Тафільдыя чашачкавая, тафільдыя чашакветкавая[3] (Tofieldia calyculata) — кветкавая травяністая расліна роду Тафільдыя (Tofieldia) сямейства Тафільдыевыя (Tofieldiaceae), распаўсюджаная ў Еўропе. Этымалогія: грэч. καλυξ — «кубачак», лац.: ula — памяншальны суфікс, лац.: atus — суфікс, паказвае на прыналежнасць або падабенства чаго-небудзь.
Шматгадовая расліна 10—35 см вышынёй. Расліна з кароткім карэнішчам. Сцябло прамое, амаль бязлістае (2—3 маленькія лісткі). Лісце простае, суцэльнае, збліжанае пры аснове сцябла, лінейна-мечападобнае, з гладкім краем. Суквецце каласападобнае, 4—6 (10) см даўжынёй; прыкветкаў 2: ланцэтападобны ля асновы кветаножкі і 3-лопасцевы каля аснасновы калякветніка. Кветкі дробныя, жаўтлява-белыя, з 6[4] пялёсткамі. Плод — 3-гнёздавая каробачка.
Распаўсюджанне: Аўстрыя, Прыбалтыка, Беларусь, цэнтральна-еўрапейская Расія, Чэхія, Славакія, Францыя, Германія, Італія, Польшча, Румынія, Іспанія, Швецыя, Швейцарыя, Украіна, былая Югаславія[5].
На тэрыторыі Украіны расце на лугах, вільготных травяністых схілах — у Прыкарпацці, на Палессі, зрэдку. Ахоўваецца.
Святлолюбівая расліна, мезафіт, гіграфіт, алігатроф, мезатроф[4].
Зноскі