(Tày) | |
Агульная колькасць | 1863700 (2021 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | В’етнам |
Мова | тай |
Рэлігія | культ продкаў, будызм |
Блізкія этнічныя групы | зяй, тайцы, лаа |
Тай (саманазва Tày, літаральна «чалавек») — тайскі народ на поўначы В’етнама і поўдні Кітая. Некаторыя прадстаўнікі тай таксама жывуць у Францыі і ЗША. Агульная колькасць (2021 г.) — 1 863 700 чал.[1]
Тай — нашчадкі мігрантаў, якія перасяліліся на поўдзень Кітая і поўнач В’етнама паміж 4 і 1 тысячагоддзямі да н. э. з далін на поўдзень ад ракі Янцзы. Суседзі-в'еты называлі іх тхо[2], аднак у наш час гэты тэрмін выкарыстоўваецца толькі для в’ет-мыонгскага племяннога насельніцтва Паўночнага В’етнама. Сярод кітайцаў распаўсюджаны тэрмін па-дай (кіт.: 岱依族)[3].
Тай жывуць на ніжніх схілах гор і займаюцца пераважна сельскай гаспадаркай. Вырошчваюць галоўным чынам рыс, але таксама клубневыя культуры, кукурузу, садавіну і гародніну.
Вёскі засноўваюць каля падножжа гор. Звычайна яны складаюцца з 15 — 20 гаспадарак. Большыя па памерах паселішчы падзяляюцца на абшчыны з прыкладна такой жа колькасцю двароў. Традыцыйныя хаціны слупавыя. Раней яны будаваліся на па́лях, каб абараніць іх уладальнікаў ад дзікіх жывёл. У наш час распаўсюджаны двухпавярховыя наземныя жытлы, але першы паверх выкарыстоўваецца ў гаспадарчых мэтах, а другі як жыллё. Знутры жылая прастора падзяляецца на дзве камеры. У адной спяць. Другая частка — для баўлення часу і рытуальных дзеянняў. У ёй звычайна месціцца сямейны алтар. У памежных рэгіёнах сустракаюцца ўмацаваныя мураваныя будынкі.
Тай аддаюць перавагу баваўнянай чырвонай вопратцы. Жанчыны апранаюць чорныя штаны, а паверх іх — доўгія спадніцы з вузкімі рукавамі. З правага боку да падпахі робіцца выраз, які счапляецца шпількамі. І мужчыны, і жанчыны таксама носяць доўгія каляровыя шалікі.
Асновай народнай кулінарыі з’яўляецца клейкая рысавая каша. Яна дапаўняецца смажанымі стравамі з садавіны і гародніны, лясной травой і карэннямі. У паўсядзённым жыцці шырока распаўсюджаны алкагольныя напоі, розная выпечка.
У мінулым тай не мелі адзінага палітычнага саюза. Вёскі разам з навакольнымі землямі лічыліся маёмасцю правадыроў, а астатнія жыхары — іх падданымі. Сем’і былі пашыранымі. У казках і легендах узгадваюцца матрылакальныя шлюбы, але ў гістарычны час яны не зафіксаваны. Сексуальныя зносіны да шлюбу не забаронены, але выбар нявесты залежыць ад бацькоў жаніха. Будучая жонка ацэньваецца імі з пункту гледжання дабрабыту яе сям’і, сацыяльнага статусу і гараскопу.
Цяжарныя жанчыны і іх мужы павінны прытрымлівацца шматлікіх абмежаванняў. У сям’і нараджэнне сына заўсёды лічыцца святам. Заахвочваецца паважлівае стаўленне дзяцей да аднагодкаў і пажылых. Сямейныя разводы рэдкія.
Народны каляндар заснаваны на месячных цыклах. Кожны цыкл суправаджаецца святам. Тай маюць багаты песенны фальклор.
Большасць вернікаў спавядае будызм. Шырока распаўсюджаны культ продкаў, розныя віды магіі, асабліва астралогія. У культуры кітайскіх тай назіраецца пэўны ўплыў даасізму. Тай вераць у існаванне асобых хатніх духаў і духаў нараджэння. У мінулым агульнавясковыя рытуалы выпраўлялі правадыры. Іх улада лічылася свяшчэннай.
Мова тай належыць да тайскай сям’і моў, мае шэраг дыялектаў. Да пачатку XX ст. тай карысталіся піктаграфічным пісьмом. Пазней быў распрацаваны алфавіт на аснове в’етнамскай лацінскай графікі.