Талсто́ўства[1] — рэлігійна-філасофскі ўтапічны кірунак у грамадскай думцы Расіі ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя.
Талстоўства ўзнікла ў Расійскай імперыі ў 1880-х гадах пад уплывам ідэй Л. М. Талстога, якія ён выклаў у творах «Споведзь» (1884), «У чым мая вера?» (1884), «Крэйцарава саната» і іншых. Талстоўцы прапаведавалі «усеагульную любоў», «несупраціўленне злу насіллем», планавалі пераўтварэнне грамадства шляхам рэлігійна-маральнага самаўдасканалення, трактавалі хрысціянства як этычнае вучэнне, прапагандавалі першынство Евангелля перад Бібліяй, адмаўленне ад дасягненняў цывілізацыі, ад ваеннай службы і захоўвання зброі, шэраг абмежаванняў у харчаванні (адмова да табаку, алкаголю, мяса), адмаўленне ад эксплуатацыі жывёлы ў гаспадарцы) і інш. Ідэі талстоўцаў падтрымалі духаборы.
Талстоўцы вялі асветніцкую дзейнасць. У 1884 годзе У. Р. Чартковым і П. І. Біруковым было створана выдавецтва «Пасрэднік», якое выдавала кнігі для народа (творы Л. М. Талстога, А. П. Чэхава, Г. І. Успенскага і іншых аўтараў), дапаможнікі па аграноміі, ветэрынарыі, гігіене.
У Сімбірскай, Цвярской, Харкаўскай губернях, у Закаўказзі ўзніклі абшчыны талстоўцаў («культурныя скіты»), якія займаліся пераважна гаспадаркай. Ідэі талстоўства мелі паслядоўнікаў у Заходняй Еўропе, Японіі, Індыі[1][2]. У 1880—1900 гадах рабіліся спробы стварэння талстоўскіх абшчын у Англіі і Паўночнай Афрыцы[1][2].
Крытыка талстоўцамі праваслаўнай царквы, афіцыйнай рэлігіі, пропаведзь ураўняльных прынцыпаў, збліжэнне з сектантамі (малаканства, духаборства, штундызм[1]) выклікалі незадавальненне ўлад і царквы, і у 1897 годзе талстоўства было абвешчана непажаданай сектай. У 1901 годзе Леў Талстой быў адлучаны ад царквы, яго паслядоўнікаў арыштавалі і адправілі ў ссылку[1]. У 1920—1930-х гадах большасць абшчын талстоўцаў у Савецкай Расіі былі знішчаны, іх члены рэпрэсаваныя[3]. Разрозненыя абшчыны існавалі да 1980-х гадоў[3]. З 1992 года традыцыі талстоўства падтрымлівала рэлігійная асацыяцыя «Духоўнае адзінства»[3].