Сцяг Рэспублікі Хакасія | |
---|---|
Расія, Рэспубліка Хакасія | |
Зацверджаны | 1 кастрычніка 2003 |
Прапорцыя | 1:2 |
Аўтарскі калектыў | |
С. А. Данскоў, Г. А. Вяткін | |
25 лістапада 2002 — 24 верасня 2003 |
|
23 снежня 1993 — 25 лістапада 2002 |
|
6 чэрвеня 1992 — 23 снежня 1993 |
|
Прапорцыя | 1:2 |
Сцяг Хакасіі (хак. Хакас Республиказың Флаг) з’яўляецца дзяржаўным сімвалам Рэспублікі Хакасія Расійскай Федэрацыі.
Дзеючы сёння сцяг зацверджаны Законам Рэспублікі Хакасія ад 1 кастрычніка 2003 года № 52[1] і ўнесены ў Дзяржаўны геральдычны рэгістр Расійскай Федэрацыі з прысваеннем рэгістрацыйнага нумара 1327.
«Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Хакасія ўяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з чатырох палос. Тры роўнавялікія паласы размешчаны гарызантальна ў паслядоўнасці: верхняя — сіняга, сярэдняя — белага і ніжняя — чырвонага колеру. Чацвёртая паласа, зялёнага колеру, размяшчаецца вертыкальна, непасрэдна ў дрэўка, аб’ядноўваючы гарызантальныя палосы.
У сярэдзіне зялёнай паласы намаляваны салярны знак (сімвал Сусвету) залацістага колеру.
Шырыня кожнай з гарызантальных палос складае адну траціну шырыні сцяга.
Адносіны шырыні сцяга да яго даўжыні 1:2».
У 1992-2003 гадах сцяг Хакасіі выглядаў гэтак жа сама, як і сучасны варыянт, але паслядоўнасць гарызантальных палос была іншай (зверху ўніз: белая, сіняя, чырвоная).
У 2003 годзе па патрабаванні Геральдычнага савета пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі і пасля пратэсту пракурора Рэспублікі Хакасія на артыкул 1 Закона Рэспублікі Хакасія ад 25 лістапада 2002 года № 68 «Аб Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Хакасія»[2], парадак размяшчэння палос быў зменены, каб не паўтараць размяшчэнне палос на сцягу Расіі, што забаронена федэральным канстытуцыйным законам «Аб Дзяржаўным сцягу Расійскай Федэрацыі».
На сцягу 1992 года салярны знак адлюстроўваўся чорна-белым[3], на сцягу 1993 года залаціста-белым[4], на сцягу 2002 — залацістым[5].
Зялёны колер паласы ўздоўж дрэўка сцяга — асноўны колер сцяга Старажытнахакаскай дзяржавы — сімвалізуе сувязь сучасных хакасаў са сваімі далёкімі продкамі. Зялёны таксама колер вечнага жыцця, тайгі, вясновага стэпу, лугоў, адраджэння, сяброўства і братэрства народаў Хакасіі, традыцыйны колер Сібіры. Намаляваны на сцягу салярны знак быў знойдзены на каменных статуях, якія сустракаюцца толькі на тэрыторыі Хакасіі. Ён сімвалізуе даніну павагі да пакаленняў людзей, якія жылі на зямлі Хакасіі.[6]