Шумеры † | |
Барадаты мужчына (Урук, 3300 г. да н.э.)
| |
Агульная колькасць | |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Шумер |
Мова | шумерская мова |
Рэлігія | політэізм |
Блізкія этнічныя групы |
Шуме́ры † — старажытны народ, які насяляў паўднёвую Месапатамію ў 4 — 2 тысячагоддзях да н. э.
Мелі самастойную мову, роднаснасць якой з мовамі іншых груп пакуль не вызначана. З сярэдзіны 3 тысячагоддзя да н. э. пачаўся паступовы працэс выцяснення шумерскай мовы і асіміляцыі шумераў акадцамі, які завяршыўся ў першай палове 2 тысячагоддзя да н. э.
Шумеры — стваральнікі клінапісу і пісаных законаў, вынаходнікі ганчарнага кола, плуга, аркі, купала, меднага і бронзавага ліцця, клёпкі і пайкі, гравіроўкі і інкрустацыі. Шумеры былі стваральнікамі адной з першых развітых цывілізацый у гісторыі чалавецтва. Іх багатая духоўная і матэрыяльная культура паслужыла асновай для развіцця культур пазнейшых цывілізацый Месапатаміі.
Назва шумеры ў дачыненні да старажытнага народа паўднёвай Месапатаміі, які папярэднічаў акадцам, была прапанавана 17 студзеня 1869 г. філолагам Юліўсам Опертам і ў нашы дні шырока ўжываецца ў навуцы[1]. Падставай для гэтага стала згадка ў акадскіх тэкстах пра Шумер, які быў прыняты за назву краіны. У нашы дні некаторыя даследчыкі лічаць, што Шумер мог быць толькі пэўнай мясцовасцю.
У шумерскіх тэкстах насельнікі паўднёвай і цэнтральнай Месапатаміі аднолькава называюцца sag-gig-ga (літаральна "чорнагаловыя"), але гэта назва тычыцца як асабіста шумераў, так і акадцаў. Калі шумер жадаў супрацьпаставіць сваю краіну іншым, то даваў ёй найменне kalam[2]. Найчасцей шумеры вызначалі сябе па прыналежнасці да пэўнага горада-дзяржавы і называлі сябе яго дзецьмі.
Паводле старажытнай шумерскай паэмы "Энума Эліш" першыя людзі былі створаны з божай крыві і гліны[3]. Першасным месцам іх пасялення была Месапатамія[4]. У эпасе пра Гільгамеша месцам нараджэння жыцця названы Дыльмун, які сучасныя даследчыкі атаясняюць з Бахрэйнам[5]. Археалагічныя даследаванні паказваюць, што з'яўленне шумераў на Бахрэйне магло быць больш познім, чым у Месапатаміі.
Навукоўцы вылучаюць 2 супрацьлеглыя групы гіпотэз пра паходжанне шумераў. Прыхільнікі першай лічаць, што шумеры — абарыгены паўднёвай Месапатаміі, непасрэдна звязаныя з Убейдскім перыядам (6 - 5 тысячагоддзі да н. э.)[6]. Ускосна гэта пацвярджаецца антрапалагічнымі дадзенымі[7]. Аднак большасць навукоўцаў лічыць шумераў нашчадкамі старажытных мігрантаў. Нават тыя вучоныя, хто лічыў шумераў першапасяленцамі паўднёвай Месапатаміі, імкнуліся знайсці іншую іх прарадзіму. Доказам прыводзяць міфалогію і рэлігію шумераў, а таксама лінгвістычныя дадзеныя, імкнуцца знайсці падабенства мовы шумераў з фіна-ўгорскімі[8][9], цюркскімі мовамі[10][11], мунда[12] і г. д. У выніку сярод прыхільнікаў другой групы гіпотэз склалася так званая "шумерская праблема" [13] іх паходжання, далёкая ад вырашэння.
Генетыкі лічаць, што сучаснае насельніцтва паўднёва-ўсходняга Ірака захоўвае генетычную спадчыну шумераў[14].
Асноўным заняткам шумераў была сельская гаспадарка. Каб стала займацца земляробствам у ніжняй плыні Еўфрата і Тыгра, шумеры былі вымушаны ўдасканальваць ірыгацыйную сістэму, капаць каналы, ствараць вадасховішчы. Каналы таксама з'яўляліся важнымі транспартнымі шляхамі для забеспячэння гарадоў прадуктамі. Паколькі берагі Тыгра высокія, а ў шумераў не мелася прыстасаванняў для пад'ёму вады, то каналы звычайна вяліся ад Еўфрата[15]. Для абароны палеткаў стваралі штучныя зялёныя насаджэнні.
