Ша́бельнік балотны[1][2] (Comarum palustre) — від кветкавых раслін роду Шабельнік (Comarum) сямейства Ружавыя (Rosaceae). Беларускія народныя назвы — балотная ружа, ракаўнік, бацяновыя ножкі[2].
Шматгадоваятравяністая расліна з доўгім паўзучым карэнішчам, пакрытым валаскамі. Сцёблы прыўзнятыя, з валаскамі і залозкамі ў верхняй частцы. Лісце чаргаванае па даўжыні сцябла, няпарнаперыстае, на доўгіх чаранках. Долі ліста простыя, завостраныя, з пілаватым краем. Кветкі цёмна-чырвонага колеру з фіялетавым ці ліловым адценнем, па 2—5 у шчыткападобных суквеццях. Плод — шматарэшак.
Расліна сустракаецца на тэрыторыі Еўразіі і Паўночнай Амерыкі[7]. Расце на нізінных балотах, забалочаных лугах, па берагах вадаёмаў, у забалочаных лясах. Святлолюбівая расліна, патрабавальная да наяўнасці пажыўных рэчываў у глебе і ўмерана патрабавальная да яе мінеральнага складу[8].