Чарніла — водны раствор якога-небудзь каляровага рэчыва, прызначанага для пісання.
Доўгі час (з найстаражытнейшых часоў да сярэдзіны XIX стагоддзя) чарніла было асобным[1] ад пісчага інструмента матэрыялам для пісьма — яно захоўвалася ў спецыяльнай ёмістасці, чарніліцы, куды той, хто пісаў, мачаў кончык пяра ці расшчэпленай трысціны.
У наш час з чарнілам часцей за ўсё сутыкаюцца пры працы з пячаткамі і штампамі, механічнымі самапісцамі, пры пісьме аўтаручкамі. Асобна варта згадаць выяўленчае мастацтва і дызайнерскія працы, дзе чарніла можна выкарыстоўваць для многіх тэхнік рысунку і адціскання штампаў.
Да нашага часу таксама выкарыстоўваецца пры афармленні асабліва важных дакументаў, напрыклад, у органах улады і ў натарыяце, чарніла для пісьма пяром, прыгатаванае па адмысловых рэцэптах.
У беларускай мове слова чарніла паходзіць ад слова чорны (як і ў шэрагу іншых моў: грэч. Μελάνη, фінск.: musta, шведск.: bläck), але гэта слова вельмі рана падверглася дээтымалагізацыі: з даўніх часоў вядома чарніла розных колераў.