Большая частка апрацаванай зямлі кантралявалася абшчынамі. Акрамя таго, існавалі храмавыя гаспадаркі, дзе зямля падзялялася на тры катэгорыі[16]:
Шумеры вырошчвалі збожжавыя культуры, садавіну і гародніну. Асабліва важнае значэнне мелі ячмень і фінікавая пальма, прыстасаваныя да глебаў з высокім утрыманняў соляў. Зямлю апрацоўвалі з дапамогай матыкі і плуга, да якога ў залежнасці ад тыпу апрацоўкі мацаваліся здымныя лямешы і прылады для сяўбы[17]. У буйных храмавых гаспадарках існавалі падзел працы і спецыялізацыя.
Шумеры трымалі кароў, авечак, коз, свіней, аслоў[18]. Быкі служылі цяглай сілай падчас сяўбы. Аслы ўжываліся пры транспарціроўцы грузаў па зямлі. Дадатковымі формамі здабычы ежы з'яўляліся паляванне і рыбалоўства.
Ужо ў 3 тысячагоддзі да н. э. рамяство і гандаль вылучыліся ў якасці самастойных гаспадарчых заняткаў. У храмавых спісах названы прадстаўнікі такіх прафесій, як каваль, апрацоўшчык медзі, гарбар, цясляр, ювелір, ганчар, ткач і інш.[19] Яны працавалі за харч і магчымасць карыстацца храмавай зямлёй. Гандаль дазваляў абменьваць лішкі харчовых прадуктаў на тавары, якіх востра не хапала ў Шумеры: металы, драўніну, каштоўныя камяні і г. д. Наземныя шляхі звязвалі Шумер з Іранскім нагор'ем і Малой Азіяй. Рачныя і марскія — з краінамі Персідскага заліва. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што шумеры падтрымлівалі гандлёвыя сувязі нават з прадстаўнікамі Індскай цывілізацыі[20].
Архітэктурныя традыцыі Шумера пачалі фарміравацца ўжо ў Убейдскі перыяд. У прыватнасці, узніклі храмавыя пабудовы на платформе з неабпаленай цэглы[21]. У 3 тысячагоддзі да н. э. адбыўся працэс урбанізацыі, у выніку чаго ўзніклі гарады. Археалагічныя раскопкі звычайна арганізуюцца на месцы гарадоў, таму большасць сучасных ведаў тычацца менавіта гарадской архітэктуры.
Першапачаткова шумеры жылі ў трысняговых хацінах, але з развіццём гарадской гаспадаркі асноўным будаўнічым матэрыялам стала неабпаленая цэгла. Гарадская забудова была надзвычай шчыльнай, таму жытлы розных сем'яў часцяком падзяляліся толькі сцяной. У большасці не было вокнаў і адтуліна для вентыляцыі. У багатых дамах мог мецца другі паверх без даху, дзе гатавалі ежу і бавілі асноўны час. Першы паверх умяшчаў прыёмную, кухню, туалет і месца для прыслугі[22]. Дамы высакародных будаваліся ў форме літары U. У цэнтры памяшчаўся сад, дзе праводзілі дзень, бо ўнутры дамоў захоўваліся спякота і вільгаць[23]. Мэбля была простай: нізкія крэслы і сталы, некалькі куфраў для захоўвання рэчаў[24]. Дамы фарбавалі ў белы колер, што надавала ім прыемны выгляд.
У 2900 - 2400 гг. да н. э. дамінавалі 2 тыпы храмаў: на платформе і на ўзроўні зямлі[25]. Павелічэнне платформ прывяло да з'яўлення зікуратаў. Але сам храм на вяршыні зікурата заставаўся малым. Найбольш захаваным храмавым комплексам лічыцца Этэменігуру ў Уры. У храмавым будаўніцтве шумеры выкарыстоўвалі драўляныя калоны і аркі.
Гарады ўмацоўваліся цаглянымі мурамі. У горадзе Урук пабудова гарадскога мура прыпісвалася самому Гільгамешу[26]. Яна цягнулася на некалькі кіламетраў, мела ўздымы і тэрасы. Урукскі раён Eanna аддзяляла ўнутраная сцяна. Найдаўжэйшым умацаваннем Шумера быў мур Шульгі, пабудаваны ў XXI ст. да н. э. паміж Тыграм і Еўфратам для абароны ад амарэяў[27].
