Трыснёг звычайны[1][2], трыснёг паўднёвы[2] (Phragmites australis) — кветкавая расліна, самы вядомы і распаўсюджаны від роду Трыснёг (Phragmites) сямейства Метлюжковыя (Poaceae).
Высокая (вышэй за 2 м, да 5[2] м) шматгадоваятравяністая расліна. Сцябло прамастойнае, пустое, са шматлікімі вузламі.
Акрамя прамастаячых шыза-зялёных сцяблоў, развітыя яшчэ і паўзучыя парасткі.
Лісце чаргаванае, шчыльнае цёмна-зялёнае, жорсткае, па краі шурпатае; язычка няма, замест яго шэраг валасінак.
Сцябло заканчваецца буйной (да 30 см), развесістай, густой мяцёлкай, з цёмна-бураватымі або фіялетавымі каласкамі. Лінейна-ланцэтныя, сплюснутыя каласкі ўтрымліваюць па 3—7 кветак, з якіх ніжнія мужчынскія, а верхнія абодваполыя. Цвіце з ліпеня па верасень. Плод — зярняўка эліпсоіднай формы.
Выкарыстоўваецца на подсціл жывёле, у вытворчасці спірту, паперы, будаўнічых матэрыялаў, у хімічнай прамысловасці і ў якасці паліва. Расліна здольная збіраць некаторыя забруджвальныя рэчывы, памяншаць колькасць змытых у вадаёмы ўгнаенняў. Маладыя часткі раслін — корм, а зараснікі — сховішча для птушак і месца іх гнездавання.