Франкафонскія гульні (фр.: Jeux de la Francophonie) — міжнарожныя спаборніцтвы, якія праходзяць з 1989 года пры ўдзеле краін — членаў арганізацыі «Франкафонія» (у тым ліку дзяржаў-назіральнікаў)[1].
Пастанова аб правядзенні Франкафонскіх гульняў была прынята ў 1987 годзе на саміце краін Франкафоніі ў Квебеку (Канада)[1]. Гульні праходзяць раз у чатыры гады, у год, які ідзе за алімпійскім, і ўключаюць, падобна Алімпійскім гульням старажытнасці, як спартыўныя спаборніцтвы, так і спаборніцтвы ў розных відах мастацтва. Месцам правядзення кожных другіх Франкафонскіх гульняў, згодна з першапачатковай задумай, абіраецца краіна, якая не ўваходзіць у лік развітых[2]. Акрамя таго, звычайна чаргуюцца паўночныя і паўднёвыя краіны. Парадак быў парушаны ў ходзе падрыхтоўкі да IX Франкафонскіх гульняў, калі канадская правінцыя Нью-Брансуік, якая павінна была іх праводзіць, адмовілася ад гэтага права. Пасля таго, як у сваю чаргу адмовіліся Шэрбрук (Канада) і Нант (Францыя), правядзенне ўзяла на сябе Дэмакратычная Рэспубліка Конга[3]. Узрост удзельнікаў гульняў абмежаваны дыяпазонам ад 18 да 35 гадоў[1]. У выпадку краін, дзе па-французску размаўляе толькі частка насельніцтва (у тым ліку Бельгія і Канада), да ўдзелу ў гульнях дапускаюцца толькі прадстаўнікі гэтай катэгорыі насельніцтва[4].
Гульні | Год | Месца правядзення | Дэлегацый | Удзельнікаў |
---|---|---|---|---|
I | 1989 | Касабланка/Рабат | 38 | 1700 |
II | 1994 | Парыж | 45 | 2700 |
III | 1997 | Антананарыву | 30 | 2300 |
IV | 2001 | Атава/Хал | 51 | 2400 |
V | 2005 | Ніямей | 44 | 2500 |
VI | 2009 | Бейрут | 40 | 2500 |
VII | 2013 | Ніца | 54 | 3200 |
VIII | 2017 | Абіджан | 53 | 4000 |
IX | 2021 | Кіншаса |
Гульні спрыяюць культурнай разнастайнасці, дасканаласці і салідарнасці, з’яўляючыся часткай арыгінальнай і ўнікальнай канцэпцыі, якая аб’ядноўвае франкамоўную моладзь, якая займаецца мастацтвам і спортам. Мэта гульняў — пашыраць у франкамоўных краінах веданне французскай мовы, адкрываць таленты ў мастацтве і спорце, спрыяць умацаванню міжнародных сувязяў[5].
Гэта адзіныя буйныя міжнародныя гульні, у якіх прадстаўлены як культурныя, так і спартыўныя падзеі. Гульні прапануюць выключную магчымасць прадэманстраваць шырыню і арыгінальнасць французскай культуры, а таксама спартыўныя і артыстычныя таленты ў франкамоўных краінах па ўсяму свету. Франкафонскія гульні арганізуе Міжнародны камітэт Гульняў франкамоўных краін (CIJF) і Камітэт краіны-арганізатара (CNJF) пад эгідай OIF[6].
Гульні ўключаюць як спартыўныя спаборніцтвы, так і культурныя мерапрыемствы па наступным дысцыплінам: песня; вусныя гісторыі і апавяданні; творчы танец; жангляванне мячом; хіп-хоп (танец); гіганцкія лялькі; літаратура (новыя творы); жывапіс і скульптура/інсталяцыя; фатаграфіі і лічбавая творчасць.