Асноўную ежу шумераў складалі прадукты земляробства, асабліва збожжавыя культуры. Найбольш важную ролю адыгрываў ячмень. Шумеры таксама вырошчвалі і ўжывалі зерне пшаніцы і проса. З ячменю рабілі хлеб, кашу, пірожныя, піва. Хлеб быў прадметам продажу. Існавалі спецыяльныя хлебапякарні[28]. У хлебныя аладкі дадавалі масла, мёд, зерне кунжуту[29].
У выніку адкрыцця працэсу ферментацыі шумеры навучыліся рабіць са збожжавых культур алкагольныя напоі[30]. На таблетках 4 тысячагоддзя да н. э. можна бачыць людзей, што п'юць праз трысціну піва з агульнай пасудзіны[31]. Распаўсюджанню піва спрыяў дэфіцыт чыстай пітной вады.
Акрамя таго шумеры багата вырошчвалі і спажывалі бабы, часнок, цыбулю, сачавіцу, нут, агуркі, зеляніну салаты, яблыкі, кавуны, слівы, фінікі і г. д. Кунжут, гарчыца і мак[32] выкарыстоўваліся ў якасці прыпраў.
Крыніцай мясных прадуктаў былі як свойскія, так і дзікія жывёлы: козы, авечкі, свінні, каровы, алені, розныя птушкі. Свініна лічылася прысмакам. Зранку елі яйкі. Казінае малако было папулярным напоем. У шумерскіх тэкстах згадваецца каля 50 відаў рыб[33]. Смажаная рыба з'яўлялася важным прадуктам гандлю ў Уры.
Мужчыны і жанчыны апраналі саронгі і спадніцы з авечай скуры коўдрай навыварат. Мужчынскія саронгі апускаліся да каленаў, саронгі і спадніцы жанчын і высакародных — ніжэй. Жанчыны таксама абгортваліся плашчом з аўчыны. З сярэдзіны 3 тысячагоддзя да н. э. ваўняныя тканіны замянілі скуру, на цела апраналі вялікія палатняныя хусткі з фальбонамі і махрамі[34]. Капелюшы рабілі з валенай поўсці.
Мужчыны звычайна галілі галаву, але маглі мець доўгую бараду. Жанчыны аддавалі перавагу доўгім валасам, якія спляталі і абмотвалі вакол галавы. Мужчыны і жанчыны насілі ўпрыгожванні з каляровых металаў, у тым ліку каралі, завушніцы і бранзалеты, упрыгожаныя каштоўнымі і паўкаштоўнымі камянямі[35].
Палітычнай асновай шумерскай цывілізацыі былі гарады-дзяржавы[36], якія праіснавалі ў зменлівым выглядзе да падпарадкавання паўднёвай Месапатаміі Вавілонам. Яны ўяўлялі сабою абшчыны уру. Жыхары горада-дзяржавы называлі сябе яго дзецьмі. Ужо ў канцы 4 тысячагоддзя да н. э. сацыяльны склад шумерскага грамадства быў даволі стракатым. Асноўнае насельніцтва фарміравалі асабіста свабодныя абшчыннікі. Многія з іх адначасова з'яўляліся землеўладальнікамі, прычым вылучаліся заможныя і бедныя сем'і. Падчас вайны яны ўваходзілі ў апалчэнне, яно з'яўлялася асновай войска.
Важнае месца ў паўсядзённым жыцці займалі храмы, вакол якіх літаральна рос горад[37]. Яны валодалі значнымі зямельнымі ўгоддзямі, рабамі, арганізоўвалі школы і рамесныя майстэрні, захоўвалі скарб, што ў цяжкія часы мог траціцца на патрэбы ўсіх абшчыннікаў. Святары налажылі да гарадской эліты, а ў пазнейшы перыяд склалі своеасаблівую замкнёную карпарацыю.
Правіцелі гарадоў зваліся энсі або лугаль[38]. Пакуль даследчыкі спрачаюцца з-за сутнасці гэтых тытулаў. Улада звычайна перадавалася па спадчыне, аднак згадваюцца правіцелі, абраныя абшчыннікамі. Адным з іх быў Уруінімгіна, сацыяльны рэфарматар Лагаша.
