Сусветны цэнтр Бахаі (іўр.: הבהאי הטולמי המרכז) — месца паломніцтва і адміністрацыйны цэнтр для паслядоўнікаў веры Бахаі. Знаходзіцца ў гарадах Хайфа і Акка ў Ізраіле. Вядомы сваімі садамі, размешчанымі на горнай градзе Кармель.
Асноўныя аб’екты Сусветнага цэнтра бахаі, у тым ліку тэрасы і Пахавальня Баба , у ліпені 2008 года былі ўнесены ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА[1][2].
У 1868 г., па ўказу турэцкага султана, у гавань каля падножжа гары Кармель прыбыла невялікая група зняволеных. З гэтага моманту і пачаўся адлік агульнага лёсу новай рэлігіі і свяшчэннага з даўніх часоў месца. Першапачаткова ссыльныя ўтрымліваліся ў Акка, але потым умовы зняволення змякчыліся, адносіны з мясцовым насельніцтвам наладзіліся, і сем’і вернікаў сталі сяліцца ў Хайфе і Акка і займацца разнастайнымі рамёствамі. Сям’я Бахаулы , заснавальніка рэлігіі, таксама атрымала магчымасць жыць за межамі Акка, у мясцовасці з больш спрыяльным кліматам, і наведваць Хайфу. Пастаянна расла колькасць паломнікаў з Персіі, Егіпта і іншых краін.
Пасля смерці Бахаулы ў 1892 годзе, калі кіраўніцтва справамі рэлігіі перайшло да яго старэйшага сына Абдул-Баха, цэнтр веры канчаткова замацаваў сваё месцазнаходжанне: пахавальня Бахаулы знаходзіцца недалёка ад Акка, што вызначае асаблівае значэнне гэтага пункта зямнога шара для веруючых бахаі.
У 1909 годзе, амаль праз 60 гадоў пасля смерці, астанкі Баба , якога лічаць пасланцам бога і папярэднікам Бахаулы, былі перапахаваныя ў маўзалеі на схіле гары Кармель у Хайфе. Размяшчэнне пахавальні было абрана яшчэ Бахаулой. У больш позні час над маўзалеем была ўзведзена мрамарная надбудова. Падрыхтоўка праекта была даручана канадскаму архітэктару Уільяму Максвелу , які здолеў сумясціць усходнія традыцыі з заходнімі прапорцыямі і стылем. Нарэшце, у 1953 годзе ўсе работы былі завершаны, і для шырокай публікі адкрылася каланада з залочаным купалам[3], якому было наканавана стаць візітнай карткай Бахайскіх садоў, а потым і ўсёй Хайфы.
21 красавіка 1963 года ў Хайфе, у доме, дзе некалі жыў Абдул-Баха , упершыню быў абраны вышэйшы кіруючы орган рэлігіі бахаі — Сусветны дом справядлівасці[4]. Пазней для яго было пабудавана спецыяльнае памяшканне паблізу ад пахавальні Баба.
У 1987 годзе Сусветны цэнтр бахаі прымае рашэнне абкружыць свяцілішча тэраснымі садамі, якія б служылі ў якасці шляху, які вядзе да аднаго з самых святых месцаў для паломнікаў бахаі. Праектаванне было даручана іранскаму эмігранту Фарыборзу Сахба . Урачыстае адкрыццё комплекса адбылося 22 мая 2001 года ў прысутнасці афіцыйных асоб дзяржавы Ізраіль, мэрыі горада Хайфа і іншых высокапастаўленых гасцей.
Сады адкрытыя для наведвання кожны дзень, без папярэдняга запісу, бясплатна. Дзевятнаццаць тэрас, на якіх размяшчаецца комплекс садоў, утвараюць адзіную «лесвіцу». Акрамя таго, у пэўныя дні прапануюцца туры ў суправаджэнні гіда на адной з трох моў — іўрыце, рускай ці англійскай.
Сады абслугоўваюцца групай з 90 чалавек, большая частка з якіх — валанцёры з ліку паслядоўнікаў рэлігіі. Астатнія — спрактыкаваныя садоўнікі[3]. Працягласць тэрас зверху ўніз каля кіламетра, шырыня мяняецца ад 60 да 400 м. На будаўніцтва было выдаткавана 250 млн долараў[3].
Каля свяцілішча наўмысна не змайстравалі лавак, што не спрыяе доўгаму знаходжанню на тэрыторыі комплекса. Галоўная прычына, хутчэй за ўсё, тое, што бахаі не любяць, калі побач са святым месцам пачынаюць есці, піць і выкарыстоўваць мабільны тэлефон.
Усе выдаткі Сусветнага цэнтра аплочваюцца са сродкаў, добраахвотна ахвяраваных выключна паслядоўнікамі веры Бахаі. Ад іншых асоб ахвяраванні не прымаюцца.
Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб’ект № 1220 рус. • англ. • фр. |
Сусветны цэнтр бахаі на Вікісховішчы |