Тэкставы працэсар — камп’ютарная праграма для стварэння і мадыфікацыі тэкставых дакументаў, кампаноўкі макета тэксту і папярэдняга прагляду дакументаў у тым выглядзе, як яны будуць надрукаваны (уласцівасць, вядомая як WYSIWYG)[1].
Сучасныя тэкставыя працэсары, акрамя фарматавання шрыфтоў і абзацаў, праверкі арфаграфіі, уключаюць магчымасці, раней уласцівыя толькі настольным выдавецкім сістэмам, у тым ліку стварэнне табліц і ўстаўку графічных выяў[1].
Тэкставымі працэсарамі ў 1970-я—1980-я гады называлі прызначаныя для набору і друку тэкстаў машыны індывідуальнага і офіснага выкарыстання, складзеныя з клавіятуры, убудаванага камп’ютара для прасцейшага рэдагавання тэксту, а таксама электрычнай друкавальнай прылады. Пазней найменне «тэкставы працэсар» стала выкарыстоўвацца для камп’ютарных праграм, прызначаных для аналагічнага выкарыстання.
Праграмы для працы з тэкстамі можна падзяліць на тэкставыя рэдактары, тэкставыя працэсары і выдавецкія сістэмы.