На ніжэйшай прыступцы сацыяльнай лесвіцы стаялі рабы. У часы трэцяй дынастыі Ура імі маглі стаць свабодныя абшчыннікі ў выніку рашэння суда, дзеці рабоў, але найчасцей гэта былі іншаземцы, асабліва жанчыны і дзеці. Іх праца выкарыстоўвалася як у храмавых, так і ў прыватных гаспадарках. Разам з гэтым, рабы ніколі не складалі асноўную вытворчую сілу[39]. Поруч з імі працавалі наёмныя і залежныя рабочыя.
Сем'і былі манагамнымі, але заможныя мужчыны часам мелі наложніц. Мужчына заўсёды з'яўляўся гаспадаром сям'і. Адлік сваяцтва вёўся па мужчынскай лініі. Муж меў права на развод, у некаторых выпадках — прадаць жонку і дзяцей у рабства[40]. У багатых сем'ях жанчыны маглі мець сваю прыватную маёмасць і атрымоўваць самастойны прыбытак.
Для засваення складанай сістэмы клінапісу патрабаваліся адукацыйныя ўстановы, таму ў старажытным Шумеры ў гарадах пры храмах ствараліся школы. Вучыліся ў іх пераважна дзеці заможных бацькоў[41]. Асоба настаўніка ummia высока цанілася ў грамадстве. Працэс навучання засноўваўся на завучванні і капіраванні клінапісных тэкстаў. Акрамя пісьма ў школах вывучалі асновы матэматыкі і сельскай гаспадаркі. Ролю навучальных дапаможнікаў маглі выконваць павучэнні, распаўсюджаныя ў шумерскай літаратуры. Для стымулявання вучняў ужываліся хвальба і фізічныя пакаранні.
У выніку назірання за навакольным светам шумеры першымі сістэматызавалі астранамічныя веды, вылучылі задыякальныя сузор'і, стварылі месяцавы каляндар з 12 месяцаў[42]. Кожныя 4 гады ў яго ўстаўлялі дадатковы трынаццаты месяц. Шумерам таксама належала складаная сістэма метралогіі, на фундаменце якой выраслі арыфметыка, алгебра і геаметрыя. У 2700 - 2300 гг. да н. э. з'явіліся злічальныя знакі, табліцы паслядоўных слупкоў, табліцы множання і дзялення, прыклады геаметрычных задач[43]. У якасці асноўнай ўжывалася шасцідзесятковая сістэма падлікаў. Матэматычныя веды мелі выключна прыкладное значэнне. У канцы 4 тысячагоддзя да н. э. быў распрацаваны парадак вылічэння бухгалтарскага рахунку.
Знойдзены шумерскія таблеткі, дзе перадаюцца веды пра фармакалогію і фітатэрапію[44]. Лекары працавалі пры храмах. Іх заступніцай лічылася багіня Гула, адным з сімвалаў якой быў кій, пераплецены змеямі[45].
Старажытны Шумер быў бедны на дрэва і металы, якія завозіліся звонку, аднак яго жыхары навучыліся шырока выкарыстоўваць гліну, з якой выраблялі цэглу, посуд, цыліндрычныя пячаткі, таблеткі для пісьма і нават сярпы[46]. Ганчарства пачало развівацца ў неалітычны перыяд. Да 3 тысячагоддзя да н. э. шумерскія майстры навучыліся вырабляць кераміку высокай якасці. Пасудзіны былі разнастайнымі па форме, выкарыстоўваліся як кухоннае начынне і для захавання збожжа і вадкасцяў.
Шумерскі жывапіс не захаваўся да нашага часу, але важным сведкам развіцця мастацтва з'яўляецца скульптура[47]: стэлы і фрызы дамоў с рэльефамі, тэракотавыя, пясчанікавыя, алебастравыя і бронзавыя фігуркі людзей і жывёл. Акрамя рэльефаў сцены дамоў магла аздабляць мазаіка. На іх маляваліся міфалагічныя і сапраўдныя гістарычныя падзеі. Некаторыя скульптуры пакрываліся серабром і меддзю. Для шумерскіх статуй і выяў характэрна геаметрычнае спрашчэнне формаў[48], што можна патлумачыць або эстэтычнай пераемнасцю, або няўменнем шумерскіх майстроў. Выдатнымі прыкладамі шумерскага мастацтва з'яўляюцца 27 статуй Гудэа з Лагаша, якія дайшлі да нашага часу.
