пясчанікаў і аргілітаў, ёсць выхады вулканічных парод. Рэкі кароткія, парожыстыя. Сумба месціцца ў зоне частых землятрусаў і цунамі.

На Сумбе дамінуе засушлівы экватарыяльны клімат з 2 выразнымі сезонамі — сухім з чэрвеня да кастрычніка і вільготным з лістапада да сакавіка. Найбольшая колькасць ападкаў на паўднёвым захадзе — 1600 мм у год. На паўночным усходзе сярэднегадавы паказчык ападкаў не перавышае 600 мм.

Галоўны горад — Вайнгапу[1].

У мінулым востраў Сумба пакрывалі лісцяныя мусонныя лясы. Аднак у выніку экстэнсіўнага земляробства, якое суправаджалася выпальваннем дрэў, іх плошча скарацілася да 10 % паверхні. У асноўным яны растуць на схілах гор, на ўсходзе — уздоўж яраў, дзе суседнічаюць з саваннамі. Вырубукі і выпальванні працягваюцца. Толькі 3 % плошчы Сумбы знаходзіцца пад аховай.

Фаўна прадстаўлена 17 відамі сысуноў, 180 відамі птушак, 12 з якіх — эндэмікі, рэптыліямі, шматлікімі казуркамі.

Хаця сістэматычныя археалагічныя раскопкі праводзяцца на востраве Сумба з 1970-х гадоў, яго старажытная гісторыя амаль не вядома. Як паказваюць даследаванні генетыкаў і лінгвістаў, прамымі продкамі сучасных сумбанцаў былі старажытныя аўстранезійцы. Першапачаткова яны насялілі паўночныя берагі, пасля — астатнія часткі вострава. На Сумбе доўгі час захоўвалася традыцыя ўзвядзення мегалітычных помнікаў. Найбольш вядомы з іх — Анакаланг.

Да сярэдзіны 2 тысячагоддзя н. э. насельніцтва Сумбы было ўцягнута ў міжнародны гандаль. Адсюль вывозілі духмяныя віды драўніны, тэкстыль, рабоў, увозілі жалеза, фаянс, срэбра. Магчыма, дзякуючы арабскім гандлярам на Сумбу трапілі коні. Мяркуюць, што ў познім сярэднявеччы частка вострава знаходзілася ў залежнасці ад яванскай імперыі Маджапахіт. У 1522 годзе востраў Сумба ўпершыню з’явіўся на партугальскіх картах пад назвай Чэндан. Тэрыторыя вострава была падзелена паміж некалькімі дзяржаўнымі аб’яднаннямі, што несупынна вялі войны, дзякуючы якім квітнеў гандаль рабамі.

У 1866 годзе Сумба была далучана да каланіяльных валоданняў Галандскай Ост-Індскай кампаніі. Каланіяльная адміністрацыя першапачаткова імкнулася кіраваць праз раду правадыроў, але тыя практычна не падпарадкоўваліся ёй. У 1901 гадзе ўспыхнуў узброены канфлікт, пасля якога галандскія чыноўнікі забаранілі войны, адмянілі рабства, пачалі збіраць падаткі на будаўніцтва дарог. Вялася актыўная місіянерская дзейнасць, што, аднак, не перашкодзіла захаванню мясцовай рэлігіі марапу. Уцягванне тубыльцаў у дарожныя працы, а таксама адміністрацыйнае і царкоўнае кіраванне садзейнічала стварэнню адукаванага пласта насельніцтва.

Пасля II Сусветнай вайны большасць чыноўнікаў мясцовага паходжання падтрымала барацьбу Інданезіі за незалежнасць. У 1949 годзе Сумба стала часткай гэтай дзяржавы.

Асноўную частку насельніцтва складае народ сумба. Існуе выразны падзел паміж традыцыйнымі культурамі і мовамі насельнікаў заходняй і ўсходняй частак вострава. Асноўная рэлігія — хрысціянства. Акрамя таго, пашырана мясцовая рэлігія марапу.

Востраў Сумба — адзін з найбяднейшых рэгіёнаў Інданезіі. Значная частка насельніцтва жыве ў вёсках, дзе адчуваецца недахоп пітной вады і медыцынскага абслугоўвання. Асноўныя галіны эканомікі — сельская гаспадарка, ручная вытворчасць тэкстылю, паступова развіваецца турызм.

  • Су́мба // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 266. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Су́мба // Географический энциклопедический словарь: Географические названия (руск.) / Гл. ред. А. Ф. Трёшников; Ред. кол.: Э. Б. Алаев, П. М. Алампиев (зам. гл. ред.) и др. — 2-е изд., исправл. и дополн. — М.: Советская энциклопедия, 1989. — С. 457. — 592 с. — 210 000 экз. — ISBN 5-85270-057-6.
  • Су́мба // Энциклопедический географический словарь (руск.). — М.: РИПОЛ классик, 2011. — С. 645. — 800 с. — (Словари но­вого века). — 5 000 экз. — ISBN 978-5-386-03063-6.