Трапасфе́ра[1][2] (стар.-грэч.: τρόπος — «паварот», «змена» і σφαῖρα — «шар») — ніжні, найбольш вывучаны слой атмасферы.
У гэтым слоі тэмпература з вышынёй памяншаецца, а вертыкальны градыент тэмпературы ў сярэднім складае 0,6 °C на 100 м змянення вышыні. Гэта тлумачыцца тым, што трапасфера атрымлівае цяпло ад зямной паверхні шляхам турбулентнага цеплаабмену, інтэнсіўнасць якога з падняццем уверх паступова змяншаецца. Магутнасць трапасферы змяняецца і залежыць ад шыраты, пары году і цэнтрабежнай сілы вярчэння Зямлі. У тропіках гэты слой мае магутнасць 15 — 17 км, ва ўмераных шыротах 10—12 км, над палюсамі — 8—9 км.
У трапасферы сярэднегадавая тэмпература ў экватарыяльных шыротах змяншаецца з вышынёй ад +26 °C каля зямной паверхні да −80 °C на верхняй мяжы; ва ўмераных шыротах — ад +3 °C да −54…-58 °C; над Паўночным полюсам — ад −23 °C да −60 °C зімою і да −48 °C летам.
У трапасферы сканцэнтравана больш 80 % усёй масы атмасфернага паветра, моцна развітыя турбулентнасць і канвекцыя, сканцэнтравана пераважная частка вадзянога пара, узнікаюць аблокі, фармуюцца атмасферныя франты, развіваюцца цыклоны і антыцыклоны, а таксама іншыя працэсы, якія вызначаюць надвор’е і клімат.
Верхні слой трапасферы, у якім зніжэнне тэмпературы з вышынёй спыняецца, называюць трапапаўзай. Наступны, размешчаны вышэй трапасферы, слой атмасферы называецца стратасфера.
Па ступені ўздзеяння зямной паверхні на атмасферу ў яе межах вылучаюць прыземны слой, памежны слой (слой трэння) і свабодную атмасферу. Да памежнага адносяць ніжні слой трапасферы, прылеглы да зямной паверхні, уласцівасці якога вызначаюцца тэрмічным і дынамічным уздзеяннем падсцілаючай паверхні. Магутнасць памежнага слою трэння складае 1—1,5 км і залежыць ад шурпатасці падсцілаючай паверхні і інтэнсіўнасці турбулентнага перамешвання. Унутры памежнага слоя вылучаюць прыземны слой атмасферы, які характарызуецца стракатасцю мікракліматычных умоў, што адлюстроўваюць ландшафтную разнастайнасць тэрыторыі.
Вышэй 1—1,5 км знаходзіцца свабодная атмасфера. З-за малых вертыкальных градыентаў хуткасці ветру трэнне Зямлі ў свабоднай атмасферы амаль не сказваецца.