Прыкладнае значэнне мелі цыліндрычныя пячаткі. Яны ўзніклі ў канцы 4 тысячагоддзя да н. э., што супадае са з'яўленнем клінапісу. Іх ужывалі замест асабістага подпісу на гліняных таблетках, будаўнічых матэрыялах, магчыма на мяхах з таварамі. Пячаткі вырабляліся з цвёрдага каменя, натуральнага шкла ці керамікі. Цыліндр пракатвалі па вільготнай гліне. У выніку на ёй заставаўся малюнак з піктаграмай і клінапісам[49]. Малюнкі адлюстроўвалі сацыяльную або рэлігійную сімволіку.
Шумеры любілі песні і музыку, карысталіся такімі музычнымі інструментамі, як арфа, кіфара, флейта, барабан, бразготкі, сістр і г. д. На таблетках з тэкстамі песень знойдзены лічбавыя пазначэнні[50], што кажа пра імкненне запісваць не толькі словы, але і музычны гук. У шумерскіх песнях таксама згадваюцца танцы дзяўчат. У культавай песні, прысвечанай Інане і Думузі, кажацца пра тое, што падчас любоўнага танца дзяўчына акампануе сабе на інструменце[51].
Хаця шумерская пісьмовасць у форме клінапісу вядома з канца 4 тысячагоддзя да н. э., літаратура як самастойны від творчасці ўзнікла толькі ў другой палове 3 тысячагоддзя. Першымі ў канцы раннедынастычнага перыяду (да 2350 г. да н. э.) вылучыліся павучанні, сакральна-эпічныя тэксты, загаворы і валадарскія надпісы[52]. Большая частка захаваных тэкстаў адносіцца да пачатку 2 тысячагоддзя да н. э., хаця творы, запісаныя ў іх, маглі быць створаны значна раней. Відавочна, частка сакральна-эпічных твораў пісалася пры храмах і выкарыстоўвалася для святарскай практыкі. Іншыя перапісваліся ў школах і з'яўляліся своеасаблівымі дапаможнікамі для навучання.
У нашы дні няма агульна прынятага падзелу шумерскай літаратуры па жанрах[53]. Умоўна можна вылучыць:
Мяркуецца, што большасць твораў былі паэтычнымі. Хаця шумерам былі не вядомы рыфма і сілабічнае вершаскладанне, у вершах яны выкарыстоўвалі сінтаксічныя паралелі[54].
Шумерская мова з'яўляецца ізалятам. Яе сувязь з іншымі групамі моў пакуль не пацверджана. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што распаўсюджванню шумерскай мовы ў паўднёвай Месапатаміі папярэднічалі старажытныя так званыя "бананавыя" мовы[55]. Структура слоў ў іх нагадвала англ.: banana: Хумбаба, Энкіду, Ніназу, Ума і г. д. Бананавыя мовы паўплывалі на шумерскую, з іх былі пазычаны некаторыя тапонімы, імёны і назвы прафесій. Аднак у прыхільнікаў існавання "бананавых моў" ёсць сур'ёзныя апаненты.
Распаўсюджанне шумерскай мовы фіксуецца прыкладна з 3200 г. да н. э., калі з'явіліся першыя клінапісныя тэксты. Ужо ў 3 тысячагоддзі да н. э. шумерская мова зведала ўплыў акадскай і пасля кароткага перыяду адраджэння падчас трэцяй дынастыі Ура была выціснута ёю з гутарковай сферы ў першай палове 2 тысячагоддзя да н. э. Аднак, шумерская літаратурная мова працягвала захоўвацца яшчэ доўгі час[56], выкарыстоўвалася ў Вавілоне і Асірыі.
Стандартнай формай шумерскай мовы лічыцца eme-ĝir. У позніх помніках пісьмовасці таксама фіксуецца форма eme-sal, якую адносяць да жаночых персанажаў літаратурных твораў[57]. Такім чынам, шумерская мова магла мець мужчынскую і жаночую форму маўленняў.
Шумерскі клінапіс — найстаражытнейшая форма пісьма[58]. Ён нарадзіўся ў выніку эвалюцыі піктаграм. Прыкладна з 2800 г. да н. э. назіраецца імкненне запісу з дапамогай клінапісу гукаў.
Шумеры на Вікісховішчы |