Трыгла́ў (лац.: Triglav) — бажаство ў міфалогіі балтыйскіх славян.
Паказваецца альбо як трохгаловы чалавек, альбо як чалавек з трыма казлінымі галовамі. Галовы сімвалізавалі ягоную ўладу над трыма царствамі: небам, зямлёй і падземным светам[1]. Да атрыбутаў Трыглава належаць чорны конь і дуб. Падчас варажбы жрацы тройчы вадзілі каня, які павінен быў прадказваць будучыню, праз дзевяць дзідаў, пакладзеных на зямлю.
Магчыма, у асобе Трыглава аб'яднаныя тры галоўныя ідалы славянскай міфалогіі, якімі першапачаткова з'яўляліся Сварог, Пярун і Даждзьбог. У некаторых славянскіх плямёнаў Даждзьбога пазней замяніў Святавіт або Вялес.
Некаторыя даследчыкі звязваюць Трыглава з іншым славянскім бажаством Траянам[2].
На тэрыторыі Беларусі абломак трохтварага ідала знойдзены паблізу вёскі Багуслаўцы Пружанскага раёна і ля вёскі Млыны Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці[1].
Паводле некаторых меркаванняў, горы Трыглаў у Славеніі і Троглаў у Босніі і Герцагавіне названыя ў гонар Трыглава. Таксама яго імя носіць астэроід 2522 Трыглаў.
Трыглаў (міфалогія) на Вікісховішчы |