Ты́мія (Timmia) — род брыевых імхоў сямейства Тыміевыя (Timmiaceae). Названы ў гонар нямецкага батаніка І. К. Тыма (ням.: Joachim Christian Timm[4][2].
Шматгадовыя аднадомныя і двухдомныя лістасцябловыя імхі. Утвараюць больш ці менш рыхлыя, жорсткія, лямцавыя ўнутры дзярнінкі, ад ярка-зялёнага да буравата-зялёнага колеру. Сцябло да 20 см у даўжыню, прамое або ўзыходнае, простае або разгалінаванае ў верхняй частцы, густа, у шмат радоў пакрытае лісцем. Лісце похвеннае, з прамой або адагнутай верхняй часткай, ад падоўжана-ланцэтнай да лінейна-ланцэтнай формы, пільчастае, з магутнай жылкай, якая канчаецца пад верхавінай ліста або выступае з яе. Спарангій адзіночны, верхавінны, з прамастойнай доўгай чырвонай ножкай. Каробачка ад нахіленай да павіслай, з кароткай шыйкай, выцягнута-эліпсоідная або яйцападобная, з падвойным перыстомам і свабодным вострым або бародаўчатым вечкам. Сухая каробачка падоўжна-рабрыстая або маршчыністая. Каўпачок клабукападобнай формы, доўгі і вузкі, часта застаецца на ножцы.
Імхі роду распаўсюджаны па ўмераных і халодных абласцях паўночнага паўшар’я (у гарах дасягаюць поўдня Мексікі і Гімалаяў[2]). Растуць на глебе, камянях, часам на паваленых дрэвах. На тэрыторыі Беларусі на балотах зрэдку сустракаецца тымія мекленбургская (Timmia megapolitana).
Род налічвае 6 відаў (4 віды, 1 падвід і 1 разнавіднасць[2]). Паводле сайта The World Flora Online 8 відаў[1]:
- Млынарчык М. П. Ты́мія // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1986. — С. 129. — 583 с., іл. — 10 000 экз.
- Род Тиммия — Timmia Hedw. // Водоросли, лишайники и мохообразные СССР (руск.) / Л. В. Гарибова, Ю. К. Дундин, Т. Ф. Коптяева, В. Р. Филин; [Отв. ред. М. В. Горленко]. — Москва: Мысль, 1978. — С. 288—289. — 365 с. — (Справочники-определители географа и путешественника). — 80 000 экз.